Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта літаратурызаваная вэрсія рэальнай гісторыі, якая адбылася ў сьнежні 2015 году ў цэнтры Менску. Вечарэла.

– Валя, што гэна за глін... твэйн такі, што зь ім рабіць?

– Іванаўна, адкрываеш пакет, наліваеш у кубак, ставіш у мікрахвалёўку.

Па той бок прылаўку палаткі «прадпрыемства харчаваньня» зьзяе сучасным калядным дызайнам плошча з галоўнай ялінай краіны. За яркімі агнямі сьвяточных канструкцый губляецца ў прыцемках пампэзная позьнесавецкая архітэктура.

– Госпадзі, – уздыхае Іванаўна, гледзячы на канструкцыі-упрыгожваньні на плошчы, – панавыдумляюць абы чаго, раней такога не было.

– Дык гэта як у Эўропе пад іхнае Раство робяць, – тлумачыць Валя.

– Нярускае Ражджаство? А нам нашто?

Валянціна моўчкі паціскае плячыма. Іванаўна тлумачыць, але не ўдакладняе, ці пра канструкцыі, ці пра глінтвэйн:

– У нас такога не было, ні ў вёсцы, ні пасьля як пераехала ў горад.

Валянціна пасьля працяглай паўзы:

– Ну красіва ж!

Цяпер прамоўчвае Іванаўна.

Неўзабаве пасьля пачатку працы падыходзіць першы наведнік:

– О, нічога сабе – глінтвэйн! Можна мне?

Чакае, атрымлівае плястыкавы кубак, адыходзіць, адпівае, моршчыцца, выкідае ў сьметніцу. Сытуацыя паўтараецца з рознымі варыяцыямі. Хтосьці моршчыцца, але дапівае, хтосьці выкідае амаль адразу, кагосьці хапае на палову.

Але праз пэўны час разам зь сябрамі ў цэнтар рушыць Марыля. Кумпанія вяртаецца з заняткаў па чэскай мове. Іхны шпацыр ляжыць міма палатак «прадпрыемства харчаваньня». Як і папярэднія пакупнікі, яны радуюцца, і замаўляюць сабе па кубачку.

– Адразу дзьвесьце грамаў? Гэта дорага! – папярэджвае Іванаўна. Кумпанія настойвае. Марыля першая з наведнікаў за вечар, якая ня толькі моршчыцца, але і рэагуе:

– А чаму глінтвэйн такі... кіслы, і такі халодны?

– Ой, дык я вам яшчэ падагрэю, – гасьцінна гаворыць Іванаўна і зноў ставіць кубак у мікрахвалёўку.

Кумпанія, аслупянеўшы, глядзіць то на пакеты з надпісам «глінтвэйн», то на мікрахвалёўку.

– Я была ў Празе перад Раством, – распавядае камунікабэльная Марыля, – дык там глінтвэйн заўжды гарачы, звараны на месцы і смачны. – Марыля не чакае адказу. Гэта рытарычная рэпліка, ціхі крык душы. Яна крыху адыходзіць ад палаткі і зьвяртаецца ўжо да сяброў:

– Відаць, як у Празе, у нас ня хутка яшчэ будзе. Ладна, у пакетах, ад прадавачак гэта не залежыць, але падаваць ледзь цёплым...

Прадавачка Валя чуе краем вуха рэпліку, але ня ўсю, і падхоплівае радасна:

– Вой, і я была ў Празе! Як там – у нас ня будзе ніколі!

Марылю душыць і зьдзіў, і сьмех, яна зноў паварочваецца да прылаўку:

– Дык а ад каго гэта залежыць?!!

Нямая сцэна.

***

Сябры пэўны час ідуць моўчкі. Нарэшце адзін з кумпаніі прамаўляе:

– Зь іншага боку, мы бачым пачатак. Можа, пакуль няўдала капіююць, але ёсьць надзея, што Эўропа вернецца ў Менск, а? Тая, з даўняй гісторыі, але ў сучаснай афарбоўцы.

Маўчаць.

– А калі будзе не дзяржаўнае «прадпрыемства харчаваньня», а прыватная ініцыятыва?

Сьмяюцца:

– О... Тады шмат чаго будзе! :)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG