Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Алена Брава


Алена Брава

Алена Брава

Алена Брава нарадзілася ў Барысаве. У 1989 скончыла факультэт журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту, пасьля чаго зьехала з мужам-кубінцам і дачкой на Кубу. Уражаньні ад жыцьця на сацыялістычнай Кубе Фідэля Кастра ляглі ў аснову першай кнігі прозы — «Камэнданцкі час для ластавак» (2004), якая была ўганаравана прэміяй «Гліняны Вялес» Таварыства Вольных Літаратараў. Аўтарка апавяданьняў, аповесьцяў, раману, якія друкаваліся ў часопісах Беларусі («Крыніца», «Маладосць», «Полымя», «Нёман», «Дзеяслоў») і Даніі («Новы Бераг») ды выходзілі ў многіх анталёгіях. Аўтарка кніг прозы «Рай даўно перанаселены» (2012), «Дараваньне/ Прощение/ Vergebung» (2013 — зь перакладам на рускую і нямецкую мовы). Ад 2012 кнігі выходзілі ў ЗША, у выдавецтве «Franc-Tireur USA», заснаваным празаікам, перакладчыкам, журналістам і выдаўцом, у мінулым — аўтарам і вядучым праграм «Радыё Свабода» Сяргеем Юр’ененам і Марынай Камі. У 2013 за кнігі «Каханьне ў ценю казарм Манкада», «Спэктакль у чорным тэатры», «Мэнада і яе сатыры» ўзнагароджана літаратурнай прэміяй «Silver Bullet» («Сярэбраная куля») выдавецтва «Franc-Tireur USA». Кнігі ўваходзілі ў лонг- і шорт-ліст літаратурнай прэміі Ежы Гедройца (2013, 2014).

1.Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Пішаш, вядома, таму, што кніга патрабуе ўвасабленьня. Тым ня менш, заўсёды спадзяесься на эмацыйны рэзананс, на сустрэчу з чытачом, які разумее.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

На маёй кухні, раніцай у суботу.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Розныя інгрэдыенты зьмешваюцца аўтарам, каб зьявілася кніга: кроў і жвір, засечкі на дзьвярным вушаку бацькоўскай хаты, смак жалезнай клямкі, якую ён лізнуў на марозе ў дзяцінстве, «муха ля кроплі гарбаты» (назва апавяданьня цікавага празаіка часоў СССР, Фрыдрыха Гарэнштэйна, які, дарэчы, найлепшыя свае творы напісаў у эміграцыі, у Заходнім Берліне). Немагчыма пражыць чужую кнігу, як і чужое жыцьцё.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Ужо даволі працяглы час суадношу сябе з пэрсанажамі Кафкі. І адчуваньні

Цынцыната Ц. з «Запрашэньня на пакараньне сьмерцю» У. Набокава мне заўсёды былі зразумелыя.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Крыста Вольф, Уладзімір Набокаў. Апошнім часам захапілася прозай Сяргея Юр’енена. Сярод беларускіх — Міхась Стральцоў, Юры Станкевіч, Андрэй Федарэнка.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Адначасова некалькі кніг: «Падпарадкаваньне» Мішэля Ўэльбека, «Мэлянхолія генія» — біяграфію Ларса фон Трыера, якую напісаў Нільс Торсэн, і новую кнігу Тацяны Заміроўскай «Вераб’іная рака».

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Пасьля англійскай спэцшколы лёгка чытала ў арыгінале Гэмінгуэя, Шэксьпіра — магчыма, гэтая здольнасьць не канчаткова страчана. Адолею нескладаны твор на гішпанскай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Тая, якой пакуль няма.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Раман, які пішу цяпер.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

У сьне.

XS
SM
MD
LG