Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Павал Сяргей аштрафаваны за «Марш студэнтаў» на 4,5 мільёна


Павал Сяргей у судзе Маскоўскага раёну, 22 сьнежня 2015 году

Павал Сяргей у судзе Маскоўскага раёну, 22 сьнежня 2015 году

Суд Маскоўскага раёну Менску пакараў грамадзкага актывіста штрафам у памеры 25 базавых велічыняў (4,5 мільёна рублёў) за ўдзел у «Маршы студэнтаў» — вулічнай акцыі пратэсту студэнцкай моладзі супраць аплаты пераздачы залікаў і іспытаў, якая адбылася ў Менску 2 сьнежня.

Судзьдзя Тацьцяна Матыль прызнала яго вінаватым у парушэньні ч.1 артыкула 23.34 КаАП аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Павал Сяргей сваёй віны не прызнаў і намераны абскарджваць гэтае рашэньне ў судзе вышэйшай інстанцыі. Ён таксама адзначыў, што ня мае намеру адмаўляцца ад далейшай грамадзкай дзейнасьці.

Раней Павал Сяргей быў актывістам «Маладога фронту», удзельнічаў у розных палітычных акцыях, неаднаразова яго прыцягвалі да адказнасьці. Падчас масавых палітычных вайсковых прызываў, быў забраны ў войска, адслужыў паўтара года, не прымаючы вайсковую прысягу.

Падтрымаць Паўла Сяргея ў судовым працэсе прыйшоў адзін з выкладчыкаў БДУ, які пажадаў не называць свайго імя. Ён паведаміў, што працуе ў ВНУ толькі да новага году, бо пасьля выказваньняў у падтрымку студэнтаў, адміністрацыя БДУ не прадоўжыла зь ім кантракт. Паводле выкладчыка, рэктар ВНУ парушыў Канстытуцыю ў частцы атрыманьня бясплатнай адукацыі, падпісваючы распараджэньне аб платнай пераздачы іспытаў. Гэтым распараджэньнем ён таксама стварыў умовы для карупцыі ў асяродку выкладчыкаў. Ён таксама перакананы, што рэктар БДУ не адпавядае займанай пасадзе, калі адмовіўся сустрэцца са студэнтамі, якія зьвярнуліся да яго, сабраўшы подпісы. Таксама выкладчык расчараваны бязьдзейнасьцю бацькоў студэнтаў, якія будуць вымушаныя кампэнсаваць дадатковыя выдаткі за вучобу сваіх дзяцей. Ён таксама мяркуе, што вінаватымі ў складзенай сытуацыі зьяўляюцца не студэнты, а кіраўніцтва БДУ.

За «Марш студэнтаў» 2 сьнежня былі таксама складзеныя адміністрацыйныя пратаколы на іншых удзельнікаў: Яўгена Амялькова, Глеба Вайкуля. Некаторых студэнтаў, у тым ліку і Глеба Вайкуля, выклікалі на наступны дзень на камісію ў дэканаты БДУ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG