Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Школа нацыянальнага сталеньня»: У «Галіяфах» адкрылі фотавыставу да 30-годзьдзя «Талакі»


Удзельнікі падзеяў прыгадалі, як КДБ спачатку ня ўгледзела ў прыхільніках беларускай незалежнасьці нешта большае за панкаў.

Увечары 22 сьнежня ў кнігарні «Галіяфы», што ў Траецкім прадмесьці Менску, прайшла вечарына і выстава здымкаў Уладзіміра Сапагова, прымеркаваная да 30-годзьдзя моладзевага аб’яднаньня «Талака».

1980-я гады, калі ўзьнікла «Талака», называе шматспадзеўнымі гадамі вядоўца імпрэзы, пісьменьнік Міхась Скобла. Саму «Талаку» ён называе «школай нацыянальнага сталеньня»:

Міхась Скобла

Міхась Скобла

«Калі я сышоў у войска ў 1985 годзе, у Менску было адноснае зацішша, а калі вярнуўся праз два гады, тут ужо віравалі розныя імпрэзы, „талакоўскія“ і „тутэйшаўскія“. Я памятаю, што калі Купальле ў Заслаўі — то гэта „Талака“, калі аднаўленьне бэрнардынскага кляштару, калі Дзьвінскае ралі супраць будаўніцтва ГРЭС — гэта таксама „Талака“, вельмі шмат недазволеных акцыяў. І абавязкова на чале розных мерапрыемстваў былі актывісты „Талакі“, найперш Сяржук Вітушка, якому сёлета споўнілася б 50 год, але якога тры гады ўжо няма з намі».

Падчас імпрэзы. Кася Камоцкая (справа) і Сяргей Скурат

Падчас імпрэзы. Кася Камоцкая (справа) і Сяргей Скурат

«Я ня ведаю, каму прыйшла ў галаву шчасьлівая думка назваць арганізацыю „Талака“, але гэта вельмі ўдалая назва. Бо што такое талака? — Гэта рабіць нешта супольна, — згадвае Скобла. — Гэткія талокі датрывалі ў Заходняй Беларусі дагэтуль. У нас на Зэльвеншчыне і калі хату будуюць, і калі калодзеж капаюць, склікаюць талокі. Калі ўзяць беларускі фальклёр, то пра гэтую калектыўную працу сказана шмат добрых словаў. Напрыклад, адна галавешка ў печы не гарыць, а дзьве і ў полі ня гаснуць. Так гарэла і „Талака“, яна далучала ў сваё вогнішча новых сяброў, ад іх запальваліся іншыя, беларускі маладзёвы рух пашыраўся».

Міхась Скобла і іншыя госьці згадвалі пачатак беларускага самвыдату 80-х, папярэдніцу «Талакі» — «Майстроўню», паплечнікаў «Тутэйшых» і наступныя «Талокі», «Узгор’і», «Паходні» і многія іншыя суполкі, што ўзьнікалі па ўсёй Беларусі. Адна такая суполка, гомельская ГМКГА «Талака», дзейнічае і сёньня. Адзін з заснавальнікаў «Талакі» Вінцук Вячорка прапанаваў ладзіць «парад 30-годзьдзяў» у памяць аб нацыянальным адраджэньні 80-х:

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

«Цяпер кожны год будзе чарговае 30-годзьдзе нечага: удалай акцыі ў абарону Дзьвіны супраць ГРЭС, няўдалай акцыі супраць пракладаньня мэтро проста пад Верхнім горадам, што ўжо прывяло да разбурэньня і прывядзе да яшчэ большага разбурэньня будынкаў. Будуць 30-я ўгодкі стварэньня Канфэдэрацыі беларускіх суполак, абсалютна фантастычнай і дагэтуль неацэненай.

Мы ўсе памятаем спокліч «Талакі», які прыдумаў Вітушка: «Дзе пачую талаку, туды ногі валаку». Гэта быў мабілізацыйны спокліч, а каштоўнасны спокліч — «Каго любіш — люблю Беларусь» Каліноўскага ў першы пэрыяд дзейнасьці, да 87-га, а ў наступны — «Жыве Беларусь». Гэты спокліч вернуты ў беларускую прастору «Талакой», таксама як вернуты бел-чырвона-белы сьцяг. Першая публічная лекцыя, прысьвечаная бел-чырвона-беламу сьцягу, была якраз у «Талацэ» ў 1987 годзе, у залі, дзе цяпер Тэатар эстрады. Можа, калі-небудзь там будзе памятная шыльда са сьцягам.

Скульптар Гэнік Лойка бачыць сябе на фатаздымку

Скульптар Гэнік Лойка бачыць сябе на фатаздымку

Ня ўсё нам тады ўдалося, але ўдалося болей, чым не ўдалося. Пытаюць, як удалося пры камунізьме, у самай «дубовай», «зацэмэнтаванай» так званай рэспубліцы Савецкага саюзу так вось дзейнічаць і паступова вярнуць беларускую ідэю, зрабіць яе моднай і прэстыжнай, заразіць ёй спачатку тысячы, потым дзясяткі і сотні тысяч людзей. Па-першае, канкурэнцыі той ідэі не было. А па-другое, тактычна прамахнулася тагачасная ўлада: нас называлі «нефармаламі». Даводзілася чытаць сацыялягічныя дасьледаваньні: яны дасьледавалі разам аматараў матацыклаў, нацыяналістаў, аматараў поп-музыкі, якія зваліся тады «валністы», турыстаў, аматараў бардаўскай песьні... Вывучалі вонкавыя прыкметы, адносіны з бацькамі і пазашлюбныя адносіны, але не зразумелі, што ёсьць зародак новай Беларусі, у якой месца іхным камсамолам-камунізмам няма і ня будзе.

Наступныя суполкі, як і «Талака», і канфэдэрацыя, карысталіся мадэльлю кіраваньня, якую мы адпрацавалі яшчэ ў «Майстроўні». Яны былі гарызантальныя, сеткавыя, ячэйкавыя, бяз выбраных кіраўнікоў, бяз статусных лідэраў. А гэта значыць, без магчымасьці для спэцслужбаў сеяць інтрыгі, гуляць на чалавечых слабасьцях. За нешта бярэсься — бярыся, рабі, каардынуеш нейкі кірунак — цягні».

Многія госьці сустрэчы знайшлі сябе на здымках Сапагова — а нехта знайшоў сваіх бацькоў. Гэтыя здымкі ўратаваў сябра фатографа Міхаіл Мякіш, нэгатывы і пазытывы гістарычных здымкаў яму перадала камэндантка інтэрнату Трактарнага заводу, дзе да канца жыцьця жыў Уладзімер Сапагоў. Стваральнікі выставы перадалі шэраг здымкаў сайту Свабоды.

Фотавыстава ў «Галіяфах» будзе працаваць да канца году.

Фота з выставы. Талакоўскае Купальле:

Фота з выставы. Дзяды ў Курапатах:

Фільм тэлеканалу «Белсат» пра моладзевае аб'яднаньне «Талака», аўтар — Вячаслаў Ракіцкі:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG