Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнку разам з Назарбаевым прасьцей стрымліваць імпэрскія памкненьні Масквы»


У Маскве 21 сьнежня адбыўся саміт інтэграцыйных постсавеціх структураў АДКБ і ЭўразЭС. Эўразійскі эканамічны саюз існуе ўжо год, ці можна падвесьці нейкія першасныя вынікі дзейнасьці гэтай структуры? Ці ўдаецца афіцыйнаму Менску захоўваць свае геапалітычныя інтарэсы і ўласную зьнешнюю палітыку ў рамках інтэграцыйных аб’яднаньняў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні у перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць Андрэй Фёдараў і Аляксандар Класкоўскі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

«Гэты год аказаўся фактычна правальным для эўразійскай інтэграцыі»

Цыганкоў: У Маскве 21 сьнежня адбыўся саміт інтэграцыйных постсавецкіх структураў АДКБ і ЭўраЭС. Ці ўнесла гэтую сустрэча пэўную яснасьць ў гарачыя тэмы беларуска-расейскіх адносінаў — авіябаза і магчымасьць атрыманьня Беларусьсю крэдыту ад ЭўраЭС? Ці гэтая тэматыка на саміце не гучала?

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Класкоўскі: Па-першае, у Аляксандра Лукашэнкі сьпіс запытаў большы. Гэта ня толькі крэдыт і база, гэта і пытаньне кошту энэргарэсурсаў, якія пастаўляюцца ў Беларусь. Афіцыйны Менск рэфрэнам цьвердзіць, што трэба зьнізіць гэты кошт, бо нафтаперапрацоўка дае ўсё меней прыбытку. А таксама Менску патрэбна ніша для беларускіх тавараў на расейскім рынку.

Але гэтым разам двухбаковай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі не было. І гэта само па сабе паказальна. Я думаю, расейскі прэзыдэнт разумее, што паколькі ягоны беларускі калега «упёрся рогам» у пытаньні авіябазы, то няма сэнсу таўчы ваду ў ступе і потым выглядаць «як мыла зьеўшы». Бо гэта піяраўскі мінус для Пуціна, які малюе сабе крутым лідэрам, а ня можа даціснуць «беларускага васала». А выглядае, што сапраўды пакуль не даціснуў. Для мяне адзін з паказьнікаў — міністар абароны Беларусі Раўкоў даволі ўпэўнена сказаў, што пытаньне пра базу ня вырашана, і можа нават увогуле ня будзе вырашацца. Я думаю, што ў студзені 2016 году, як сьпяшаліся рапатаваць расейскія генэралы, база ў Беларусі яшчэ ня зьявіцца. Пытаньне переносіцца на наступны год, і Крэмль спадзяецца, што патрэба Лукашэнкі ў крэдытах прымусціь яго быць больш згаворлівым.

«Заганнае кола недэмакратычных рэжымаў з неразьвітымі, адсталымі эканомікамі»

Цыганкоў: Эўразійскі эканамічны саюз афіцыйна існуе з 1 студзеня 2015 году. Ці можна падведсці нейкія вынікі існаваньня гэтай структуры? Ці апынулася яна больш выгоднай і карыснай для Беларусі за іншыя інтэграцыйныя структуры?

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Фёдараў: Цікава, што напярэдадні стварэньня гэтай структуры развагаў пра яе патрэбу і карысьць было значна болей, чым зараз, праз год яе існаваньня. І тлумачэньне тут даволі простае — гэты год аказаўся фактычна правальным для гэтай структуры і ўсёй эўразійскай інтэграцыі. Бо ўсе ягоныя члены рэзка зьнізілі свой зьнешнегандлёвы абарот — на чвэрць, на трэць і гэтак далей. Так што хваліцца асабліва няма чым, і пераможныя рэляцыі не гучаць.

Цыганкоў: Таваразварот зьменшыўся толькі са зьнешнімі партнэрамі, ці таксама і ўнутры ЭўразЭС?

Фёдараў: І там, і там. Вядома, ён зьнізіўся ў даляравым эквіваленце — бо ва ўсіх гэтых краінах адбылася вельмі моцная дэвальвацыя.

Цыганкоў: Затое да ЭўразЭС далучыліся новыя сябры — Арменія і Кыргызстан.

Фёдараў: Арменія ў свой час дзеля далучэньня да гэтай структуры адмовілася ад падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам. Але зараз яна вяртаецца да перамоваў з Брусэлем дзеля падпісаньня гэтага пагадненьня.

Класкоўскі: Арменія і Кыргызстан у гэты саюз прыйшлі з працягнутай рукой. Гэта бедныя краіны, якія спадзяюцца на расейскія субсыдыі. Да таго ж у Арменіі неспрыяльная геапалітычная сытуацыя, краіна фактычна знаходзіцца ў блякадзе. А Масква цяпер сама трапіла ў цяжкую эканамічную сытуацыю, і ЭўразЭС ад самога свайго нараджэньня трапіў у яму, крызіс. Атрымалася такое заганнае кола недэмакратычных рэжымаў з неразьвітымі, адсталымі эканомікамі.

У пэўным сэнсе Лукашэнку цяпер ямчэй балянсаваць, чым гэта было ў Саюзнай дзяржаве, калі яго прыпіралі да сьценкі

Цыганкоў: Наколькі для Менску магчымая ўласная зьнешняя палітыка ў рамках гэтых структураў? Ці ўдаецца Менску захоўваць свае геапалітычныя інтарэсы і не заўсёды ісьці ў рэчышчы палітыкі Масквы? Што паказала гісторыя з «асуджэньнем» Турцыі?

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: У пэўным сэнсе Лукашэнку цяпер ямчэй балянсаваць, чым гэта было ў Саюзнай дзяржаве, калі яго прыпіралі да сьценкі. А цяпер, напрыклад, Назарбаеў таксама катэгарычна супраць адзінай валюты і палітычных надбудоў. У гэтым сэнсе ён становіцца сытуацыйным хаўрусьнікам Лукашэнкі.

Сьвежы прыклад — турэцкае пытаньне на саміце. Мяркую, Маскве вельмі хацелася атрымаць нейкую пісьмовую супольную заяву ў падтрымку яе пазыцыі ў канфлікце з Анкарой — але не атрымалася. Гэтыя краіны ня хочуць псаваць адносіны з Анкарой, і Масква апынулася ў ізаляцыі.

Фёдараў: Я цалкам згодны, што разам з Назарбаевым стрымліваць імпэрскія памкненьні Масквы Лукашэнку стала прасьцей. Удваіх яны выступаюць супраць усялякіх палітычных надбудоваў. І зараз, на фоне таго, што ў Масквы ўсё менш магчымасьцяў для эканамічнага ціску — будзе яшчэ прасьцей. Зь іншага боку, ня выключана, што Крэмль захоча кампэнсаваць зьніжэньне магчымасьці эканамічнага ціску ціскам, скажам так, фізычным. І тут невядома, наколькі адэкватна будзе паводзіць сябе расейскае кіраўніцтва.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG