Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Карме мясцовы ідэоляг выклікала міліцыю на незалежных журналістаў


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У раённым цэнтры Карма Гомельскай вобласьці міліцыя затрымала амаль на дзьве гадзіны журналістаў-фрылянсэраў Кастуся Жукоўскага і Аркадзя Малыша.

«Мы здымалі траншэю вадаводу, на якой вялася праца. Прыехала на машыне жанчына, якая назвалася ідэолягам і стала перашкаджаць — заявіла, што безь яе дазволу мы ня маем права нічога здымаць. А пасьля выклікала міліцыю. Нас завезьлі ў аддзел, узялі тлумачэньні. Міліцыянты паводзілі сябе вельмі карэктна. Распараджалася тут найбольш ідэоляг — як высьветлілася, гэта была Тацяна Вяркеенка, часовая выканаўца абавязкаў начальніцы аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Кармянскага райвыканкаму. Заяўляла, што перш, чым нешта здымаць, патрэбна падаць пісьмовую заяўку, і аддзел будзе вырашаць, даць дазвол на здымкі ці не».

Жукоўскі апавёў, што ў Карме маюцца праблемы з вода- і цеплазабесьпячэньнем. Па скарзе жыхароў ён і паехаў з памагатым рыхтаваць інфармацыйны матэрыял на гэтую тэму, маючы пасьведчаньне індывідуальнага прадпрымальніка. У кнізе скаргаў і прапаноў Жукоўскі пакінуў заяву аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў прадстаўніцай ідэалягічнага аддзелу, стварэньні перашкодаў падчас відэаздымак.

Тацяна Вяркеенка — настаўніца расейскай мовы й літаратуры, але ўжо восем гадоў працуе ў ідэалягічным аддзеле райвыканкаму. Яна — намесьніца начальніцы аддзелу, якая цяпер ў адпачынку.

Як патлумачыла спадарыня Вяркеенка службе маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», ні Жукоўскі, ні ягоны напарнік не паказалі ёй ніякіх дакумэнтаў, што яны акрэдытаваныя ў Беларусі як карэспандэнты. І наогул, заяўлялі, што дакумэнты будуць паказваць толькі міліцыі. На яе ж пасьведчаньне дзяржслужбоўцы фрылянсэры адрэагавалі так: «Калі службоўца, то ідзі й служы».

«У кнізе скаргаў і прапаноў Жукоўскі напісаў, што я патрабавала ад яго дакумэнты як ад фізычнай асобы. Я так мяркую: калі ты фізычная асоба і калі ёсьць нейкія пытаньні па праблемах у нашым раёне, то ты маеш поўнае права зьвярнуцца па тлумачэньні ў „адно вакно“, чаму ў нас такая сытуацыя з вадою ці, скажам, з дарогаю — у залежнасьці ад таго, што цікавіць. Але ж ён на гэты конт да нас не зьвяртаўся. А праводзіць здымкі як фізычная асоба, паводле Закону аб СМІ, ён ня мае права. Я ж, як намесьніца начальніка аддзела ідэалёгіі, маю права спытаць, што здымаюць, навошта, маюць альбо не акрэдытацыю. Дзеля чаго здымаюць — для правакацыяў ці нейкіх правакацыйных учынкаў? Калі б мне прад’явілі акрэдытацыю, наагул ня ўзьнікла б ніякіх пытаньняў. А атрымалася так, што ня я задавала пытаньні, а на мяне пайшлі ў атаку. І я запрасіла ўчастковага, які абслугоўвае гэтую тэрыторыю».

У раённым аддзеле міліцыі разабраліся і адвезьлі журналістаў-фрылянсэраў на месца, дзе яны рабілі відэаздымкі. Паводле беларускага заканадаўства, акрэдытацыю павінны мець штатныя прадстаўнікі замежных СМІ, а беларускім журналістам дастаткова пасьведчаньня нацыянальных мэдыяў.

Ніякіх акрэдытацый на здымкі вадаправодаў, іншых камунікацый ды гутарак з жыхарамі не патрабуецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG