Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таксі Uber X прыходзіць у Беларусь і прапануе кіроўцам 900 тысяч у дзень


Для сэрвісу, які можа істотна зьмяніць рынак таксі ў Менску, пачалі шукаць кіроўцаў. Ім прапануюць заробак ад 900 тысяч рублёў у дзень.

Вакансію апублікавала кампанія «Молберг». Сярод патрабаваньняў да кіроўцаў — асабісты аўтамабіль бяз «шашачак», страхавы поліс, стаж кіраваньня ад трох гадоў, грамадзянства РБ. Да працы ў Uber дапускаюцца толькі машыны не старэйшыя за 2011 год і ў добрым візуальным стане.

Пераважныя маркі аўтамабіляў: Nissan Almera, Volkswagen Polo, Hyundai Solaris, Ford Focus, Kia Ceed, Toyota Corolla альбо іх аналягі.

«Молберг» фармальна не належыць да Uber, але мае досьвед супрацы з сэрвісам у іншай краіне. Прадстаўніцтва Uber не пракамэнтавала магчымасьць запуску UberX.

UberX i UberBlack

У лістападзе ў Беларусь прыйшоў сэрвіс UberBlack — гэта машыны прэміюм-клясы, і паездка на іх каштавала на 30-40 працэнтаў даражэй, чым на звычайным таксі. UberX жа займае нішу масавых перавозак — таксоўшчыкі ўсяго сьвету пратэстуюць менавіта супраць гэтага сэрвісу.

Перавагі Uber’у простыя: вы ня плаціце кіроўцы, грошы здымаюцца з вашай карткі. Вы бачыце ўсе рахункі, маршруты і ацэньваеце кіроўцаў. Замаўляецца машына толькі пра інтэрнэт, вы бачыце на мапе, наколькі далёка знаходзіцца ваш аўтамабіль. Такім чынам, выключаецца верагоднасьць таго, што вас падмануць з цаной. Такі падыход падвышае стандарты якасьці абслугоўваньня на цэлым рынку і зьмяншае цэны.

Але цярпяць традыцыйныя перавозчыкі, да таго ж, выключна онлайнавы сэрвіс многім кіроўцам проста незразумелы. Супраць сэрвісу выступаюць і многія эўрапейскія ўрады — незразумела, як абкладаць падаткамі гэтых кіроўцаў, бо фармальна яны працуюць самастойна, а мабільная аплікацыя іх толькі каардынуе. Ёсьць пытаньні бясьпекі і тэхнічнай надзейнасьці транспартных сродкаў.

XS
SM
MD
LG