Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачалося паседжаньне кантактнай групы па Ўкраіне ў закрытым для прэсы рэжыме


Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў ва Ўкраіне
Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў ва Ўкраіне

У сталіцы Беларусі пачалося паседжаньне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на паўднёвым усходзе Ўкраіны, паведамляе ў «Фэйсбуку» Дар’я Аліфэр, прэс-сакратарка ўкраінскага прадстаўніка на перамовах Леаніда Кучмы.

Перамовы ў «Прэзыдэнт-гатэлі» традыцыйна праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме. Перад паседжаньнем адбыліся сустрэчы трох падгруп кантактнай групы: па эканоміцы, па гуманітарных пытаньнях і па пытаньнях бясьпекі.

Раніцай 22 сьнежня спэцпрадстаўнік дзеючага старшыні АБСЭ ў трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдык сустрэўся зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Як паведаміла прэс-служба МЗС, суразмоўцы абмеркавалі дзейнасьць групы і яе тэматычных рабочых груп, а таксама далейшае садзейнічаньне беларускага боку ў арганізацыі працы кантактнай групы. Сёньняшняе паседжаньне кантактнай групы — апошняе ў 2015 годзе.

Як паведаміла напярэдадні Дар’я Аліфэр, 22 сьнежня будзе заслуханая справаздача гуманітарнай падгрупы па вызваленьні палонных, у першую чаргу тых, хто мае вострую патрэбу ў дапамозе ўрачоў. «Украіна ўпэўненая: зусім рэальна дасягнуць істотнага прагрэсу на гэтым паседжаньні — пры наяўнасьці, у першую чаргу, адпаведнай волі ў прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей», — адзначыла прэс-сакратарка Кучмы.

Таксама, па словах Аліфэр, будзе заслухана справаздача прадстаўнікоў Сумеснага цэнтру па кантролі і каардынацыі бакоў аб забесьпячэньні рэжыму спыненьня агню. «Далейшая праца трохбаковай кантактнай групы, у тым ліку і пытаньні для абмеркаваньня на парадку дня, будзе залежаць ад рашэньня лідэраў краін Нармандзкай чацьвёркі», — удакладніла яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG