Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хашчавацкі: Беларусь сёньня не краіна для жыцьця, а краіна для барацьбы


Міт, віртуальнасьць, мыльная опэра, таленавітая хлусьня,— гэтак ацэньваюць экспэрты рэклямны ролік Мінінфармацыі аб Беларусі.

Прэзэнтаваны Міністэрствам інфармацыі відэаролік «Беларусь. Краіна для жыцьця» зроблены вельмі прафэсійна, але зьяўляецца хлусьнёй па сваім зьмесьце. Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказалі экспэрты.

Відэаролік «Беларусь. Краіна для жыцьця», па словах міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, павінен фармаваць пазытыўны імідж Беларусі на міжнароднай арэне.

Тэлежурналіст, кінадакумэнталіст Леанід Міндлін у інтэрвію Свабодзе адзначыў як станоўчы фактар тое, што ў Беларусі зьявіліся людзі, якія здольныя зрабіць высокапрафэсійны відэаролік. Іншая справа — зьмест.

Леанід Міндлін

Леанід Міндлін

«Па форме гэта вельмі прафэсійна зробленая праца. Добрая кампутарная праца, добры мантаж, добрыя прафэсіяналы. Але ўсё гэта апісваецца адным вядомым тэрмінам, прыдуманым калісьці на Захадзе — мыльная опэра. Калі ўлічваць час прэм’еры, то гэта такая тыповая калядная казка пра краіну, дзе малочныя рэкі і кісельныя берагі, і ўсё вельмі добра. Калі казаць аб эфэкце ад роліка, а я ўжо казаў пра гэта і з прафэсіяналамі, і не прафэсіяналамі, то для ўнутранага спажываньня эфэкт будзе проста імкнуцца да нуля. Таму што людзі жывуць у адной рэальнасьці, а гэты ролік паказвае нават не рэальнасьць, а віртуальнасьць. Такія калядныя казкі АТН круціць круглы год — можа горш па якасьці, горш па выкананьні, але, тым ня менш. Калі гэта зроблена для вонкавага спажываньня, то цяжка сказаць, якім будзе эфэкт. Я думаю, што ёсьць прадукцыя значна больш высокага ўзроўню, больш эфэктная. Мне здаецца, што яны зрабілі вялікую памылку чыста сцэнарную, што так гладка ўсе паказалі — трэба заўсёды даваць гледачу задумацца. Нават у рэклямным роліку», — кажа экспэрт.

Гэтыя ацэнкі відэароліку падзяляе і кінарэжысэр Юры Хашчавацкі:

Юры Хашчавацкі

Юры Хашчавацкі

«Выкананьне я б ацаніў на выдатна. Вельмі добрыя здымкі, выдатна задумана і зманціравана. Іншая справа, што гэта ня мае ніякага дачыненьня да рэчаіснасьці наконт таго, што Беларусь — краіна для жыцьця. Каму і навошта патрэбны гэты ролік? Можа, гэта для тых гастарбайтэраў, якія зьяжджаюць з краіны на заробкі, каб яны пасьля гэтага роліка вярнуліся? То бок, гэта прыгожая хлусьня з тэкстам, якія пазбаўлены сэнсаў, і гаворым адно і тое ж».

Па словах Хашчавацкага, ролік, відаць, рабілі таленавітыя маладыя людзі, якім уласьціва жаданьне ствараць фантастычную рэальнасьць.

«Вось вазьміце маладога Эйзенштэйна, які здымаў у свой час фільм „Кастрычнік“, дзе штурмавалі Зімовы палац — ён жа таксама тварыў міт, не разумеючы ўвесь жах таго, што ён робіць. Бо потым на доўгія гады гэты міт, гэты штурм Зімняга палаца, калі лезуць на вароты (чаго не было на самай справе), сталі эксплёатавацца як кінахроніка. Ўлада з дапамогай Эйзенштэйна падтрымлівала ў людзях міт. Я толькі ў сьпелыя гады даведаўся, што нічога падобнага на самай справе не было. Таленавіта пашытая хлусьня — гэта вельмі дрэнна.

Цяпер трэба казаць пра іншае. Пра тое, наколькі цяжка жыць у Беларусі, хто вінаваты ў гэтым, хто да гэтага давёў. А тое, што ў Беларусі прыгожыя жанчыны і дзеці, што гэта наагул Богам пацалаваная зямля — дык гэта мы выдатна ведаем.

Аднак мэта гэтага роліка не паказаць рэальнасьць, а стварыць міт, які абсалютна процілеглы таму, што ёсьць у Беларусі на самой справе. Я маю на ўвазе не людзей, не выдатную зямлю, а створаныя ўладай праблемы. Так што Беларусь сёньня, на жаль, не краіна для жыцьця (хоць я ніколі не хацеў жыць у нейкім іншым месцы), а краіна для барацьбы. Трэба зрабіць такі ролік: Беларусь — краіна для барацьбы за жыцьцё», — адзначыў рэжысэр у размове са Свабодай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG