Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ежа на сьвята з кіеўскага «Ашану» і менскага «Гіпа» — розьніца ў кошце 35%

  • КМ
  • Паўло Зубʼюк

Карэспандэнты Свабоды схадзілі па пакупкі для сьвяточнага стала ў «сярэдні» гіпэрмаркет у Кіеве і Менску, падлічылі выдаткі і зрабілі высновы.

Сьвяточны стол — прыемны навагодні клопат. Праўда, экспэрты папярэджваюць: сёлета пераднавагоднія паходы ў крамы мацней адаб’юцца на сямейным бюджэце, чым летась. Свабода склала сьпіс базавых прадуктаў, безь якіх на сьвяты не абыдзецца ніводная сям’я, і параўнала іх цану ў Менску і Кіеве.

Для аналізу былі абраныя кіўскі гіпэрмаркет «Ашан» і менскі «Гіпа». Для зручнасьці цэны ў грыўнах мы перавялі ў беларускія рублі.

Мяса і рыба

Каўбаса вараная каштуе 47 200 рублёў у Кіеве, у Менску — 52 200. Каўбаса вараная гатунку «Доктарская» ў Кіеве прадаецца за 65 640 рублёў, у Менску прадаюць за 50 900 — навагодняя зьніжка. Курыныя крылы: 23 100 у Кіеве, у Менску — 29 900. Украінская карэйка сьвіная каштуе 65 500, у Менску аналягічныя кавалкі мяса аддаюць за 78 900.

І ў Кіеве, і ў Менску прадаюцца прадукты вытворчасьці «Санта Брэмар». Параўноўваем цэны. Ікра мойвы «Ікрынка» — 17 900 у Кіеве, і 15 200 у Менску. Ікра мойвы «Ікрыма» — 25 700 у Кіеве і 23 600 у Менску.

100 грам чырвонай ікры ў Кіеве каштуюць 32 400, у Менску — 103 100 (праўда, за 130 грам).

Бляшанка самых танных шпротаў у Кіеве — 12 900, у нас — 13 900.

Малочныя прадукты

Францускі сыр тыпу «Камамбэр» у Кіеве прадаецца за 172 200, у Менску — 348 600. Паўлітровая банка згушчонкі ў Кіеве каштуе 12 500, у Менску рагачоўскі прадукт разьліты ў 380-грамовую тару і каштуе 14 500.

Сьмятана: мы ўзялі аб’ём 450 грам і 15-адсоткавую тлустасьць. У Кіеве цана складае 8 100, у Менску — 11 100. За літар малака аднолькавай тлустасьці трэба аддаць 7 000 у Кіеве і 9 200 — у Менску. Кавалак масла 73-працэнтнай тлустасьці ў Кіеве каштуе 13 000 (200 грам) і 17 500 (180 грам) у Менску.

Садавіна і гародніна

За кіло мандарынаў трэба аддаць 21 100 у Кіеве і 23 900 у Менску. Памідоры на галінцы каштуюць 43 900 у Кіеве і 49 900 у Менску. Агуркі зімой дарагія паўсюль, але кошты адрозьніваюцца ў два разы: 27 700 у Кіеве і 55 000 — у Менску. Капуста каштуе 8 100 у Кіеве і 5 200 у менскай краме. Цыбуля: 6 500 і 7 900 адпаведна. Бульба: 4 400 у суседзяў і 7 000 у нас.

Іншыя прадукты

Кіло мясцовага цукру: 11 500 у Кіеве і 12 500 у Менску. Алей: 17 900 у Кіеве і 26 600 у Менску. Дзясятак яек: 17 900 у Кіеве і 21 400 у Менску. 400-грамовы пачак маянэзу будзе каштаваць 7 300 у Кіеве і 16 400 у Менску.

Алькаголь

Шампанскае: 38 200 у Кіеве і 44 900 у Менску. Віно чырвонае паўсалодкае: 25 400 у Кіеве і 67 900 у Менску. Віно белае паўсалодкае: 23 500 у Кіеве і 45 800 у Менску. Гарэлка: 42 300 у Кіеве і 68 100 у Менску.

Безалькагольныя напоі

2-літровы пачак яблычнага соку: 14 200 у Кіеве і 25 800 у Менску. Паўлітра грузінскай мінэральнай вады «Баржомі»: 12 800 у Кіеве і 15 600 — у нас. Паўтаралітровая бутэлька мясцовай мінэралкі: 6 100 у Кіеве і 8 800 у нас. Вялікая бутэлька «Кока-колы» будзе каштаваць 11 900 у Кіеве і 17 400 у нас.

Жывая ялінка ў гаршчку: 148 900 у Кіеве і 234 900 у нас.

У выніку за прапанаваны набор прадуктаў у кіеўскім «Ашане» мы заплацілі 843 800, у менскім «Гіпа» — 1 288 700. Атрымліваецца, што аналягічныя тавары ў Кіеве каштуюць на 35 % менш, чым у Менску. Таньней у менскай краме прадаюцца прадукты «Санта Брэмар», капуста, а таксама каўбаса, якую мы купілі па акцыйнай цане.

Эканаміст Міхал Залескі патлумачыў, чаму ў Менску прадукты каштуюць даражэй:

Міхал Залескі

Міхал Залескі

«У нас такія цэны таму, што людзі згодныя па іх набываць тавары. Калі б людзі не куплялі, то цана б зьніжалася. Значыць, у людзей ёсьць грошы, каб купляць даражэйшыя тавары. А тое, што ў параўнаньні з украінцамі беларусы жывуць някепска, скажа любы чалавек, які наведвае Беларусь. Трэба ўлічваць, што ў Менску рэальны прыбытак на чалавека складае тысячу даляраў, тут сканцэнтраваныя людзі, якія вельмі шмат грошай хаваюць ад дзяржавы. Тут жывуць наркадылеры, прастытуткі, чыноўнікі... Яны ўсе могуць дазволіць сабе купляць тавары па завышаных коштах».

Эканаміст дадаў, што сёлета, паводле ягоных ацэнак, беларусы патрацяць на навагоднія сталы прыкладна на 30 працэнтаў менш, чым у мінулым годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG