Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раней быў адзін пан, а цяпер многа»


Вялікая Машчаніца. Бялыніцкі раён
Вялікая Машчаніца. Бялыніцкі раён

Падарожжа Свабоды ў Вялікую Машчаніцу.

Заўжды, калі езьдзіў у Магілёў, я любіў спыніцца, каб выпіць кавы ў Вялікай Машчаніцы. У кавярні «Мара». Бо аддаю перавагу беларускамоўнаму прыдарожнаму сэрвісу, ды і кухня ў той «Мары» ня самая горшая. І вось «Мара» — а гэта ня толькі кавярня, гэта яшчэ і гатэль, і більярдная — пасьля рэканструкцыі магілёўскай трасы апынуліся ўжо не на галоўнай дарозе, а збоку. На другасным участку. І бачыць звыклы краявід, дзе некалі віравала жыцьцё, а сёньня ніводнага чалавека, вельмі сумна. Драўляныя скульптуры гарманіста і сьпявачкі толькі падкрэсьліваюць самотнасьць гэтай мясьціны. Маім правадніком па Вялікай Машчаніцы пагадзіўся стаць незалежны журналіст і грамадзкі актывіст Барыс Вырвіч.

Абсалютна пусты гатэль. У кавярні мы з Вамі былі адзінымі наведвальнікамі. У краме акрамя нас быў адзін пакупнік. У людзей зараз рэзка зьнізіліся заробкі. На фэрме, дзе катаржная праца, людзі атрымліваюць па два з паловай мільёны.

Мы завіталі ў гатэль, дзе ніхто не жыве. Але дзяжурная, маладая спадарыня, зусім не выглядае няшчасным чалавекам. Эканамічная эміграцыя можа быць і ўнутры краіны. Спадарыня пераехала сюды з Хоцімску. І тутэйшыя праблемы — нішто ў параўнаньні з хоцімскімі.

Муж трапіў сюды па разьмеркаваньні. А у Хоцімску зусім рабіць няма чаго. Там ускраіна. Працаваць няма дзе. Увесь Хоцімск — у Маскве. У бальніцы засталося тры дактары, вобразна кажучы. Няма спэцыялістаў. Хлебазавод закрылі, маслазавод закрылі. Зарплата два з паловай мільёны — гэта максымум. Але найлепшыя месцы занятыя.

Размаляваныя будынкі аграгарадку — усё ж цудоўная карцінка для вока аўтамабіліста, які пралятае і не зьбіраецца спыняцца. Бо калі спыніцца і зазірнуць за фасад гэтай прыгажосьці, дык становіцца не па сабе. Слова пану Барысу Вырвічу.

Гаспадарка сёньня фактычна зьяўляецца банкрутам. Вырашаецца пытаньне, што зь ёй рабіць далей. Гэта вельмі сумна назіраць. Таму, што ў яе былі ўкладзеныя проста шалёныя сродкі. Гэта была гаспадарка Нацыянальнага банку. Холдынг «Мачылішчы». Зараз прыйшоў час плаціць па крэдытах, і высьветлілася, што грошы былі ўкладзеныя без усялякага толку. І па крэдытах няма чым плаціць. Забіраюць тэхніку, атрыманую ў лізінг. Заробкі выплачваюцца зь цяжкасьцямі. Зарплату за верасень аддавалі напачатку лістапада.

Дарэчы, пакуль у Інтэрнэце ідуць баталіі наконт таго, як правільна казаць, «ва Ўкраіне» ці «на Ўкраіне», беларусы даўно ўвялі новую граматычную форму адносна краіны, куды выяжджаюць на заробкі. Я ўжо некалькі гадоў чую толькі «на Расію». «Яе мужык паехаў на Расію». «Даўно пара валіць на Расію». Па-мойму, даўно пара узаконьваць гэтую форму.

Гэты нізкі ўзровень улада падтрымлівае. Бо няма куды падзець гэтых людзей. Нехта будзе гатовы працаваць за два з паловай мільёны. Нехта зьедзе. Тут і так вельмі шмат людзей, асабліва моладзі, едзе на Расію. Там плацяць грошы, за якія тут можна пражыць.

Шпацыраваць з Барысам Вырвічам, палітычным актывістам і сябрам партыі БНФ, вельмі прыемна. Бо Вырвіч яўна карыстаецца аўтарытэтам. І тэма для незалежнай газэты знойдзецца штодня. Зараз мы накіроўваемся ў школу, дзе настаўнікі захацелі пагаварыць пра набалелае. Тутэйшую сярэднюю школу хочуць зрабіць базавай. Школу, па словах немаладога настаўніка, толькі нядаўна адрамантаваную.

Ёсьць школы значна меншыя і больш занядбаныя. А гэтая адрамантаваная. У яе ўкладзеная процьма сродкаў. І гэта няправільна. Мінулы раз, два гады таму, мы школу адстаялі разам з бацькамі. Я ня бачу сэнсу «аптымізаваць» школу зараз. Сюды можна вазіць з усіх гэтых разваленых школ дзяцей і тут займацца, — кажа пан Вырвіч.

Адкуль гэтая дурня я разумею — грошай у бюджэце няма. Ні ў раённым, ні ў абласным. Рэзка зьменшаныя выдаткі абласнога бюджэту. Але яны ня там шукаюць. Хай паглядзяць на колькасьць структур выканаўчай улады. Колькасьць нашых любімых праваахоўных органаў, пажарных, падаткавікоў. Грошы зьявяцца вельмі добрыя і вельмі хутка. Аднак сябе любімых яны чапаць ня хочуць. А выйсьце знаходзяць за кошт вясковых школ. Прычым самых пэрспэктыўных. Якія знаходзяцца ў ідэальным стане.

Былая настаўніца матэматыкі, Ала Усава распавяла мне, адкуль у вёскі такая дзіўная назва.

Тут вось ідзе поплаў каля лесу. Усё было затоплена вадой. І рабілі такія масты, масьцілі, каб езьдзіць. І назвалі Машчаніца. У тым канцы вёскі стаяла карчма. І той канец да гэтае пары называецца «карчомка». Кажуць: «Хадзем на карчомку».

А яшчэ пані Ала ня можа забыць свайго разумнага сьвёкра.

Мой сьвёкар быў несавецкі чалавек. Ён мне казаў: «Чаго я не люблю савецкую ўладу? Усё ж добра. Дзеці вучацца. Але ж не. Тады быў адзін пан, а цяпер многа». «Мы, — кажа, — любілі зямлю. Мы яе цалавалі, мы яе абраблялі. А каля ўлады сталі тыя, хто зямлю не любіў».

А калі Савецкі Саюз скончыцца ў галовах?

Пакуль наша пакаленьне цалкам не сыдзе, Савецкі Саюз не памрэ.

Тыя гарады і мястэчкі, дзе захаваліся незалежныя газэты, вельмі вылучаюцца на агульным беларускім фоне.

Актыўных людзей у рэгіёнах засталіся лічаныя асобы. Моладзь сышла з эканамічных прычын. Амаль усе на Расіі. І большая частка, што самае страшнае, там і застаецца. Яны едуць туды. Хлопцы добрыя, рукастыя, гарэлка ў меру. Расейскія жанчыны гэта бачаць. Хапаюць гэтае дабро — і ўсё.

Незалежныя рэгіянальныя газэты, якія выдаюцца малым накладам на працягу многіх гадоў, стварылі ў сваіх гарадах кола неабыякавых людзей. Гэтыя газэты чытаюцца. І дзякуючы гэтым газэтам абрэвіятура БНФ у гэтых гарадах зусім ня лаянка.

Многія не разумеюць, навошта патрэбныя гэтыя газэткі. Хто іх будзе чытаць? А іх чытаюць. Іх разьмятаюць за дзень. Калі зьнікае дэмакратычная газэта ў рэгіёне, зьнікае і дэмакратычны асяродак, які вакол яе гуртуецца. Таму што звычайна людзі гуртуюцца вакол агульнай справы. Дзе штосьці жывое ёсьць? Бялынічы. Крычаў. Горкі. У гэтых гарадах шмат людзей, зь якімі вітаюцца, якіх распытваюць, і дзякуючы якім у курсе ўсіх спраў.

Калі ў грамадзтве насьпеюць перамены, такія гарады, як Крычаў, як Горкі будуць у авангардзе гэтых перамен. Як і горад Бялынічы, каля якога знаходзіцца вёска Вялікая Машчаніца. Галоўнае, каб у тую цудоўную пару ў Беларусі не засталіся жыць адно толькі драўляныя беларусы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG