Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казакі ў Беларусі бывалі


Belarus - Siarhiej Astraucou
Belarus - Siarhiej Astraucou

Адкуль у Беларусі сёньня такія казацкія настроі? Не было казакоў у нас ніколі! — абурыцца патрыёт. А насамрэч былі.

Калісьці я запісваў успаміны Аляксандра Шыдлоўскага, кампазытара самадзейнага, але які праславіўся выключным рамансам «Колькі ў небе зор». Памятаю, на Беласточчыне прызнаваліся, што вельмі яго любяць там сьпяваць. І дарэчы: Шыдлоўскага звычайна запрашалі туды на штогадовы канцэрт беларускай песьні.

Дык вось: Шыдлоўскі добра ведаў і любіў успамінаць казацкія песьні. Мне здавалася: ну як жа так — чалавек з Заходняй Беларусі былой, вучань Віленскай беларускай гімназіі і — маеш — казацкія песьні любіць. Ён мне патлумачыў: у 1915 годзе ля іхняй вёскі стаялі казакі і яны надта ж добра сьпявалі, любілі гэтую справу. З таго часу ў вёсцы Шыдлоўскага таксама сталі сьпяваць «данскія» песьні.

Але тыя казакі былі сто гадоў таму! Хто аб гэтым сёньня памятае? Мне здавалася: а раптам пасьля вайны на тэрыторыі Беларусі расфармавалі якую-небудзь кавалерыйскую дывізію і «дэмбеля» нарабілі нам казачанят? Ну вось, напрыклад, вызваляла Гарадзеншчыну дывізія генэрала Асьлікоўскага. Прайшла з канца ў канец і толькі яе бачылі. У Лідзе вуліца існавала яго імя, і ў Горадні, здаецца, цяпер таксама назвалі. Быў пазьней вайсковым кансультантам вядомых фільмаў з удзелам кавалерыі: «Вайна і мір», «Ціхі Дон», «Бег», «Няўлоўныя мсьціўцы».

Аднак фактаў масавага выхаду «на гражданку» казацкіх салдат і афіцэраў я не знайшоў.

Затое мне трапіліся на вочы зьвесткі аб рэальнай прысутнасьці ў Беларусі казакоў. Пасьля адступленьня Чырвонай арміі пад Маскву, на беларускай тэрыторыі пачалося стварэньне Данскога казацкага палка ў складзе вэрмахту. Добраахвотнікаў набіралі ў лягерах з ваеннапалоннымі ў Барысаве, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Невелі, Воршы і Смаленску. У Магілёве адразу запісаліся пяцьсот чалавек, прычым чатырыста заявілі, што яны сапраўдныя казакі.

Не выклікае сумневаў, што казакі маглі тады запомніцца беларускаму насельніцтву. А таксама партызанам.

Пазьней быў створаны Казацкі стан, што аб’ядноўваў усіх казакоў, што былі ў вэрмахце і ў войсках СС.

Наступны эпізод: калі ўлетку 1944-га пачалася апэрацыя «Багратыён», Казацкі стан немцы кінулі абараняць раён паміж Наваградкам, Стоўбцамі, Баранавічамі і Слонімам.

Наступ Чырвонай арміі разьвіваўся пасьпяхова, і Казацкі стан вымушаны быў адступіць пад Беласток. Пазьней казакі прымуць удзел у падаўленьні Варшаўскага паўстаньня, захопяць у палон каля пяці тысяч паўстанцаў. І атрымаюць жалезныя крыжы. Але ўсё гэта ўжо будзе адбывацца па-за межамі Беларусі. Такая вось «казацкая» гісторыя. Ці сьпявалі тыя казакі прыгожыя песьні, невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG