Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ні горад, ні вёска, ні сяляне, ні афіцэры», — былыя авіятары з Клімавіцкага раёну пра жыцьцё без авіяцыі


На ўезьдзе ў гарадок сустракаюць летакі на пастамэнтах

На ўезьдзе ў гарадок сустракаюць летакі на пастамэнтах

За часамі Савецкага Саюзу ў Клімавіцкім раёне дысьлякаваўся авіяцыйны полк. Для ваенных авіятараў узьвялі гарадок. Пасьля распаду СССР вайсковая частка перайшла пад расейскае камандаваньне і ў хуткім часе пакінула тэрыторыю Беларусі. Свабода высьвятляла, што засталося ад вайсковага аб’екту, як і чым цяпер жыве авіягарадок і ці спатрэбіўся б аэрадром беларускаму войску?

Былы авіягарадок хавае невялікі сасоньнік. Непадалёк — вёска Барсукі. Трынаццаць кілямэтраў да Крычава. Столькі ж да Клімавічаў. На ўсход цягнецца шаша на Маскву. Дзеля яе абароны і разьмясьцілі на беларускай зямлі на пачатку 1950 гадоў авіяполк зь пяцідзесяці зьнішчальнікаў. Больш за сорак гадоў тутэйшыя мясьціны жылі пад грукат ваенных самалётаў.

Першы з узьведзеных для лётчыкаў дамоў у гарадку, 1955 году будаўніцтва

Першы з узьведзеных для лётчыкаў дамоў у гарадку, 1955 году будаўніцтва

У гутарках з журналістам былыя авіятары з настальгіяй згадваюць тыя часы:

«І праца тут для ўсіх была, а цяпер усе з гэтага гарнізону працуюць па навакольлях. Тут жа працы ніякай няма», — апавядае пра тутэйшае жыцьцё жыхар авіягарадка.

Паводле яго, самалёты пасьля рашэньня пра вывад авіяпалку выправіліся ў Расею. Тэхнічны пэрсанал, пераважна зь беларусаў, расейцам не спатрэбіўся, і яго пакінулі на волю лёсу.

На адным з дачных надзелаў - сьцяг савецкай авіяцыі

На адным з дачных надзелаў - сьцяг савецкай авіяцыі

«Тут жа расейская частка стаяла, — тлумачыць былы авіятар. — Расейцы самалёты забралі сабе, а ўсё астатняе з інфраструктуры, каб не заставалася, узарвалі. З аэрадрому ўзьлётная паласа засталася. Лётчыкі адсюль сышлі разам з самалётамі. Тут аселі пэнсіянэры і тыя, каму не знайшлося месца ў частцы на новым месцы».

«Раней тут было жыцьцё як аазіс у пустыні, — згадвае яшчэ адзін былы авіятар. — З Крычава і з Клімавічаў прыяжджалі да нас, дзівіліся».

«І цяпер, нібыта, агулам тут усё ў парадку. Ні п’янак, ні боек. Народ зьмяніўся, але традыцыяў трымаюцца. Але і непарадку хапае. Злодзеі зьявіліся. Са Смаленшчыны прыехалі хлопцы. Усё крадуць», — кажа жыхар гарадка.

Дарога ў авіягарадок

Дарога ў авіягарадок

«Што мог, народ развалок, што прадавалася — тое прадалі, — даводзяць наступныя суразмоўцы. — А ўсё, што заставалася, дык узарванае. Усё закапана ў зямлю — не пазнаць. Застаўся толькі сам гарадок з усяе інфраструктуры ды самалёты на пастамэнтах».

Раней мы тут былі гаспадарамі, кажуць старажылы авіягарадка. Цяпер жа ад іх патрабуюць платы нават за карыстаньне гаражамі:

«Сьвятло адключаюць, бо мы тут нібыта незаконна маем гаражы. Раней камандзір выдзяляў месцы, а калі перадалі райвыканкаму, мы выявіліся незаконнымі. Трэба ўзаконіць гаражы. Выкупіць зямлю і заплаціць вялікія грошы каму трэба. Калі быў тут гарадок, да нас было зусім іншае стаўленьне, а цяпер мы ні горад, ні вёска, ні сяляне, ні афіцэры».

Колішнія авіятары аселі на зямлі. Цяпер маюць дачныя дзялянкі і свае агароды

Колішнія авіятары аселі на зямлі. Цяпер маюць дачныя дзялянкі і свае агароды

Былыя авіятары зазначаюць, што нагодай для вываду расейскай базы зь Беларусі сталася крыўда на Станіслава Шушкевіча. Ён нібыта запатрабаваў, каб расейскія вайскоўцы плацілі за арэнду зямлі. Неўзабаве пасьля такога патрабаваньня яны і пакінулі Беларусь.

Многім вайскоўцам давялося пабадзяцца па сьвеце ў пошуках занятку:

«Мне давялося паслужыць на Смаленшчыне ў Дзіснагорску, але там таксама скарачэньне пайшло, і я вярнуўся ў родныя мясьціны. І больш сябе нідзе не знайшоў. Сам я зь Беларусі», — апавядае былы супрацоўнік службы тэхнічнага забесьпячэньня авіяцыйнай часткі.

У гарадку дзясятак двухпавярховікаў і адзін пяціпавярховы дом. На ўскрайку — прыватныя сядзібы, гаражы ды адгароджаныя жыхарамі дачныя дзялянкі. На ўезьдзе ў паселішча месьцяцца пастамэнты з трыма самалётамі розных памераў. У гарадку ўсё аўтаномнае — свая кацельня, крамы, клюб.

Адна з вуліц у авіягарадку

Адна з вуліц у авіягарадку

«Раней тут ваенны гарадок закрытым быў. Сюды немагчыма было зайсьці», — далучаецца да гутаркі яшчэ адзін былы супрацоўнік службы вайсковага забесьпячэньня. На ягоную думку, для беларускага войска ўтрыманьне такога аб’екту як тутэйшы аэрадром было б задорага, тым ня менш, зазначае ён, былі намеры яго выкарыстоўваць:

«Тут зьбіраліся беларускі верталётны полк пасадзіць, але нешта ня выйшла. Пазьней хацелі індычыную фабрыку ўзьвесьці. Але ўсё з часам аціхла. Пра тыя намеры і ня згадваюць ужо», — адзначае суразмоўца.

Узьлётная паласа на зьнішчаным аэрадроме

Узьлётная паласа на зьнішчаным аэрадроме

На просьбу журналіста выказаць сваё стаўленьне да намераў разьмясьціць у Беларусі расейскія самалёты былыя авіятары адрэагавалі насьцярожана.

«Дык у Бабруйску ж «сядзяць» расейскія МІГі-25",— рэагуе адзін з былых авіятараў.

Пытаю: дык добра гэта ці кепска. Адказвае з усьмешкай: «Гэтага мы ня ведаем. У Баранавічах расейскі полк жа таксама «сядзіць...»

Такім чынам былыя вайскоўцы абвяргаюць заявы Лукашэнкі, што расейскіх самалётаў у Беларусі няма.

Двое жыхароў авіягарадка пагадзіліся на машыне паказаць, што засталося ад аэрадрому і яго аб’ектаў. Узьлётная паласа за тры кілямэтры ад гарадка. Разьбітай, у калдобінах бэтонкай праяжджаем невялікі малады барок.

Навокал курганы. «Вось тут пахаваны будынак штабу, — паказваюць на адзін з курганоў. — А там былі службы тэхнічнага забесьпячэньня, а там — запраўка для самалётаў».

Разбураны адзін з аб’ектаў аэрадрому

Разбураны адзін з аб’ектаў аэрадрому

Апошні раз суразмоўцы былі на аэрадроме гадоў пяць таму. Некаторыя мясьціны гэтак зарасьлі, што іх авіятары пазнаць не маглі. Узьлётная паласа таксама не вытрымлівае змаганьня з прыродаю — зарастае.

Нібы прывід у лесе воданапорная вежа. Разам з узьлётнай паласой ацалела

Нібы прывід у лесе воданапорная вежа. Разам з узьлётнай паласой ацалела

Зь лесу, нібыта прывід, вырастае воданапорная вежа. Яна адзіная ацалела, калі расейцы нішчылі інфраструктуру авіяцыйнага аб’екту...

Дзьвесьце кілямэтраў ад мяжы з Расеяй няма ніводнай беларускай вайсковай часьці. Аўтобус вязе ў Магілёў праз адселеныя з-за радыяцыі паселішчы, паміраючыя ў занядбаньні вёскі, прыхарошаныя райцэнтры і аграгарадкі. Мясцовыя жыхары кажуць, што нават АМОН прыяжджае наводзіць парадак з абласнога цэнтру. На ўсходзе Магілёўшчыны аб’ектаў вайсковай інфраструктуры няма, альбо яны забытыя ды занядбаныя. З усяе тутэйшай вайсковай тэхнікі: тры летакі на пастамэнце ў авіягарадку, адзін бутафорскі ў Крычаве ды танк на пастамэнце ў Клімавічах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG