Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зь вяртаньнем, дзетка!»: SpaceX пасадзіла ступень Falcon 9, касьмічная ракета стала шматразовай


«Туды і назад»: фота запуску з твітэра Элана Маска

«Туды і назад»: фота запуску з твітэра Элана Маска

Калі ступень ракеты атрымаецца запускаць па некалькі разоў, цана касьмічных палётаў заўважна ўпадзе.

Амэрыканская прыватная касьмічная кампанія SpaceX вынаходніка Элана Маска пасьпяхова пасадзіла першую ступень ракеты Falcon 9. Пра гэта словамі «Зь вяртаньнем, дзетка» паведаміў Элан Маск у Твітэры.

Ракета Falcon 9, з дапамогай якой ужо ня раз ад 2012 году на касьмічным грузавіку SpaceX Dragon дастаўляліся грузы на Міжнародную касьмічную станцыю, на гэты раз вывела на арбіту 11 спадарожнікаў. Звычайныя ракеты пасьля запуску разбураюцца ў шчыльных плястах атмасфэры, яны аднаразовыя. Falcon 9 жа ўпершыню ў гісторыі засталася часткова прыгоднай для паўторнага выкарыстаньня пасьля касьмічнага палёту (раней садзілі хіба субарбітальную ракету), цэлым застаўся рухавік. Гэта значыць, што зь цяперашніх $61,2 млн цана запуску Falcon 9 можа значна ўпасьці.

Ад пачатку году SpaceX некалькі разоў спрабавала пасадзіць першую ступень ракеты на плятформу ў акіяне, але ступень штораз завальвалася пры пасадцы і значна псавалася. На гэты раз яе пасьпяхова пасадзілі на зямлю на мысе Канавэрэл (штат Флёрыда, ЗША) празь некалькі хвілінаў пасьля старту.

Менавіта гэтая першая ступень наўрад ці зноў паляціць у космас, нягледзячы на непаганы стан пасьля пасадкі. Элан Маск хоча пакінуць яе на Зямлі для гісторыі. Нарэшце, шматразовыя ракеты — не адзіная і не галоўная мэта яго кампаніі. SpaceX хоча таксама стварыць у дадатак да касьмічнага грузавіка Dragon камфартабэльны касьмічны пасажырскі карабель Crew Dragon на замену расейскім «Саюзам», а потым і забясьпечыць вандроўку чалавека на Марс.

XS
SM
MD
LG