Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасье аб забойцах


Украінскія ваеннапалонныя напярэдадні абмену ў Луганскай вобласьці. Кастрычнік 2015 году

Украінскія ваеннапалонныя напярэдадні абмену ў Луганскай вобласьці. Кастрычнік 2015 году

Польская дэпутатка Малгажата Гасеўска сабрала доказы расейскіх ваенных злачынстваў, учыненых супраць украінскіх вайскоўцаў на Данбасе.

Дэпутатка польскага Сэйму ад кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць» Малгажата Гасеўска апублікавала даклад «Расейскія ваенныя злачынствы ва Ўсходняй Украіне ў 2014 годзе».

На пачатку наступнага году «дасье Гасеўскай», якое зьмяшчае сьведчаньні аб забойствах, катаваньнях і негуманным абыходжаньні з украінскімі вайскоўцамі падчас канфлікту ў Данбасе, будзе перададзенае ў Міжнародны суд у Гаазе.

Малгажата Гасеўска адказвае на пытаньні Радыё Свабода:

— Чаму менавіта вы, пры дапамозе валянтэраў, як напісана ў занатоўцы, заняліся стварэньнем гэтага дакумэнта?

Малгажата Гасеўска

Малгажата Гасеўска

— Нехта ж павінен быў гэта зрабіць! Я даволі даўно займаюся пытаньнямі ўсходняй палітыкі і, зь відавочных прычынаў, у апошнія гады мая актыўнасьць перш за ўсё накіраваная на ўкраінскія пытаньні. Я была на Майдане, сустракалася з байцамі добраахвотніцкіх батальёнаў ў зоне баявых дзеяньняў на Ўсходзе Ўкраіны і воляй-няволяй пачала сутыкацца з тымі, хто вярнуўся з палону. Яны дзяліліся са мной перажытым. Гаварылі і тыя, хто дапамагаў учорашнім палонным вырвацца са зьняволеньня, а потым лекавацца. Я пачала шукаць больш інфармацыі па гэтай тэме, і раптам выявіла, што ніхто зборам такіх зьвестак не займаецца! З гэтымі людзьмі ніхто не размаўляе, ніхто не дапамагае ім у мэдыцынскім, псыхалягічным, матэрыяльным плянах. Але перш за ўсё — не зьбіралася ніякая інфармацыя, у тым ліку вельмі важная нават з пункту гледжаньня ваенных дзеяньняў, для выведкі, напрыклад. Бо чалавек, якому ўдалося вырвацца з палону, валодае прыстойным багажом зьвестак, але гэта нікога ў Кіеве не цікавіла. Былыя палонныя ўпадалі ў яшчэ больш траўматычны стан. Са шкадаваньнем даводзіцца канстатаваць, што ўкраінская дзяржава не цікавілася ня толькі лёсамі сваіх ваенных, але і тым, што яны хацелі сказаць. Празь некалькі месяцаў такога жыцьця яны ўжо нават і не жадалі ні пра што размаўляць.

— У вашым дакладзе прадстаўленыя інтэрвію больш чым з 60 былымі ваеннапалоннымі. Чаму ўсе яны выступаюць пад нумарамі, псэўданімамі, бяз прозьвішчаў?

Многія хацелі падзяліцца тым, што бачылі, адразу пасьля вызваленьня, з украінскімі ўладамі. Але, на жаль, цікавасьці ва ўладаў не было.

— Псэўданімы выкарыстоўваюцца ў той вэрсіі дакладу, якая даступная шырокай грамадзкасьці, гэта зроблена з меркаваньняў бясьпекі былых палонных. Аднак напярэдадні інтэрвію мае суразмоўцы прадстаўляліся, і вэрсія дакладу з імёнамі і прозьвішчамі будзе перададзеная ў Гаагу. Для Міжнароднага суду гэта будзе мець значэньне, і спадзяюся, што там да сьведчаньняў былых украінскіх палонных паставяцца з усёй сур’ёзнасьцю. Мае рэспандэнты добра разумелі, на што яны ідуць і для чаго даклад складаецца. Яны таксама выразна ўсьведамлялі, што ў сродках масавай інфармацыі іх прозьвішчы ня зьявяцца, але будуць прадстаўленыя толькі ў судзе. Ці ахвотна з намі размаўлялі? Па-рознаму бывала. Многія хацелі падзяліцца тым, што бачылі, адразу пасьля вызваленьня, з украінскімі ўладамі. Але, на жаль, цікавасьці ва ўладаў не было. Празь некаторы час шматлікія ваенныя аказваліся ў настолькі цяжкім псыхалягічным стане, што ім і з намі ўжо цяжка было гаварыць. Былі і тыя, хто не наважыўся даваць паказаньні. Напрыклад, мы зьвязаліся па тэлефоне з 22-гадовай дзяўчынай, якая трапіла ў палон да чачэнскіх наймітаў Кадырава. Уявіце сабе, праз што гэтая маладая сымпатычная дзяўчына, дзіця яшчэ, можна сказаць, прайшла! Яна лечыцца ў бальніцы, але ці можна такія рэчы вылечыць? Фізычнае здароўе — мабыць, так, але тое, што здарылася, застанецца ў яе памяці назаўжды. У рэшце рэшт гэтая дзяўчына ўсё ж не адважылася з намі размаўляць.

Аднак я шчыра веру ў тое, што публікацыя гэтага дакладу аб няўяўных, д’ябальскіх рэчах, якія адбываліся і адбываюцца на Данбасе да гэтага часу, прывядзе да таго, што яшчэ больш людзей адгукнуцца і захочуць расказаць свае гісторыі. Час ёсьць — дакумэнт будзе перададзены ў Гаагу, хутчэй за ўсё, у канцы студзеня, так што мы маем магчымасьць папоўніць яго і іншымі сьведчаньнямі. Натуральна, усе такія сьведчаньні правяраюцца: заўсёды можна сутыкнуцца з правакацыямі і спробамі сапсаваць усю праведзеную працу. Кожная памылка можа паўплываць на ацэнку ўсёй справаздачы.

— Паспрабую перакласьці з ангельскай фрагмэнт паказаньняў былога палоннага, імя якога пазначана ў дакладзе кодам С43: «Тым, хто ня быў паранены, адразу ж стралялі ў ногі. Адзін зь іх падбег да Сашы і пачаў біць яго прыкладам па галаве. Чэрап трэснуў, але ён яшчэ жыў. Мы папрасілі перастаць біць Сашу, і тады ён проста стрэліў яму ў галаву. Затым адзін з асэтынцаў падышоў да мяне і спытаў: выбірай, што табе адрэзаць — палавыя органы, сэрца або вуха? Я абраў вуха, і ён яго адрэзаў...»

Расчараваныя адсутнасьцю дзеяньняў з боку ўласнай краіны, гэтыя людзі паверылі прыежджым, паверылі, што яны павінны распавесьці сьвету, што адбываецца.

— Так ... Гэты хлопец застаўся бяз вуха — дзіўны, вельмі сардэчны і цёплы чалавек. Калі размаўляеш зь ім, цяжка паверыць, што ён усё гэта перажыў. Дапамогі ад украінскай дзяржавы ён таксама не атрымаў. Усім гэтым людзям дапамагаюць сябры, знаёмыя і ў шырокім сэнсе гэтага слова — няўрадавыя арганізацыі. Мы таксама стараемся нешта зрабіць для гэтых людзей, хоць гэта і ня так проста. Такіх гісторыяў мы (галоўным чынам мае памочнікі) пачулі шмат. Я праводзіла інтэрвію ў асноўным на пачатковым этапе працы. Паколькі я даволі даўно ўжо займаюся ўкраінскімі пытаньнямі, дапамогай грамадзянскай супольнасьці ва Ўкраіне, то мне давяралі, а ў самым пачатку працы такі давер быў асабліва неабходны. Некаторыя месцы мы наведвалі па некалькі разоў, і, калі вярталіся, звычайна знаходзіліся новыя жадаючыя падзяліцца сваёй гісторыяй. Нам усё больш давяралі, перш за ўсё — зьвязвалі з нашай працай вялікія надзеі. Мы цяпер адказныя перад імі, ня можам падвесьці гэтых людзей. Расчараваныя адсутнасьцю дзеяньняў з боку ўласнай краіны, гэтыя людзі паверылі прыежджым, паверылі, што яны павінны распавесьці сьвету, што адбываецца, у надзеі, што злачынствы не застануцца беспакаранымі. І яны ня могуць застацца беспакаранымі. Вы прывялі адно са сьведчаньняў, дзе гаворка ідзе пра фізычныя катаваньні. Аднаму хлопцу адрэзалі руку за тое, што на ёй была праўкраінская татуіроўка. Даведаўшыся пра гэта, адна дзяўчына (расейка, але яна ваявала на «ўкраінскім» баку) зрабіла такую ж татуіроўку, сымбаль Украіны, у сябе на шыі. Вырашыла так: калі калі-небудзь яна патрапіць у палон, дык няхай ёй адразу адрэжуць галаву.

— У дакладзе гаворыцца, што, хоць фармальна гэта так і не называецца, на ўсходзе Ўкраіны ідзе сапраўдная вайна. Ці могуць на вайне салдаты аднаго з бакоў паводзіць сябе такім чынам?

Вайна або не вайна, а я паўтару: гэта зьвяры.

— Вайна або не вайна, а я паўтару: гэта зьвяры. Мы размаўлялі са спэцыялістамі, якія пацьвярджаюць: многія з тых, хто займаецца катаваньнямі і забойствамі ваеннапалонных, цалкам адпавядаюць клясычным крытэрам сэрыйных забойцаў. Яны атрымліваюць задавальненьне ад сваіх зьверстваў, ад таго, што іншыя пакутуюць. Ну навошта рабіліся расстрэлы адных палонных на вачах іншых? Навошта рабілася інсцэніроўка расстрэлаў, залпы халастымі патронамі ці стрэлы над галавой? Паўтаруся, гэта не павінна застацца беспакараным, гэта павінна трапіць у суд, які вынесе прысуд і пакарае злачынцаў. Трэба таксама памятаць, што злачынцы — ня проста нейкія людзі, якія невядома адкуль зьявіліся. Гэта — пэўная сыстэма, у стварэньні якой прымаюць удзел супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў, чаму ў нас ёсьць доказы ў выглядзе паказаньняў сьведак, якія мы перададзім у Гаагу. Трэба памятаць, што ў гэтым бярэ ўдзел расейская дзяржава. Нават тое, што з турмаў выпусьцілі бандытаў і ўзброілі іх, — чаму гэта служыла?

— Ваш даклад стаў магчымы дзякуючы вашай працы і працы вашых супрацоўнікаў-валянтэраў, без дапамогі нейкіх афіцыйных структураў, выведак, сакрэтных службаў. У сувязі з гэтым у мяне пытаньне: ўплывовыя сусьветныя дзяржавы, якія валодаюць вялікімі магчымасьцямі, ня ведаюць пра тое, што вы апісалі, ці проста ня хочуць ведаць, проста не зацікаўленыя ў распаўсюдзе такой інфармацыі?

Гэта — пэўная сыстэма, у стварэньні якой прымаюць удзел супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў.

— Палітыкі добра пра гэта ведаюць. Некаторыя журналісты шмат пра такія выпадкі пісалі. Але я ведаю журналістку, якая пасьля таго, як апісала выпадкі, пра якія таксама ідзе гаворка часткова ў нашай справаздачы, сутыкнулася з сур’ёзнымі праблемамі ва Ўкраіне. Тым ня менш, яна перадала нам каардынаты ахвяраў катаваньняў. Інфармацыю пра тое, што адбываецца на ўсходзе Ўкраіны, мы павінны перш за ўсё перадаць жыхарам розных краінаў, каб яны маглі прымусіць сваіх палітыкаў дзейнічаць. Такая, сярод іншага, наша задача на сёньняшні дзень: аб’ектыўна інфармаваць сусьветную супольнасьць, перш за ўсё эўрапейскую, пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне: хто ажыцьцяўляе ваенныя злачынствы, хто нясе за іх адказнасьць, каб можна было зрабіць адпаведныя ўводы.

Трэба памятаць, хто кіруе дзяржавай-агрэсарам, якая сіла гэтага палітыка. Мабыць, таму многія палітыкі ўстрымліваюцца ад дзеяньняў, якіх мы ад іх чакаем. У мінулым годзе ў Польшчы і ў іншых эўрапейскіх краінах выступаў Андрэй Іларыёнаў — былы дарадца Пуціна, які добра ведае яго пляны і ў нейкай ступені, можа быць, нават прымаў удзел у іх фармаваньні, бо гэтыя пляны не былі прыдуманыя ўчора, іх рыхтавалі загадзя. Іларыёнаў яшчэ год таму казаў: Пуцін і Крэмль плянуюць дэстабілізацыю ў ЭЗ, ён казаў пра тэракты, пра рост уплыву Расеі ў барацьбе з «Ісламскай дзяржавай». Цяпер мы бачым усё гэта. Іларыёнаў казаў: Расея робіць усё гэта для таго, каб адвесьці ўвагу ад таго, што адбываецца ва Ўкраіне. Так і здарылася! Хто памятае цяпер пра Крым? Хто на самай справе спрабуе дапамагчы Ўкраіне ў гэтай вайне?

XS
SM
MD
LG