Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская валянтэрка пра расейскіх дальнабойнікаў: яны перамаглі страх


Анастасія Нікіценка ў лягеры пратэстоўцаў у Хімках непадалёк ад Масквы.
Анастасія Нікіценка ў лягеры пратэстоўцаў у Хімках непадалёк ад Масквы.

Валянтэрка зь Беларусі Анастасія Нікіценка расказала Радыё Свабода пра пратэст і жыцьцё ў лягеры дальнабойнікаў у Хімках непадалёк ад Масквы.

Кіроўцы-дальнабойнікі не ацанілі ініцыятыву прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аб адмене транспартнага падатку для грузавікоў вагой больш за 12 тон. Кіроўцы вялікагрузных машын працягваюць выступаць за адмену дарожных збораў па сыстэме «Платон», якая прадугледжвае дадатковую плату за праезд па фэдэральных трасах ў памеры сотняў тысяч рублёў на год. Па словах прэс-сакратара лягеру аўтаперавозчыкаў ў падмаскоўных Хімках Анастасіі Нікіценкі, шафёры не разьяжджаюцца па дамах і ствараюць прафсаюзы ў рэгіёнах.

РС: Чаму дальнабойнікі не адрэагавалі на прапанову Пуціна аб адмене транспартнага падатку на велікагрузы, якую ён зрабіў падчас сваёй прэс-канфэрэнцыі 17 сьнежня? Гэта нейкі крок насустрач хаця б для дыскусіі.

Анастасія Нікіценка: Транспартны падатак — гэта 40 тысяч рублёў на год, а за «Платон» давядзецца кожнаму кіроўцу выкласьці чатырыста тысяч на год. Адчуйце розьніцу. Плюс Пуцін прапанаваў яшчэ ўвесьці сыстэму патэнтаў — гэта каля 30 тысяч рублёў на год. Што тут абмяркоўваць? Нічога новага не адбылося, таму ніякай рэакцыі і не было. Многія хлопцы казалі: калі адменяць транспартны падатак і акцыз, яны тады падумаюць, ці будуць яны працаваць з «Платонам» ці не.

У лягеры дальнабойнікаў у Хімках
У лягеры дальнабойнікаў у Хімках

РС: Якія далейшыя дзеяньні дальнабойнікаў, улічваючы, што ў найбліжэйшы час дэпутаты Дзярждумы унясуць папраўкі ў заканадаўчыя акты, каб адмяніць транспартны падатак?

Анастасія Нікіценка: На жаль, не магу раскрыць ўсіх задумак дальнабойнікаў. Калі мы імі дзяліліся, заўсёды гэтыя пляны «накрываліся медным тазам». Адзінае, што магу сказаць — на дадзены момант актывісты ствараюць прафсаюзы па рэгіёнах, якія будуць аб’ядноўваць перавозчыкаў па ўсёй краіне. Ёсьць і іншыя задумы, пра іх рана казаць. Здавацца ніхто не зьбіраецца. Да нас па-ранейшаму падцягваюцца людзі з абласьцей, народ нас падтрымлівае, будзем стаяць, будзем чакаць, будзем змагацца.

РС: Ці можна казаць, што асноўная маса дальнабойнікаў — гэта прыхільнікі Ўладзіміра Пуціна, прэзыдэнта, на якога яны разьлічваюць?

Яны ня раз бачылі выступы Пуціна і зразумелі, што ён не закранае пытаньні, якія хвалююць яго народ.

Анастасія Нікіценка: Думаю, цяпер казаць пра гэта нельга. Яны ня раз бачылі выступы Пуціна і зразумелі, што ён не закранае пытаньні, якія хвалююць яго народ. У Канстытуцыі, якую яны нядаўна прачыталі, яны даведаліся, што адзінай крыніцай улады зьяўляецца народ. І таму ў іх цяпер вялікія пытаньні да гэтай улады.

РС: Як вы патрапілі ў гэтую гісторыю пратэсту дальнабойнікаў, будучы родам з Беларусі і студэнткай маскоўскага ВНУ?

Анастасія Нікіценка: Я прывезла ў лягер бутэрброды, хадзіла па фурах, ніхто не хацеў іх браць. Усе былі вельмі насьцярожаныя. Потым нарэшце да мяне выйшлі журналісты, якія ехалі з кіроўцамі з Піцера. У нас завязалася размова, а ім трэба было праз дзень зьяжджаць. Увогуле, яны мяне тут і пакінулі замест сябе.

РС: Як вы пераадольвалі недавер кіроўцаў?

Анастасія Нікіценка: Хлопцы на самым пачатку з падазрэньнем ставіліся да ўсіх — да журналістаў, да звычайных людзей, баяліся прымаць ежу, нейкія грошы. Ім было некамфортна. Ім здавалася, што ўсе хочуць іх атруціць, падмануць, але гэта вельмі хутка прайшло. Яны ўбачылі, што людзі прыяжджаюць з добрымі намерамі, што ніхто іх ня крыўдзіць, усе іх падтрымліваюць. Таму як бы змагацца з забабонамі не прыйшлося, недавер прайшоў сам сабой.

Абед у лягеры дальнабойнікаў
Абед у лягеры дальнабойнікаў

РС: Ці быў у вас досьвед удзелу ў пратэстных акцыях у Беларусі? Ці вы сваю актыўную грамадзянскую дзейнасьць пачалі толькі ў Расеі?

Анастасія Нікіценка: На жаль, у Беларусі ў мяне не было ніякага досьведу. Усьведамленьне таго, што адбываецца вакол, да мяне прыйшло менавіта ў Расеі, тут у Маскве ўсё і пачалося. Вопыту палітычнай барацьбы ніякага няма, некалькі мітынгаў і адзіночных пікетаў. Асабліва хваліцца няма чым.

РС: Ці можаце вы правесьці паралель паміж Беларусьсю і Расеяй? Як людзі б там рэагавалі, калі б пратэставалі дальнабойнікі?

Мне здаецца, што ў Беларусі людзі больш спакойныя і больш спагадныя, чым у Расеі.

Анастасія Нікіценка: Мне здаецца, людзі рэагавалі б аднолькава. У прынцыпе, грамадзяне, якія сюды прыходзяць і падтрымліваюць — гэта ўсё ж такі лібэральная грамадзкасьць. А яна ёсьць і там, і тут. Думаю, што ў Беларусі людзі таксама б не засталіся абыякавымі, падвезьлі б ежу, прадукты, салярку і таксама падтрымлівалі б хлопцаў. Зь іншага боку, беларусы мне больш зразумелыя. Мне здаецца, што ў Беларусі людзі больш спакойныя і больш спагадныя, чым у Расеі. Але я пакуль не магу ўявіць сабе бунт дальнабойнікаў у Беларусі.

У лягеры дальнабойнікаў.
У лягеры дальнабойнікаў.

РС: Пачуцьця грамадзянскага пратэсту больш у Расеі ці ў Беларусі?

Анастасія Нікіценка: Мне здаецца, што у Беларусі.

РС: Там пасьпяхова з гэтым пратэстам спраўляецца прэзыдэнт Лукашэнка.

Анастасія Нікіценка: Гэтак жа як тут пасьпяхова з гэтым пратэстам спраўляецца прэзыдэнт Пуцін.

РС: Тут у Маскве была Балотная плошча, маса іншых акцый па рэгіёнах, дзе сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы, праўда, улада востра і жорстка на гэта рэагавала: гвалт, сумнеўныя суды і прысуды грамадзянскім актывістам.

Мне здаецца, для нейкіх вялікіх і сур’ёзных пратэстаў трэба ўсё ж сасьпець.

Анастасія Нікіценка: Усё гэта было і ў Беларусі: гвалт і жорсткая рэакцыя ўладаў. Мне здаецца, для нейкіх вялікіх і сур’ёзных пратэстаў трэба ўсё ж сасьпець. Народ павінен зразумець, чаго ён хоча, чаго ён не хоча. І гэты працэс ня хуткі.

РС: Што вас больш за ўсё ў гэтай гісторыі з дальнабойнікамі ўзрушыла?

Анастасія Нікіценка: Больш за ўсё мяне ўзрушыла тое, што гэтыя людзі пераадолелі страх, знайшлі ў сабе сілы і прыехалі сюды. Шлях, які ў іх звычайна займаў, дапусьцім, 14-16 гадзін, яны прарабілі за тры дні. Іх спынялі, прымушалі дыхаць у трубачку, заганялі на стаянкі, засыпалі ўезды пяском. Гэта было цяжка. І тое, што гэтыя людзі знайшлі ў сабе сілы, што яны сюды прыехалі, што страцілі вялікія грошы. Ім тэлефануюць іх сем’і, клічуць дадому. Яны ўсё роўна адстойваюць свае правы. І гэта дзіўна! Гэта сапраўдны цуд!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG