Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША чакаюць ад Беларусі пазытыўных крокаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека


Злучаныя Штаты заклікаюць беларускія ўлады правесьці парлямэнцкія выбары 2016 году ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту ЗША па выніках перамоў зь беларускай дэлегацыяй у Вашынгтоне 16 сьнежня ў рамках дыялёгу па правах чалавека.

Паведамляецца, што бакі абмеркавалі будучыя парлямэнцкія выбары ў Беларусі, свабоду слова, сходаў і асацыяцый, неабходнасьць стварэньня ўмоваў для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, практыку ў ажыцьцяўленьні вяршэнства права, а таксама вынікі і рэкамэндацыі, атрыманыя абедзвюма краінамі на другім этапе разгляду іх дзеяньняў у сфэры правоў чалавека ў Радзе па правах чалавека ААН.

«ЗША віталі вызваленьне ў жніўні гэтага году шасьці палітычных зьняволеных і заклікалі Беларусь распачаць далейшыя пазытыўныя крокі ў сфэры дэмакратыі і правоў чалавека. У прыватнасьці, ЗША заклікалі Беларусь да правядзеньня парлямэнцкай выбарчай кампаніі ў адпаведнасьці з нормамі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ.

ЗША адзначылі, што большая павага да дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі зьяўляецца асноўнай умовай для паляпшэньня двухбаковых адносін і жыцьцёва важна для росквіту краіны. Калі Беларусь зробіць далейшыя пазытыўныя крокі ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека, то ЗША разгледзяць магчымасьць крокаў у адказ з пэрспэктывай канчатковай нармалізацыі адносін», — адзначаецца ў заяве Дзярждэпартамэнту.

ЗША таксама заяўляюць, што «застаюцца прыхільнымі справе падтрымкі сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці Беларусі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG