Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: ператварэньне мышы ў тыгра


Уладзімір Пуцін на дэльтапляне, 2012 год

Уладзімір Пуцін на дэльтапляне, 2012 год

У Пуціна загадкавая «хада стралка зь Дзікага Захаду», Пуцін хавае свой сапраўдны ўзрост, а насамрэч ён вампір, які жыве вeчна — публікацыі такога роду зьяўляюцца як у таблёідах, гэтак і ў рэспэктабэльных выданьнях.

Цікавасьць да паводзін і асабістага жыцьця расейскага прэзыдэнта нарастае ў прыватнасьці таму, што, дзякуючы намаганьням іміджмэйкераў, бюракрат ператварыўся ў «міжнародную ікону мачызму», як адзначала яшчэ некалькі гадоў таму прафэсарка Алена Гашчыла, аўтарка дасьледаваньня «Уладзімір Пуцін як object d’art». Выкладчыца Венскага ўнівэрсытэту, дасьледчыца гендэрных праблемаў Тацяна Журжэнка ў артыкуле «Капіталізм, аўтакратыя і палітычная маскуліннасьць у Расеі» аналізуе трансфармацыю вобразу Ўладзіміра Пуціна. «Людзі, якія засьпелі пачатак пуцінскай кар’еры, пагодзяцца, што ў гэтым мышападобным чалавеку з вадкімі сьветлымі валасамі было мала прывабнага» — нагадвае яна. Аб ператварэньні мышы ў тыгра, а Расеі — у фарпост традыцыйных каштоўнасьцяў Тацяна Журжэнка гаварыла ў праграме расейскай службы Радыё Свабода.

РС: Як адбылася гэтая трансфармацыя вобразу Пуціна? Як несамавіты бюракрат стаў эталёнам мужнасьці?

Тацяна Журжэнка: Культ асобы — ня новая зьява для расейскай гісторыі. Але тут мы маем справу ня толькі і ня столькі з традыцыйнай фігурай бацькі нацыі. Пуцін — прадукт сучасных масмэдыяў і масавай культуры. Фэномэн Пуціна не зьяўляецца чымсьці ўнікальным, паколькі пранікненьне масавай культуры ў палітыку зьяўляецца агульнай тэндэнцыяй. Узьнікаюць новыя формы палітычнай камунікацыі, якія характэрныя для заходніх дэмакратый у тым ліку. Палітык становіцца зоркай, палітыка ператвараецца ў палітычны спэктакль, а грамадзяне аказваюцца гледачамі. Тое, што адбылося з Пуцінам, упісваецца ў агульную тэндэнцыю.

РС: Але ўсё ж такі гэта асаблівы выпадак.

Атачэньне Пуціна, якое стварала яго мэдыявобраз, сыграла на адчуваньні крызысу маскуліннасьці, зь якім жыло грамадзтва.

Тацяна Журжэнка: Вядома, яго вобраз macho, альфа-самца, яго дамінантная маскуліннасьць, яго сэксапільнасьць ёсьць прадуктам прадуманых мэдыястратэгій. З аднаго боку, можна сказаць, што агрэсіўная маскуліннасьць Пуціна адлюстроўвае новую зьнешнепалітычную ідэнтычнасьць Расеі як краіны, якая «ўстае з каленяў», спрабуе пераадолець траўму 1990-х гадоў і нацыянальнае прыніжэньне, зьвязанае з распадам імпэрыі, імкнецца вярнуцца ў клюб вялікіх дзяржаваў. Зь іншага боку, гэтая папулярнасьць Пуціна зьвязаная з масавым запытам на новую расейскую маскуліннасьць. «Крызыс маскуліннасьці», які шырока абмяркоўваўся ўжо ў позьнесавецкі час, быў зьвязаны са зьменай гендэрных роляў у савецкім грамадзтве. На думку многіх, расейскі мужчына стаў слабым, інфантыльным, няздольным несьці адказнасьць за сям’ю. Кансэрватыўныя крытыкі абвінавачвалі савецкую ідэалёгію роўнасьці полаў, адмову ад прыватнай уласнасьці, зьнішчэньне прадпрымальніцтва і свабоднага сялянства. Аднак рынкавыя рэформы ня вырашылі праблем расейскай маскуліннасьці, наадварот, беспрацоўе, зьніжэньне абароненасьці, сацыяльная анамія толькі пагоршылі сытуацыю. Па разрыве працягласьці жыцьця паміж мужчынамі і жанчынамі Расея займае першае месца. Можна казаць і пра алькагалізм, і пра распаўсюд гвалту ў паўсядзённым жыцьці, самаразбуральныя формы паводзін, калі здаровы, непітушчы, поўны сілы мужчына ўяўляецца выключэньнем з правілаў, жаданым, недасяжным ідэалам. Атачэньне Пуціна, якое стварала яго мэдыявобраз, сыграла менавіта на гэтым адчуваньні крызысу маскуліннасьці, зь якім жыло грамадзтва ў апошні час, яго вобраз — гэта адказ на грамадзкі запыт.

РС: Усё ж такі тут ёсьць адно «але», таму што вобраз маскуліннасьці прадыктаваны, у прыватнасьці, патэнцыяй, эратычным жыцьцём героя мас-культуры, у якога ператвараецца любы пасьпяховы палітык, а тут мы бачым іншую гісторыю: Пуцін быў жанаты быццам бы нешчасьліва, разьвёўся, аб яго асабістым жыцьці мы ня ведаем наогул нічога. У першую чаргу, вядома, прыгадваецца Гітлер: яго асабістае жыцьцё была абсалютнай загадкай для немцаў, яны даведаліся пра існаваньне Эвы Браўн толькі пасьля іх самагубства. Як Гітлер быў уяўным мужам кожнай немкі-патрыёткі, так і Пуцін — уяўны муж расіянак.

Як рок-зорка ня можа дазволіць сабе ажаніцца, таму што тады прыхільніцы будуць расчараваныя, так і Пуцін жанаты з Расеяй.

Тацяна Журжэнка: Так, я згодная. Папулярнасьць Пуціна зьвязаная зь яго статусам сэксуальнага аб’екту, аб’екту масавых жаданьняў, праекцый як мужчынскіх, так і жаночых. Цяжка ўявіць сабе яго жанатым. Як рок-зорка ня можа дазволіць сабе ажаніцца, таму што тады прыхільніцы будуць расчараваныя, так і Пуцін жанаты з Расеяй, таму каля яго ня можа быць іншых жанчын. Тут спрацоўваюць агульныя мэханізмы, характэрныя для аўтарытарных формаў кіраваньня.

РС: Што не перашкаджае большасьці палітыкаў, нават у аўтарытарных дзяржавах, ажаніцца.

Тацяна Журжэнка: У постсавецкіх краінах склалася так, што сям’я зьяўляецца сымбалем карупцыі. Хачу нагадаць, што «сям’я» як катэгорыя палітычнага аналізу ўзьнікла ў эпоху Ельцына, калі ўсе гаварылі пра Сям’ю зь вялікай літары. Потым была Сям’я Кучмы, зусім нядаўна была Сям’я Януковіча. Гэта такая форма арганізацыі палітыка-эканамічнага жыцьця ў постсавецкіх краінах. Мне здаецца, што ў грамадзтвах, дзе адсутнічаюць правілы, адчуваецца недахоп даверу і не функцыянуюць фармальныя інстытуты, сямейныя сувязі замяняюць гэтыя інстытуты і правілы. Таму мы бачым такую разнастайнасьць сем’яў на постсавецкай прасторы, ад Сям’і Ельцына, Сям’і Януковіча да тандэму Пуцін-Мядзьведзеў або бацькі-адзіночкі Лукашэнкі.

Пуцін на кані ў 2009 годзе

Пуцін на кані ў 2009 годзе

РС: Мы назіраем загадкавую гісторыю, якая, здаецца, ня мае прэцэдэнтаў у палітычным жыцьці ХХ-ХХI стагодзьдзяў: бацька скрывае сваіх дачок. Яго прэс-сакратар пасьля публікацыі саліднага агенцтва Ройтэрс ня можа адказаць на пытаньне, ці сапраўды Кацярына Ціханава — дачка Пуціна. Як вы тлумачыце гэты псыхалягічны мэханізм, навошта Пуцін гэта робіць?

Можна напісаць кнігу пра ролю дачок ў расейскай палітыцы.

Тацяна Журжэнка: Яго сацыялізацыя была зьвязана з КДБ, а людзей, якія там працавалі, заўсёды вучылі як мага менш даваць аб сабе інфармацыі староньнім. Можа быць, гэта зьвязана з кагэбэшнай вывучкай, інстынктамі, што было закладзена яшчэ тады, калі ён працаваў у гэтай структуры? Ці, можа быць, гэта траўма. Можна напісаць кнігу пра ролю дачок ў расейскай палітыцы. Вядома, выпадак Ельцына — вельмі паказальны. Можа быць, у выпадку Пуціна мы маем справу зь не зусім усьвядомленай спробай пазьбегнуць такога сцэнару?

РС: Ці ён успамінае дачку Сталіна — Сьвятлану Алілуеву?

Тацяна Журжэнка: Так. Тут ёсьць над чым падумаць псыхааналітыку.

РС: Тацяна, вы згадалі яго «сямейныя адносіны» зь Мядзьведзевым — гэта сапраўды вельмі дзіўнае сяброўства. Калі глядзіш на некаторыя фотасэсіі, калі яны ўдвух п’юць гарбату, разглядаюць кружэлкі, трэніруюцца або шпацыруюць, узьнікаюць дзіўныя думкі, што гэта падобна на аднаполы шлюб. Многія заходнія камэнтатары дзівяцца, што ў краіне, дзе гамафобія стала ледзь не дзяржаўнай ідэалёгіяй, прэм’ер-міністар і прэзыдэнт дэманструюць такую сувязь з гомаэратычным прысмакам.

Часта іміджмэйкеры не разьлічваюць на тое, што створаны імі вобраз можа быць успрыняты па-рознаму.

Тацяна Журжэнка: Ня ведаю, наколькі адпавядаюць такія фантазіі рэальнасьці, калі рэальнасьць наогул існуе за ўсімі гэтымі пластамі канструкцый і медыярэпрэзэнтацый. Іміджмэйкеры імкнуцца паслаць адзін мэсыдж, а атрымліваецца зусім іншы. Калі была апублікаваная фотасэсія, дзе Пуцін едзе верхам на кані з аголеным торсам, гэты вобраз павінен быў прадэманстраваць яго мужнасьць, але некаторымі ён быў прачытаны наадварот, як сыгнал гомамаскуліннасьці. Мне здаецца, вельмі часта іміджмэйкеры не разьлічваюць на тое, што створаны імі вобраз можа быць успрыняты цалкам па-рознаму, і мэсыдж можа быць па-рознаму прачытаны рознымі аўдыторыямі. У тым ліку тое, пра што вы кажаце: відэа, якое зьявілася на сайце Russia Today, дзе Пуцін і Мядзьведзеў разам трэніруюцца ў спартзале, потым п’юць гарбату, смажаць адбіўныя, такая як бы сямейная ідылія. Мне здаецца, тут таксама мелася на ўвазе прадэманстраваць адзінства прэм’ера і прэзыдэнта, іх блізкія адносіны як аднадумцаў, а эфэкт атрымаўся дзіўнаваты.

РС: Мы наогул гаворым пра дзіўную гісторыі, таму што прэзыдэнт халасты, дочкі яго схаваныя, у яго нейкія дзіўныя фотасэсіі з прэм’ер-міністрам. І пры гэтым Расея пазыцыянуе сябе як фарпост традыцыйных каштоўнасьцяў. Прэзыдэнт такой краіны павінен быў бы насіць бараду, усюды зьяўляцца з жонкай у какошніку, акружаны дочкамі, дэманстраваць сямейную ідылію. На практыцы — усё насуперак ідэалягічнаму вэктару.

Тацяна Журжэнка

Тацяна Журжэнка

Тацяна Журжэнка: Яшчэ 30 гадоў таму Савецкі Саюз пазыцыянаваў сябе як фарпост прагрэсіўнага чалавецтва, спрабаваў экспартаваць у краіны трэцяга сьвету сваю мадэль палітычнай і сацыяльнай мадэрнізацыі, а сёньня Расея абвяшчае сябе фарпостам традыцыйных каштоўнасьцяў. Узьнікае пытаньне, што павінна было адбыцца з гэтым грамадзтвам і з гэтым палітыкумам? Тут таксама, напэўна, ёсьць розныя тлумачэньні. Можна сказаць, што на анталягічным узроўні адбылося радыкальнае пераасэнсаваньне расейскай гісторыі ў ХХ стагодзьдзі, таго, што было ў гэтай гісторыі трагедыяй, а што трыюмфам, радыкальнае непрыманьне рэвалюцыі як такой і спробы ўхапіцца за аскепкі традыцыйных інстытутаў — рэлігія, царква, сям’я, адчайная спроба зьляпіць што-небудзь з таго, што ацалела ў ХХ стагодзьдзі ад гэтых традыцыйных інстытутаў. Вядома, расейскае грамадзтва зьяўляецца, з аднаго боку, недамадэрнізаваным, таму што гэтая мадэрнізацыя ішла зьверху, сацыяльную тканіну не да канца закранула. Анатоль Вішнеўскі, расейскі дэмограф, пісаў пра тое, што за фасадам афіцыйнай ідэалёгіі роўнасьці полаў была вельмі кансэрватыўная сьвядомасьць. Зь іншага боку, страхі, зьвязаныя з тым, што сьвет вакол нас мяняецца вельмі хутка і не заўсёды ў той бок, у якую нам хацелася б. Гэтыя страхі палітыкі дапамагаюць праецыраваць на Заходнюю Эўропу. І тут якраз Расея быццам бы не самотная, таму што такая кансэрватыўная хваля мае месца і ў многіх іншых краінах — гэтыя зьявы сталі называць антыгендэрными рухамі. Гэта новая кааліцыя рухаў, арганізацый, груп, якія пратэстуюць супраць аднаполых шлюбаў, супраць усынаўленьня дзяцей аднаполымі сем’ямі, супраць сэксуальнай адукацыі ў школах. Цікава, што, з аднаго боку, Пуцін кансалідуе расейскае грамадзтва на аснове традыцыйных каштоўнасьцяў і антызаходняй рыторыкі, супрацьпастаўляючы Расею дэкадэнцкай «Гейропе», якая загнівае, а з другога боку, імкнецца ўзначаліць транснацыянальную кааліцыю традыцыяналістаў і кансэрватараў, імкнучыся такім чынам падарваць лібэральны кансэнсус у краінах Захаду, спрыяць расколу заходніх супольнасьцяў. Гэтая лінія расколу паміж лібэраламі і новымі правымі і папулістамі праходзіць па пытаньнях, зьвязаных з гендэрнымі ролямі, традыцыйнымі каштоўнасьцямі, сям’ёй, сэксуальнай арыентацыяй. Тут шмат такіх супярэчнасьцяў і нестыковак.

РС: А наколькі гэтыя фантазіі эўрапейскіх або амэрыканскіх нэакансэрватараў адпавядаюць рэальнасьці? Ці сапраўды адбываецца новы этап сэксуальнай рэвалюцыі?

Тацяна Журжэнка: Ёсьць шмат азначэньняў сэксуальнай рэвалюцыі. Калі казаць пра тыя зьмены, якія адбываліся ў краінах Захаду ў 60-70-я гады, там гаворка ішла хутчэй пра лібэралізацыю традыцыйных гендэрных роляў, аб пашырэньні прасторы свабоды ў рамках гендэру, гэта значыць маскуліннасьці і фэмініннасьці. Цяпер мы маем справу з утапічным бачаньнем будучага, дзе гендэр ня будзе мець значэньня ў публічнай прасторы. Каб атрымаць працу, каб займацца палітыкай, каб стварыць сям’ю, ня трэба будзе самавызначацца па гендэрнай прыкмеце, ніхто ў вас ня будзе пытацца, мужчына вы ці жанчына. Вядома, гэта ўтопія. Рэальнасьць вельмі далёкая ад гэтага. Але зразумела, што такая ўтопія выклікае крытычную рэакцыю ў грамадзтве.

РС: Паводле аднаго з мітаў, якія распаўсюджваюцца ў Расеі, сэксуальная адукацыя ў Эўропе нацэленая на тое, каб выклікаць у эўрапейскіх дзяцей поўную адмову ад гендэру, ледзь не ва ўгоду тайным сэктам пэдафілаў.

Гэта безумоўна фантазія, што дзецям мэтанакіравана ўбіваюць у галаву адмову ад іх гендэрнай ідэнтыфікацыі.

Тацяна Журжэнка: Я жыву ў Аўстрыі ўжо больш за 10 гадоў, мой сын вучыўся тут у школе. Гэта безумоўна фантазія, што дзецям мэтанакіравана ўбіваюць у галаву адмову ад іх гендэрнай ідэнтыфікацыі. Хутчэй можна казаць пра тое, што адукацыя тут пабудаваная такім чынам, што дзецям не навязваюць жорсткіх гендэрных роляў. Калі мы вучыліся ў школе, нам казалі, што хлопчык не павінен плакаць, хлопчык павінен абараняць дзяўчынку, дзяўчынка таксама павінна нешта. У нас урокі працы пабудаваныя былі так, што дзяўчынкі шылі, рабілі бутэрброды, а хлопчыкі ішлі ў сталярную майстэрню і майстравалі шпакоўні. Тут гэта ўсё ўладкавана па-іншаму, таму што дзеці займаюцца рознымі відамі працы, незалежна ад полу: хлопчыкі таксама могуць вышываць падушку, а дзяўчынкі працуюць з інструмэнтамі, якія ў нас лічацца чыста мужчынскімі. Гэта ня значыць, што мужчына павінен потым усё жыцьцё вышываць. Аргумэнт выкладчыка вельмі просты: гэта разьвівае дробную маторыку, якая патрэбна і хлопчыкам, і дзяўчынкам. Я не бяруся на аснове гэтага прыкладу рабіць нейкія абагульненьні. Мне здаецца, што ў цэлым адукацыя, як і ў іншых пытаньнях, тут больш рэфлектыўная, то бок дзецям даюць магчымасьць паспрабаваць, падумаць. Хутчэй гэта запрашэньне да дыскусіі, чым навязаныя падыходы. Гэта датычыць і іншых рэчаў — скажам, выкладаньня гісторыі.

РС: Вашаму сыну не давалі чытаць казку пра тое, што прынц ажаніўся зь іншым выдатным прынцам? Не рэкамэндавалі ўступіць у аднаполы шлюб?

Тацяна Журжэнка: Не, гэта ўсё страшылкі расейскіх мэдыяў. Вядома, вельмі многае ў заходніх грамадзтвах ўладкавана па традыцыйнай гендэрнай прыкмеце, перш за ўсё спажываньне, дзіцячая мода. Калі вы пойдзеце ў краму для дзяцей, вы ўбачыце, што для дзяўчынак ўсё ружовае, для хлопчыкаў — блакітнае. Гэта крытыкуюць вельмі часта фэміністкі, тое, што ў пляне цацак, адзеньня ўсё роўна прысутнічае выразны падзел на хлопчыкаў і дзяўчынак. Але адукацыя пабудавана на тым, каб лібэралізаваць выхаваньне, не ўстаўляць дзяцей у загадзя зададзеныя рамкі.

РС: Тым ня менш ўяўленьні аб фэмініннасьці і маскуліннасьці ў эўрапейскім грамадзтве за апошнія дзесяцігодзьдзі моцна зьмяніліся.

Тацяна Журжэнка: Хутчэй мы маем справу з паралельным суіснаваньнем розных мадэляў гендэрных ідэнтычнасьцяў. У сельскай мясцовасьці ў той жа Аўстрыі можна ўбачыць цалкам кансэрватыўныя ўяўленьні аб гендэрных ролях, адначасова ў вялікіх гарадах яны суіснуюць з лібэртарыянскім уяўленьнем аб тым, што гендэр — асабістая справа, кожны мае права на розныя мадэлі паводзінаў, калі гэта не прычыняе нязручнасьці іншым, і ступень талерантнасьці да такіх розных групаў дастаткова высокая ў грамадзтве. Вы ж ведаеце, што ў Аўстрыі Канчыта Вурст стала нацыянальным героем ці гераіняй.

Канчыта Вурст

Канчыта Вурст

РС: Нават была летась на постэрах галоўнага аўстрыйскага банку.

Тацяна Журжэнка: Той факт, што яна стала абліччам банку, тое, што яна робіць кар’еру ў рэкляме, кажа пра гатоўнасьць грамадзтва прыняць гэта як адну з формаў жыцьця, паводзін, ідэнтыфікацыі. Мне здаецца, што гэта пазытыўны працэс, таму што добра жыць у грамадзтве, дзе ніхто нікому не перашкаджае, дзе не асьцерагаюцца адзін аднаго, нягледзячы на тое, што ўсе розныя.

РС: У Вене ёсьць сьвятлафоры, на якіх намаляваны як разнаполыя пары, якія трымаюцца за рукі, так і аднаполыя. Гэта таксама выклікала на расейскім тэлебачаньні прыступ гістэрыкі ў свой час: распуста на зямлі Моцарта!

Тацяна Журжэнка: Гэта была ініцыятыва партыі зялёных, такі сымбалічны жэст. Я не думаю, што гэта мае вялікае значэньне.

РС: Але ніхто гэтыя сьвятлафоры ня вырывае з зямлі, ніхто ня б’е шкла, як напэўна здарылася б у Маскве, калі б хто-небудзь адважыўся іх усталяваць.

Межы дазволенага ўвесь час паддаюцца пераасэнсаваньню, адбываецца зьмена грамадзкай дамовы з нагоды таго, што прынята і што ня можа быць прынята.

Тацяна Журжэнка: У нас у Вене быў выпадак нейкі час таму: у адной зь венскіх кавярняў лесьбіянская пара пацалавалася вельмі дэманстратыўна, і адміністратар падышоў і папрасіў іх пакінуць кавярню — гэта выклікала такі рэзананс, што былі пікеты, дэманстрацыі перад гэтай кавярняй, былі байкоты, гэта ўсё абмяркоўвалася ў СМІ, была дыскусія аб тым, што калі б гэта была звычайная пара, то такога, напэўна, не адбылося б. Межы дазволенага ўвесь час паддаюцца пераасэнсаваньню, адбываецца зьмена грамадзкай дамовы з нагоды таго, што прынята і што ня можа быць прынята. То бок, гэта хутчэй працэс, чым стан.

РС: У 90-я гады ў Расеі ўзровень гамафобіі зьніжаўся, праводзіліся гей-кінафэсты, не выклікаючы ніякіх пратэстаў, норавы былі свабодныя. І вось мы бачым разварот ад таго. Гэта не адзіны выпадак у найноўшай гісторыі: скажам, Аўганістан або Іран у 70-я гады таксама былі адносна вольныя, дзяўчаты хадзілі ў Тэгеране ў міні-спадніцах, на вокладках папулярных часопісаў публікаваліся фрывольныя фатаграфіі, і гэта віталася. Потым — рэзкі кансэрватыўны паварот. У Расеі адбываецца тое ж самае. Як вы разумееце прычыны гэтага руху, наколькі яны натуральныя, наколькі выкліканыя прапагандай, і ці можна сказаць, што гэта сур’ёзна і надоўга?

Тацяна Журжэнка: Такая палітызацыя гендэру, кансэрватыўны адкат адбываецца ў многіх краінах. І на Захадзе фармуюцца такія рухі, якія бачаць сваю мэту ў тым, каб супраціўляцца мадэрнізацыі або нават адыграць назад некаторыя дасягненьні ў галіне гендэрнай роўнасьці і правоў сэксуальных меншасьцяў. У Расеі, мне здаецца, гэтыя тэндэнцыі супалі з памкненьнямі палітычнага рэжыму, які выкарыстоўвае палітызацыю гендэру ў сваіх інтарэсах. Паколькі пуцінскі рэжым спрабуе кансалідаваць грамадзтва вакол традыцыйных каштоўнасьцяў, уключаючы традыцыйнае разуменьне мужчынскасьці і жаноцкасьці, традыцыйнае разуменьне сям’і, то сэксуальныя меншасьці адназначна выпадаюць з гэтага адзінства, пагражаюць гэтаму адзінству, наўпрост асацыююцца зь лібэртарнымі заходнімі каштоўнасьцямі. Тут, з аднаго боку, Захад асацыюецца з «Гейропой», з заняпадам традыцыйных каштоўнасьцяў і інстытутаў, а з другога боку, сэксуальныя меншасьці ўспрымаюцца як агенты Захаду, якія падрываюць адзінства расейскага грамадзтва. Існуюць розныя гістарычныя паралелі, антысэмітызм у свой час таксама выконваў падобную ролю. Мэханізмы на самай справе вельмі падобныя, калі адна група ператвараецца ў «пятую калёну», якая пагражае кансалідацыі грамадзтва.

РС: Гэта яшчэ зьвязана зь мілітарысцкай прапагандай. Расея цяпер знаходзіцца ў стане пэрманэнтнай вайны: ваюе то з Украінай, то з Сырыяй, цяпер ужо «паўвайна» з Турцыяй, і наўрад ці на гэтым справа спыніцца. Калі вы ўключыце расейскі тэлевізар, то там увесь час маршыруюць людзі ў форме. Вядома, падчас такой мабілізацыі ня месца для гендэрных гульняў, мужчыны павінны сядзець у танку, а жанчыны — чысьціць для іх бульбу.

Рост мілітарызму заўсёды зьвязаны з рэмаскулінізацыяй публічнай сфэры.

Тацяна Журжэнка: Рост мілітарызму заўсёды зьвязаны з рэмаскулінізацыяй публічнай сфэры. Калі краіна вядзе вайну, хай нават неабвешчаную, ужываецца звычайна жорсткая рыторыка, ад палітыкаў чакаецца, каб яны дэманстравалі агрэсіўныя паводзіны. Расея ўсё часьцей выкарыстоўвае зброю там, дзе раней яна ўжывала формы мяккай сілы, сваіх агентаў уплыву. Адпаведна, рэпрэзэнтацыі палітыкаў і расейскай палітыкі становяцца больш жорсткімі і агрэсіўна маскуліннымі. І ўсё мацней гучаць раней зусім маргінальныя галасы, накшталт якой-небудзь Мізулінай, якія заклікаюць вярнуць жанчын да агменю.

РС: Тут мы вяртаемся да Пуціна, які таксама дэманструе, дзякуючы сваім іміджмэйкерам, рысы вайскоўца, яго вобраз мілітарызуецца.

Пуцін не сьпяшаецца прымяраць сталінскі ваенны фрэнч, аддаючы перавагу вобразу элегантнага тайнага агента.

Тацяна Журжэнка: Так, гэта пачалося яшчэ да вайны ва Ўкраіне і да эскаляцыі ў апошнія два гады. Гэта пачалося, калі вакол Пуціна пачало фармавацца асяродзьдзе сілавікоў, калі сам рэжым стаў трансфармавацца ў бок больш аўтарытарны, сілавікі ў нейкі момант узялі верх над бізнэс-асяродзьдзем. Зрэшты, войны, якія вядзе Расія, усё больш гібрыдныя, і прэзыдэнт не сьпяшаецца прымяраць сталінскі ваенны фрэнч, аддаючы перавагу вобразу элегантнага тайнага агента.

РС: Тацяна, а вы адчуваеце, што гэтыя іміджмэйкеры Пуціна сапраўды атрымалі посьпех у сваім імкненьні зрабіць зь яго міжнародную сэкс-ікону, ці ўсё ж такі гэта выглядае камічна, на ваш погляд? Калі вы глядзіце на гэтага мужчыну, які сядзіць на кані або цалуе тыгрыцу, вам здаецца, што гэта выбітны macho, ці вы па-ранейшаму бачыце гэтую мыш, якая зьявілася з нетраў КДБ?

Тацяна Журжэнка: Шчыра кажучы, паколькі я грамадзянка Ўкраіны, я наогул не магу спакойна і аб’ектыўна глядзець на Пуціна, мне цяжка заняць пазыцыю гледача, што называецца, назапасіцца папкорнам і глядзець на чарговыя прыгоды Джэймса Бонда. Але ў пэўных асяродках сапраўды Пуцін успрымаецца як моцны палітык, як чалавек, які можа рабіць што хоча, і яму за гэта нічога ня будзе, што нешматлікія палітыкі на Захадзе могуць сабе дазволіць. Ён успрымаецца па кантрасьце з заходнімі палітыкамі, якія залежаць ад выбаршчыкаў, павінны падпарадкоўвацца правілам, павінны думаць аб наступных выбарах. Пуцін не зьвязаны гэтымі ўмоўнасьцямі, ён можа сказаць нешта непаліткарэктнае, чаго ня могуць сабе дазволіць палітыкі ў дэмакратычных краінах. Ён можа дазволіць якой-небудзь выклікае жэст, ён можа сабе дазволіць пажартаваць над Абамам або справакаваць фраў Мэркель. Ёсьць у эўрапейскіх краінах пэўныя асяродкі, дзе такія паводзіны выклікаюць хутчэй станоўчыя эмоцыі, але ў цэлым мне не здаецца, што такая стратэгія зьяўляецца пасьпяховай, таму што ў прынцыпе ніхто ня хоча новай эскаляцыі, ніхто ня хоча ваяваць з Пуцінам. Гэты імідж агрэсіўнага зьбіральніка зямель многіх палохае, таму што Эўропа хацела б жыць мірна, у тым ліку і з Расеяй, але, на жаль, вымушана прыняць гэты выклік. Але гэта ня тая лінія паводзін, якая тут можа выклікаць адабрэньне большасьці.

РС: Але наколькі гэты імідж, які ствараецца фатографамі і відэаапэратарамі, выклікае давер, засланіў рэальнага Пуціна, які, вядома, не зьяўляецца супэргероем ні па ўзросьце, ні па зьнешнасьці?

Нездаровая цікавасьць да дэталяў зьвязаная менавіта з тым, што за рэпрэзэнтацыямі не ўдаецца ўбачыць чалавека.

Тацяна Журжэнка: Нездарма ж зьявілася паняцьце Putinversteher [якое можна перакласьці як тлумачальнік Пуціна]. У прынцыпе ўсе гадаюць, што насамрэч у галаве ў Пуціна, чаго ён хоча. Калі паглядзець на публікацыі ў СМІ, узяць самыя папулярныя лекцыі — куды ідзе народ? Ідуць туды, дзе публіцы спрабуюць растлумачыць, што такое насамрэч Пуцін, чаго ён хоча, пра што думае, якім будзе яго наступны крок. Калі мэтай усёй гэтай мэдыякампаніі і прапаганды было схаваць рэальнага чалавека за шматлікімі пластамі рэпрэзэнтацый, то гэта цалкам удалося. Ніхто ўжо ня можа сабе ўявіць рэальнага чалавека, які стаіць за гэтымі рэпрэзэнтацыямі. Калі памятаеце, былі артыкулы пра тое, як ён праводзіць свой дзень, калі ён ідзе плаваць, калі ідзе шпацыраваць са сваім сабакам. Нездаровая цікавасьць да ўсіх гэтых дэталяў зьвязаная менавіта з тым, што за рэпрэзэнтацыямі не ўдаецца ўбачыць чалавека і зразумець, што ж у гэтага чалавека ў галаве.

РС: У газэце Times апублікаваны артыкул, дзе аналізуецца хада Пуціна, як ён размахвае рукой і што гэта азначае, ці ёсьць там нейкая падаплёка. Дайшло да камічнага ўзроўню гэтае аналізаваньне Пуціна.

Калі мы хочам нешта зразумець у расейскай палітыцы, трэба глядзець не на хаду Пуціна, а на канфігурацыю палітычных сілаў, якая складваецца вакол яго.

Тацяна Журжэнка: Так, пэрыядычна зьяўляюцца паведамленьні, што Пуціна, можа быць, падмянілі, што гэта ня Пуцін, а двайнік. Вы згадвалі Гітлера: калі жыцьцё аўтарытарнага кіраўніка цалкам закрытае ад публікі, заўсёды ўзьнікаюць такія здагадкі, тэорыі змовы, цалкам неверагодныя вэрсіі пра тое, што гэта двайнік пасьля плястычнай апэрацыі. Гэта ўсё проста сьмешна. Калі мы хочам нешта зразумець у расейскай палітыцы, трэба глядзець не на хаду Пуціна, а на канфігурацыю палітычных сілаў, якая складваецца вакол яго, спрабаваць зразумець, якія групы, якія лобі стаяць за ім і ўплываюць на яго рашэньні.

РС: Але ўсё роўна праўду даведаесься толькі тады, калі ў бункеры знаходзіш абвугленыя трупы.

Тацяна Журжэнка: Куды гэта вы ведзяце? Я ўжо і так нагаварыла, напэўна, гадоў на дзесяць.

РС: Вы жывяце ў Вене, так што нічога страшнага. Зь Вены 60 гадоў назад сышоў апошні савецкі салдат.

Тацяна Журжэнка: Да нас сёлета прыяжджалі «Начныя ваўкі». Так што хто ведае?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG