Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 ідэяў будучыні Беларусі


Канфэрэнцыя «Ідэі будучыні». Эканамічная панэль

Канфэрэнцыя «Ідэі будучыні». Эканамічная панэль

20 сьнежня ў Менску прайшла канфэрэнцыя «Ідэі будучыні», якая сабрала вядомых беларускіх экспэртаў і каля двух сотняў слухачоў.

Дыскусіі адбываліся ў чатырох панэлях — мэдыя, урбаністыка, эканоміка і адукацыя. Свабода запісала найлепшыя ідэі і думкі, якія прагучалі ў нядзелю.

Пра папулярызацыю мовы

«Калі вы робіце дзьвюхмоўнае СМІ, перакладайце на беларускую мову тое, што можа добра разысьціся, перакладайце найлепшыя прадукты і матэрыялы. Я заўсёды лічыў, што каб папулярызаваць беларускую мову, лепш друкаваць не нашых пісьменьнікаў, а перакласьці Гары Потэра. Наогул, вельмі патрэбна, каб дзеці чыталі першыя кніжкі па-беларуску.

Веданьне беларускай мовы сёньня — прыкмета адукаванага чалавека. Трэба ведаць англійскую і беларускую. Калі вы ня можаце размаўляць па-беларуску, гэта недаразьвітасьць».

Аляксандр Васілевіч, партнэр кампаніі Vondel і кіраўнік Рады IAB Belarus, панэль «Як стварыць найлепшае беларускае СМІ»

Папяровыя незалежныя выданьні зьнікнуць

«Мы выдаем папяровую вэрсію газэты сабе ў страту, гэта хутчэй традыцыя. Мы думаем пра тых чытачоў, якія жывуць у вёсках і ня маюць інтэрнэту, але такіх усё менш. Але папяровай вэрсіі засталося ня шмат, яна хутка зьнікне».

Андрэй Дынько, рэдактар «Нашай Нівы», панэль «Як стварыць лепшае беларускае СМІ»

СМІ будуць непрыбытковым бізнэсам і далей

«Калі ў Беларусі вы хочаце заняцца бізнэсам, лепш адкрыць кіёск, чым СМІ. Такая сытуацыя працягнецца, і шкада ўсіх, хто сёньня ідзе ў гэтую сфэру.

Але СМІ не павінны думаць толькі пра манэтызацыю і павялічэньне трафіку. Мы прыходзілі ў прафэсію зь нейкімі каштоўнасьцямі і мэтамі, яны павінны заставацца».

Павел Сьвярдлоў, рэдактар kuku.org, панэль «Як стварыць найлепшае беларускае СМІ»

Падчас канфэрэнцыі

Падчас канфэрэнцыі

Урбаністыка гэта яшчэ нават не пясочніца

«Чым сёньня зьяўляецца ўрбаністыка ў Беларусі — ці гэта рэальны рух, які ставіць на мэце ўдзел у кіраваньні горадам ці проста ўлады даюць магчымасьць нейкай частцы грамадзка-актыўных людзей выпусьціць пар, ствараюць такую пясочніцу, імітацыю? У нас гэта нават не пясочніца, гэта нейкія людзі, якія хай і з энтузіязмам, але хаатычна тыкаюць пальцамі адзін у аднаго. Наперадзе вялікі шлях, і ён фактычна яшчэ не пачаўся».

Ганна Пазьняк, журналістка і дасьледчыца гарадзкой культуры, панэль «Як разумна разьвіваць Менск»

Горад павінны вывучаць у школе

«Большасьць беларусаў жыве ў гарадах і было бы лягічна нешта аб іх ведаць. Урбаністыка і навука аб гарадах вельмі важныя, мы павінны зь дзяцінства разумець горад, зь дзіцячага садку. Я лічу, што ўрбаністыка павінна выкладацца ў школе так жа, як напрыклад «Чалавек. Дзяржава. Грамадзтва»

Дзьмітрый Бібікаў, сузаснавальнік Менскай урбаністычнай плятформы і арганізатар Менскага архітэктурнага форуму, панэль «Як разумна разьвіваць Менск»

Кожнае дзіця мае права на адукацыю ў агульнай школе

«У 1948 годзе была прынятая Агульная дэклярацыя правоў чалавека, дзе кожнаму гарантуецца права на адукацыю, і гэта значыць, у тым ліку, — на адукацыю ў звычайных школах, а не асобных установах для інвалідаў альбо людзей з асаблівасьцямі.

Інклюзіўная адукацыя, гэта значыць, што любыя дзеці павінны навучацца разам, але школа будзе ўлічваць асаблівасьці кожнага — ніхто ня кажа, што інвалід бяз ног будзе бегаць стомэтроўку на фізкультуры, але ён можа рабіць нешта іншае. А калі казаць пра аўтыстаў, да іх можна знайсьці падыход, зацікавіць іх у адукацыі. І калі мы зможам зь імі, то яшчэ лепш зацікавім астатніх дзяцей».

Інга Дубініна, сузаснавальніца Цэнтру праблем дзіцячага разьвіцьця «Ляванія», панэль «Як зрабіць беларускую адукацыю найлепшай у сьвеце»

Адукацыйная панэль

Адукацыйная панэль

Новыя дысцыпліны — не падмена адукацыі

«Можна пачуць, што вывучэньне гендэру альбо ўрбаністыкі, гэтыя новыя веды, — гэта падмена клясычнай навукі, непатрэбныя грамадзтву рэчы. Але гэта ня так. Той жа гендэр — гэта і эканоміка, і палітыка, і кіраваньне, і сацыялёгія. Гэта дазваляе лепш разумець праблематыку і працэсы, улічваць тое, што адбываецца ў рэчаіснасьці, а раней проста ігнаравалася».

Вольга Шпарага, кіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае грамадзтва, этыка і палітыка» Эўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі, панэль «Як зрабіць беларускую адукацыю найлепшай у сьвеце»

МАЗ памрэ сам

«Рэформы правесьці сёньня лёгка, нашмат прасьцей, чым у дэмакратычнай Беларусі. Ёсьць прыклад Казахстану ці Сынгапуру. Пытаньне рэформаў у Беларусі сёньня гэта пытаньне sustainability, стратэгія рэформаў: зьмяніць структуру кіраваньня гаспадаркай, дэцэнтралізаваць прыняцьце рашэньняў. Калі казаць пра многія дзяржаўныя прадпрыемствы, то варта разумець, што МАЗ сам памрэ, беларускае машынабудаваньне ўжо можна выносіць».

Серж Наўродзкі, прэзыдэнт CASE-Belarus, панэль «Што выратуе беларускую эканоміку»

Аргумэнт пра аўтарытарную мадэрнізацыю небясьпечны

«Рэфармаваць будуць тое, што ні на што не паўплывае. Гэты як выцягваньне разынак з булачкі. Кажуць, што сёньня правесьці рэформы прасьцей, чым пры дэмакратыі, але прыклад таго, што эканоміка Казахстана рэфармаваная — кепскі, бо мы бачым, што адбылося там, як толькі зьнізіліся цэны на нафту, у іх структурныя праблемы.

Сёньня ў Беларусі праблема не эканамічная, ёсьць клясычныя эканамічныя адказы, што рабіць. У нас праблема палітэканамічная. Пачынаць рэформы трэба з гарантыяў правоў уласнасьці, а іх сёньня няма».

Сяргей Чалы, эканаміст, вядоўца праграмы «Эканоміка на пальцах», панэль «Што выратуе беларускую эканоміку»

Перавага Беларусі — высокая якасьць чалавечага капіталу і нізкі ўзровень карупцыі

«У нас ёсьць сфэры, дзе мы па-ранейшаму застаемся канкурэнтаздольнымі не з-за тэхналёгіяў, а з-за людзей. У параўнаньні з суседзямі ў нас ніжэйшая канкурэнцыя, а таксама лепшая сытуацыя з карупцыяй, калі казаць пра ўсходніх суседзяў».

Кацярына Барнукова, вядучая дасьледчыца Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG