Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ізраільскім Ашдодзе на плошчы Янкі Купалы ўсталяваны памятны знак з надпісам па-беларуску і на іўрыце


Урачыстае адкрыцьцё памятнага знаку ў гонар беларускага паэта ў горадзе Ашдод адбудзецца 29 сьнежня.

Барыс Гітэрман, намесьнік мэра Ашдода, паведаміў Радыё Свабода, што ўсталяваньне помніка стала магчыма дзякуючы супрацы з амбасадай Беларусі ў Ізраілі і руплівасьці аб’яднаньня выхадцаў зь Беларусі, якое дзейнічае ў Ашдодзе.

«Яшчэ ў 2012 годзе ў нас узьнікла ідэя назваць адну з плошчаў горада імем Янкі Купалы. Плошча знаходзіцца ў адным зь вельмі прэстыжных раёнаў гораду — Тэт-Вав. Тады ж мы вырашылі, што паміж Ашдодам і Берасьцем будзе пабрацімства гарадоў, падпісалі пагадненьне. У Берасьці ўсталяваны помнік нашаму вядомаму прэм’ер-міністру Мэнахему Бэгіну (Мэнахэм Бэгін — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, нарадзіўся ў Берасьці — РС.). У Ашдодзе абэліск у гонар Янкі Купалы таксама ўжо ўсталяваны, а 29 сьнежня будзе ўрачыстае адкрыцьцё».

Барыс Гітэрман

Барыс Гітэрман

На цырымонію запрошаныя прадстаўнікі мэрыі Ашдода, амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ўладзімер Скварцоў, дэпутаты кнэсэту, сябры ўсеізраільскага Аб’яднаньня выхадцаў зь Беларусі і ўсе ахвотныя. Ганаровым госьцем стане былы амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня. Менавіта зь ягонай ініцыятывы ў ізраільскім Ашдодзе зьявіліся «купалаўскія мясьціны», а Берасьце і Ашдод сталі параднёнымі гарадамі.

Памятны знак з мармуру і бронзы выраблены ўраджэнцам Беларусі ізраільцянінам Уладзімера Пайнам. У прэс-рэлізе мэрыя Ашдоду адзначае, што Янка Купала — «самы вядомы беларускі паэт і драматург, творы якога былі перакладзеныя на 117 моваў сьвету. За межамі рэспублікі помнікі Купалу ўсталяваныя ў Маскве і Манро (штат Ню-Ёрк)».

Ідэю ўсталяваньня помніка беларускаму паэту падтрымаў мэр гораду, доктар Іехіэйль Ласры, — кажа Барыс Гітэрман.

«Гэта вельмі важна, — лічыць намесьнік мэра. — Мэр гораду не паходзіць ані зь Беларусі, ані з краінаў СНД. Ён паходзіць з Марока, але ён разумее, як важна, каб усе жыхары нашага гораду жылі ў талерантнасьці, узаемадапамозе і ўлічвалі інтарэсы кожнага. У нас у горадзе жыве 99 нацыяльнасьцяў — рэлігіёзныя, і нерэлігіёзныя, людзі, з розных краінаў. І мэр горада прытрымліваецца пазыцыі, што каштоўнасьці, важныя пэўнай групе насельніцтва, мусяць улічвацца».

Але асабліва ўсьцешаныя выхадцы зь Беларусі, — кажа Гітэрман.

«У нас самая вялікая абшчына выхадцаў зь Беларусі. Яны вельмі задаволеныя. Усё, што тычыцца іх радзімы, яны памятаюць і паважаюць. У мяне жонка зь Менску, і яе бацькі. Для ўсіх гэтых людзей гэта вельмі важна».

Помнік зроблены з мармуру і бронзы, на ім — надпісы на іўрыце і беларускай мове, аліўкавая галінка і факсымільны подпіс паэта. Унізе выгравіраваны беларускі народны арнамэнт.

Барыс Гітэрман выказаў удзячнасьць амбасадару Беларусі ў Ізраілі Ўладзімеру Скварцову і калектыву беларускай амбасады, старшыні Аб’яднаньня выхадцаў зь Беларусі Міхаілу Альшанскаму, кіраўніку Ашдодзкага аддзяленьня Аб’яднаньня Ісааку Цфасману і ўсім, хто бярэ ўдзел у жыцьці беларускай супольнасьці ў Ашдодзе.

Урачыстая цырымонія адбудзецца а 15 гадзіне 29 сьнежня. Пасьля яе ў мясцовым доме культуры «Дзюна» адкрыецца выстава, якую прывязуць зь Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG