Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: Кангрэс дэмсіл патрэбны, бо апазыцыя можа зьнікнуць


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў лічыць, што Кангрэс дэмакратычных сілаў «дзеля нацыянальнай згоды» мае сэнс праводзіць нават тады, калі ў ім ня будуць удзельнічаць усе беларускія апазыцыянэры.

Пра гэта ён сказаў у інтэрвію Радыё Свабода.

«Пакуль што суадносіны тых, хто пагадзіўся, і тых, хто не адказаў станоўча, — 50 на 50. Мы настроеныя рашуча і настойваем на правядзеньні Кангрэсу для таго, каб вызначыцца з агульнымі падыходамі на парлямэнцкіх выбараў, выпрацаваць агульнае пасланьне апазыцыі да ўлады з патрабаваньнем зьмены выбарчага заканадаўства. Бяз гэтай пазыцыі ісьці на выбары — пагадзіцца на прызначэньне парлямэнту. А гэта мы ўжо праходзілі ня раз. Больш так не павінна быць. Будзем арганізоўваць Кангрэс нават тады, калі не атрымаем згоды нейкіх структураў», — заявіў Уладзімер Някляеў.

Будзем арганізоўваць Кангрэс нават тады, калі не атрымаем згоды нейкіх структураў.

Лідэр руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі» патлумачыў, што перасьцярога тых, хто супраць правядзеньня аб’ядноўчага Кангрэсу, палягае ў тым, што нібыта паўстануць пытаньні што да папярэдніх палітычных кампаній:

«Я не лічу гэтыя патэнцыйныя прэтэнзіі вартымі. Ня трэба празь іх тармазіць падрыхтоўку Кангрэсу. Не зрабіўшы высілкаў і не распрацаваўшы агульную пазыцыю, мы загонім сытуацыю ў яшчэ большы крызіс. А апазыцыя і так не выглядае зьяднанай. А калі яна пойдзе на парлямэнцкія выбары асобнымі калёнамі і з асобнымі пасланьнямі грамадзтву і ўладзе, то ад яе можа нічога не застацца. Трэба адкінуць мінулыя кампаніі і арганізоўваць новы Кангрэс».

Цяпер у аргкамітэт уваходзяць Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зьміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саньнікаў, Генадзь Фядыніч і Ірына Вештард. Ці падтрымаюць ідэю правядзеньня Кангрэсу Аляксандр Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька і Аляксей Янукевіч, — пакуль невядома, зь імі працягваюцца кансультацыі.

Старшыня рады грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў раней у інтэрвію Свабодзе заявіў, што ня лічыць мэтазгодным праводзіць такі кангрэс.

Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў, што лічыць ідэю аб’яднаньня апазыцыі вельмі важнай, але пытаньне далучэньня да арганізацыі Кангрэсу яшчэ мусяць абмеркаваць актывісты партыі. Падобнай пазыцыі прытрымліваецца і кіраўніцтва руху «За Свабоду».

Мікола Статкевіч, які цяпер знаходзіцца за мяжой, паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што жаданьне далучыцца да арганізацыі Кангрэсу дэмсілаў выказаў Андрэй Саньнікаў:

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

«Працягваю абмеркаваньне зь лідэрамі дэмакратычных арганізацый ініцыятывы выбітных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі пра скліканьне аб’ядноўчага кангрэса дэмакратычных сілаў. Днямі меў сустрэчу ў Варшаве з кіраўніцтвам „Эўрапейскай Беларусі“. Андрэй Саньнікаў і яго каманда падтрымліваюць ідэю кангрэса і гатовыя працаваць над тым, каб ён прайшоў плённа і спрыяў кансалідацыі беларускіх дэмакратычных сілаў у час, калі наша краіна стаіць на парозе драматычных падзей. Мы дамовіліся пра каардынацыю міжнароднай дзейнасьці ў падтрымку беларускай дэмакратыі і абмеркавалі пытаньні, зьвязаныя з падрыхтоўкай кангрэса».

Уладзімер Някляеў адзначыў, што Кангрэс павінен быць праведзены не пазьней, чым пачатак вясны — тады ў апазыцыі будзе час для супольнай падрыхтоўкі да мерапрыемства:

Пачатак вясны — гэта крайні тэрмін. Калі адкладаць далей, то ня будзе часу рэалізоўваць ідэі, якія будуць распрацаваныя на Кангрэсе.

«Лепш было б зрабіць гэта ў лютым. Але пры адсутнасьці агульнага падыходу, гэта будзе цяжка. А пачатак вясны — гэта крайні тэрмін. Калі адкладаць далей, то ня будзе часу рэалізоўваць ідэі, якія будуць распрацаваныя на Кангрэсе. Таму плянуем пачатак вясны».

Сярод прынцыповых пытаньняў, якія трэба разгледзець падчас Кангрэсу, Уладзімер Някляеў назваў выпрацоўку агульнай пазыцыі што да ўдзелу апазыцыі ў парлямэнцкіх выбарах, а таксама фармуляваньне стаўленьня да пацяпленьня стасункаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

«Ня ўсе аднолькава ставяцца да працэсаў, якія ідуць цяпер у дачыненьнях паміж Беларусьсю і Эўропай. Адныя іх вітаюць. Іншыя — асьцерагаюцца гэтых працэсаў, аргумэнтуючы гэта тым, што яны не вядуць да пазытыўных зьменаў у грамадзтве, але ствараюць спрыяльныя ўмовы для рэжыму».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG