Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цягнік Чыкага-Токіё»: Андрэй Хадановіч распавёў пра новую кнігу


Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Гэта першая за пяць год кніга вершаў беларускага паэта, калі ня браць пад увагу бэстсэлер дзіцячых вершаў Хадановіча «Нататкі таткі». Акрамя вершаваных дарожных нататак, у ёй будуць пераклады песень, якія паэт выканае на імпрэзе напярэдадні Калядаў.

У сераду, 23 сьнежня ў менскай Галерэі «Ў» (пр-т Незалежнасьці, 37а) пройдзе вечарына «Воседзясят хвілін вакол сьвету: каляднае падарожжа», у межах якой адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі вершаў «Цягнік Чыкага-Токіё» беларускага паэта Андрэя Хадановіча. Пачатак а 20-й гадзіне, з 19:30 паэт будзе раздаваць аўтографы ў кнігарні «логвінаЎ».

«Цягнік Чыкага-Токіё» — першая за пяць год кніга ўласных «дарослых» вершаў Хадановіча. У «нулявых» паэт часта выдаваў кнігі ўласнай паэзіі, але зь 2010 па 2015 выйшлі адно пераклады ды кніга дзіцячай паэзіі «Нататкі таткі». «Цягнік Чыкага-Токіё» выдадзеная ня надта вялікім накладам, але, кажа паэт, выдавец можа дадрукоўваць наклады па меры распродажу папярэдняга.

Вокладка кнігі

Вокладка кнігі

Андрэй Хадановіч падрабязна распавёў Свабодзе пра кнігу, але адмовіўся казаць без адваката, што ў ёй праўда, а што выдумка:

«На тры чвэрці ці чатыры пятых кніга складаецца з маіх вершаў-падарожжаў, вэрлібраў і рыфмаваных падарожных нататак. Пэўныя цыклы перабіваюцца перакладамі маіх любімых песьняў. Усе тэксты, якія чытаюцца, мае, а ўсё тое, што сьпяваецца, яно перакладзенае. Сярод перакладаў ёсьць славутая песьня «Лілі Марлен» Ганса Ляйпа, некалькі знакамітых тэкстаў Леанарда Коэна, ёсьць нешта ад французскага шансанье Сержа Генсбура, некалькі тэкстаў Яцэка Качмарскага, некалькі перакладаў расейскіх песень — ад Уладзімера Высоцкага да хуліганскай «Арляндыны» Валахонскага і Хвасьценка, ёсьць адзін шлягер ад Стынга.

У кнігу ўвайшлі вершы, напісаныя за апошнія пяць гадоў. Яны пісаліся ў розныя пэрыяды і сапраўды былі зьвязаныя зь геаграфічнымі перамяшчэньнямі, можа быць, таму, што ў Менску мы жывем «лётаючы зь языком за плячыма». А такія штукі, як творчыя стыпэндыі, дазваляюць крыху перавесьці дых, прыгледзіцца да жыцьця навокал, адчуць сябе часткай краявіду і ўпісаць гэты зьнешні краявід у свой унутраны. У гэтай кнізе, зразумела, ёсьць нейкія прыёмчыкі знаёмага чытачу Хадановіча, можна будзе пабачыць і цытаты, і іронію, але на фоне большасьці кніжак у гэтай выказваньні досыць шчырыя, лірычны герой, калі ён і ёсьць, то максымальна набліжаны да аўтара. Ня буду казаць, а калі буду, то толькі ў прысутнасьці адваката казаць, якія з апісаных падзеяў мелі месца з Андрэем Хадановічам, а што адбывалася зь яго лірычным героем.

Малюнак Райнхарда Кляйста з кнігі Андрэя Хадановіча „Цягнік Чыкага-Токіё“

Малюнак Райнхарда Кляйста з кнігі Андрэя Хадановіча „Цягнік Чыкага-Токіё“

Ладная частка гэтых вершаў пісалася ў 2012 годзе, калі аўтар спачатку атрымаў стыпэндыю французскага міністэрства культуры і месяц бадзяўся па Парыжы, натхняючыся, парыжскія цікавосткі і ўражаньні пераплаўляючы ў тэксты. Потым у тым жа годзе амаль усю восень правёў у Амэрыцы на літаратурнай стыпэндыі ў штаце Аёва, удалося пабываць у Чыкага, Сан-Францыска, Тэхасе. І гэтыя ўражаньні натхнялі і сілкавалі. Гэта два найбольшыя блёкі. Трэці вялікі блёк зьвязаны з Балтыйскім морам, якое мяне чаруе больш за іншыя. Мо на іншых занадта горача, сьпёчна, да Белага мора ці Ледавітага акіяну мяне пад канвоем яшчэ не высылалі, а Балтыка — гэта тое, што адпавядае майму беларускаму тэмпэрамэнту і цеплаабмену. Разам з тым ёсьць кароткія падарожныя ўражаньні — ад Японіі, ад Карэі, ад Ісьляндыі, ад Барсэлёны. Дзьве самыя экзатычныя вылазкі — гэта ў Калюмбію і ў Вэнэсуэлу.

Малюнак Райнхарда Кляйста з кнігі Андрэя Хадановіча „Цягнік Чыкага-Токіё“

Малюнак Райнхарда Кляйста з кнігі Андрэя Хадановіча „Цягнік Чыкага-Токіё“

Усе падарожжы пачынаюцца ў Парыжы, а сканчаюцца ў Менску, ёсьць нізка менскіх вершаў, мо іншых па атмасфэры. Альбо восеньскія краявіды і ўжо апісаныя ў аўтара 38-я тралейбусы — мо таму, што „восень“ добра рыфмуецца з „восем“. Але „восень“ і „восем“ — гэта неяк банальна, а „восень“ і „трыццаць восем“ — гэта прэтэнзія на нейкую большую вышуканасьць (сьмяецца. — РС). Традыцыйна — гэта я лічу шматгадовай „фішкай“ — кожны год з надыходам Калядаў і Новага году я спрабую акунуцца ў гэтую тэму, адчуць „дух Калядаў“, як пісаў Чарльз Дыкенс, і напісаць калядны верш. Таму і гэтая кніжка скончыцца як нейкай кропкай некалькімі каляднымі вершамі апошніх гадоў».

Адна з асаблівасьцяў кнігі — ілюстрацыі вядомага нямецкага мастака-графіка Райнхарда Кляйста, аднакаляровыя і рознакаляровыя. На адным пэрфомансе, 12 лютага ў «Галерэі Ў» Хадановіч зачытваў вершы і сьпяваў пераклады песень, а Кляйст па ўражаньнях ад твораў маляваў на вачох публікі скетчы-імправізацыі — іх ён дазволіў выкарыстаць у кнізе.

Малюнак Райнхарда Кляйста з кнігі Андрэя Хадановіча „Цягнік Чыкага-Токіё“

Малюнак Райнхарда Кляйста з кнігі Андрэя Хадановіча „Цягнік Чыкага-Токіё“

Андрэй Хадановіч кажа, што пасьля прэзэнтацыі ня выключаныя і далейшыя выступы, у тым ліку з музычным суправаджэньнем:

«На працягу апошніх двух гадоў меў цікавы досьвед супрацы з Уладзем Лянкевічам і гуртом TonqiXod. Упершыню яны падтрымалі мяне, калі я прэзэнтаваў дыск Качмарскага „Муры“, зайгралі супольны канцэрт, потым у Беларусі і за межамі пашырылі рэпэртуар. Апошні раз выступілі ў Познані на фэстывалі „Фразы“ — нягледзячы на тое, што большасьць публікі не да канца разумела беларускую, публіка цёпла прымала і Качмарскага, і Коэна, і Высоцкага».

Верш, што даў назву кнізе, Хадановіч прадстаўляў год таму на Літрадыё:

Сёньня я дабіраўся
з Чыкага ў Токіё на цягніку,
бо калі самалёт ляціць 13 гадзінаў,
гэта ўжо цягнік.
Гэта як стартаваць у Берасьці
і цэлую ноч ехаць у Гомель,
адсочваючы па маніторы
рух свайго цягніка,
што мусіць абагнуць Ціхі Акіян
праз Канаду, Аляску,
Камчатку й Сахалін.
У агульным вагоне
гучыць клясычная музыка.
Па калідоры праходзяць
бездакорна ветлівыя правадніцы,
разносячы рысавыя крэкеры.
Бліжэй да адзінаццатай,
ужо за канадзкай мяжой,
пасажырам прапаноўваюць найлепшае ў Фаніпалі
сьлівовае віно зь лёдам —
і я адчуваю, як у цемры, за ілюмінатарамі вагона,
расьцьвітаюць сьлівы, вішні й сакуры.
Апоўначы
у Петрапаўлаўску-Камчацкім
у цягнік заходзяць цёртыя жыцьцём мужчыны,
прапануючы памяняць украінскія грыўны
на японскія ены.
А пад раніцу ў Сапара
вагон запаўняюць мясцовыя бабулькі,
з гучным крыкам просячы купіць
яшчэ цёплае сакэ,
сьвежазгатаваныя хатнія сушы
і самаробныя нэцкэ
у выглядзе плюшавых мядзьведзікаў,
якімі ім тут выдаюць зарплату.
Цягнік набліжаецца да станцыі прызначэньня.
Машыніст зь японскім прозьвішчам,
што адзін у адзін супадае з тваім, любая,
у апошні раз зьвяртаецца да пасажыраў
на прыўкраснай беларускай мове
зь ледзь прыкметным паўночна-карэйскім акцэнтам.
А я ў чарговы раз думаю, як гэта сумна —
большую частку дарогі
зноў ехаць безь цябе,
бо ты сышла яшчэ ў Аранчыцах,
а я паехаў далей.
XS
SM
MD
LG