Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскую актывістку судзяць за «заклік да сэпаратызму» праз «Ўкантакце»


Дар’я Палюдава зь пікетам у падтрымку Ўкраіны
Дар’я Палюдава зь пікетам у падтрымку Ўкраіны

Актывістка кажа, што фраза «этнічныя ўкраінцы Кубані хочуць далучыцца да Ўкраіны» была «тролінгам».

Кастрычніцкі суд Краснадару мае вынесьці 21 сьнежня прысуд 26-гадовай кубанская актывістцы Дар’і Палюдавай за «заклік да экстрэмісцкай дзейнасьці і да сэпаратызму» праз пасты ва «Ўкантакце». У ліку «сэпаратысцкіх» — перапост карцінкі з надпісам «Этнические украинцы Кубани хотят присоединиться к Украине», а сярод «экстрэмісцкіх» — пост, у якім адказнасьць за тэракты і разнастайныя беды Расеі ўскладаецца на Ўладзімера Пуціна, а таксама ставіцца пытаньне, чаму расейцы ня могуць скінуць рэжым, як тое зрабілі ўкраінцы.

Сама Дар’я Палюдава лічыць, што «сэпаратысцкі» пост ня быў «заклікам да зьмены асноваў канстытуцыйнага ладу Расеі» — гэта быў «тролінг, жарт і нічога болей». У посьце пра зьмену рэжыму, сьцьвярджае актывістка, яна мела на ўвазе негвалтоўныя дзеяньні.

Яна бачыць у судзе абвінаваўчы ўхіл і не чакае апраўдальнага прысуду:

«Суд парушыў прынцып спаборнасьці бакоў, прадугледжаны і Канстытуцыяй РФ, і Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Ён парушыў тым, што ня ўзяў да ўвагі ні лінгвістычнае дасьледаваньне, ні сацыял-гуманітарнае дасьледаваньне, ні псыхоляга-дыягнастычнае дасьледаваньне. Ні адно хадайніцтва з боку абароны практычна не было задаволена, акрамя як допыту аднаго з экспэртаў. Тут відавочна прасочваецца абвінаваўчы ўхіл. Працэсы над жанчынамі, над Pussy Riot, над Надзеяй Саўчанкай, нада мной — усё паказваюць сутнасьць патрыярхальнай дзяржавы, дзе, як кажуць мужчыны, жанчынам толькі месца нараджаць. Тое ж самае, дарэчы, і судзьдзя казаў, што мне б трэба знайсьці мужа і жыць спакойна», — распавядала Дар’я Свабодзе.

Пракурор патрабуе для Палюдавай 3,5 года калёніі-пасяленьня. Дар’я адно спадзяецца, што ёй не прысудзяць зьняволеньне агульнага рэжыму, але ўласна зьняволеньня не баіцца:

«Я ведаю, што пасьля таго, як выйду, я таксама буду працягваць змагацца. Таму трэба гэты час проста ператрываць дзеля будучай далейшай барацьбы».

Гэта ня першы арышт у яе жыцьці: у жніўні 2014-га Дар’я стала першай у Расеі абвінавачанай па новым артыкуле за публічныя заклікі да сэпаратызму, правяла за кратамі паўгода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG