Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Урад згубіў кантакт з рэальнасьцю і эканомікай», — Раманчук


Аляксандар Лукашэнка прагназуе хоць і невялікі, але рост беларускай эканомікі ў 2016 годзе. Але экспэрты ў гэты прагноз ня вераць.

У пятніцу, 18 сьнежня, Лукашэнка падпісаў указ «Аб задачах сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2016 год». Згодна з дакумэнтам, ВУП Беларусі ў 2016 годзе павінен вырасьці на 0,3%, прадукцыйнасьць працы — ня менш як на 1,5%, экспарт тавараў і паслуг — на 3,5%.

Прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця — адзін з асноўных дакумэнтаў, на якіх базуецца эканамічная палітыка дзяржавы. Між тым, у Беларусі гэты прагноз хранічна не выконваецца.

Так, на 2015 год прагназаваўся рост ВУП на ўзроўні 0,2-0,7%, а на гэты момант падзеньне ВУП складае 3,9%.

На 2014 год прагназаваўся рост у 3,3%, а ў рэчаіснасьці ВУП вырас толькі на 1,6%.

У 2013 годзе прагназаваўся рост на ўзроўні 8,5%, аднак вырас ВУП усяго на 0,9%.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук у інтэрвію Свабодзе заявіў, што прагноз на 2016 год адарваны ад рэальнасьці.

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Нават ён (Лукашэнка — РС) ужо не называе гэта прагнозам, ён абазваў гэта заданьнем, а гэта значыць, што ён сам у гэта ня верыць. У Беларусі ўжо даўно тое, што называецца прагназаваньнем зьяўляецца проста прапагандысцкімі, ідэалягічнымі ўстаноўкамі для таго, каб стаць часткай прапаганды, прамываньня мазгоў людзям. Таму тое, што ўрад згубіў кантакт з рэальнасьцю і эканомікай — гэта відавочна. І тыя людзі, якія сваімі дзеяньнямі давялі да гэтага сыстэмнага крызісу, ім даручана зноў пазьдзекавацца з нашай эканомікі яшчэ адзін год. Тут можна толькі паспачуваць нам і канстатаваць, што Аляксандар Лукашэнка, па-сутнасьці, з пустой абоймай нічога зрабіць ня можа», — адзначыў ён.

На думку Раманчука, насамрэч у 2016 годзе будзе назірацца падзеньне ВУП на ўзроўні, як мінімум, 3-5%.

«Я думаю, што рэальнае падзеньне ВУП будзе на ўзроўні 3-5 адсоткаў, прынамсі. Бо, улічваючы тое, што адбываецца ў Расеі, што адбываецца з цэнамі на нафту, што адбываецца з узроўнем канкурэнтаздольнасьці, калі мы выйдзем на 5% — гэта яшчэ будзе добра», — лічыць ён.

Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што сёньня няма падстаў для росту ВУП Беларусі.

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«Сёньня даходы насельніцтва вышэй магчымасьцяў эканомікі. Гэты навес вісіць над эканомікай. А паступленьне зьнешніх рэсурсаў, за кошт якіх гэты заробак забясьпечваўся, затармазілася. Каб падтрымліваць нават дасягнуты ўзровень даходаў (ня вельмі высокі), патрабуецца значнае прыцягненьне зьнешніх рэсурсаў, а цяпер гэта цяжка зрабіць. Ні рост даходаў, ні рост эканомікі пакуль не забясьпечваецца чаканым паступленьнем ад зьнешніх рэсурсаў ні ад МВФ, ні ад Эўразійскай фонду стабілізацыі і разьвіцьця. Нават абяцаныя крэдыты — 2 мільярды ад Расеі і 3 мільярды ад МВФ — гэта недастатковыя рэсурсы, нават з улікам пляну прыцягненьня 1 мільярда за кошт продажу аблігацый»,— кажа эканаміст.

На думку Злотнікава, ВУП Беларусі ў 2016 годзе будзе падаць тымі ж тэмпамі, як і ВУП Расеі.

«Калі цяпер у Расеі большасьцю эканамістаў прагназуецца спад 3-4%, то ўстае пытаньне, за кошт чаго тады будзе падтрыманы эканамічны рост Беларусі. Бо таго рынку збыту ў Расеі, які быў раней, па-ранейшаму не будзе», — дадае ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG