Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славенцы прагаласавалі супраць аднаполых шлюбаў


На рэфэрэндуме амаль дзьве траціны тых, хто галасаваў, выказаліся супраць. Яўка — крыху больш за траціну выбарцаў.

Паводле папярэдніх вынікаў па апрацоўцы 99% бюлетэняў, Славенія 20 сьнежня прагаласавала супраць права рэгістраваць сям’ю для аднаполых параў, паведамляе BBC. Пры яўцы ў 35,65% супраць прагаласавалі 63,42%. Шлюб прапаноўвалася назваць «саюзам двох» замест «саюзу мужчыны і жанчыны».

У сакавіку парлямэнт краіны прагаласаваў за легалізацыю аднаполых шлюбаў, але праціўнікі закону дамагліся вынясеньня пытаньня на рэфэрэндум. Найбольш кансэрватараў турбавала права аднаполых сем’яў на ўсынаўленьне дзяцей. Праціўнікаў аднаполых шлюбаў у Славеніі падтрымаў Папа Францішак, які заклікаў абараняць хрысьціянскую ідэю сям’і.

Славенія аднойчы ўжо адмовіла аднаполым парам рэгістраваць шлюб на рэфэрэндуме ў 2012 годзе. Тым ня менш, партыя «Аб’яднаныя левыя», аўтары заканадаўчай ініцыятывы, лічаць гэта толькі часовымі цяжкасьцямі і перакананыя, што закон будзе прыняты раней ці пазьней.

На сёньня аднаполыя шлюбы легалізаваныя ў 18 краінах сьвету, 13 зь іх — у Эўропе. Славенія магла стаць першай посткамуністычнай краінай у іх ліку.

XS
SM
MD
LG