Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія прадпрымальнікі сыходзяць з працоўных месцаў на знак пратэсту


Ад 1 студзеня многія прадпрымальнікі зьбіраюцца прыпыніць дзейнасьць празь немагчымасьць выкананьня ўказу № 222.

Індывідуальныя прадпрымальнікі масава нясуць заявы адміністрацыі гандлёвых цэнтраў і рынкаў аб прыпыненьні ці спыненьні дзейнасьці, паведамляе Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва».

Прадпрымальнікі патрабуюць скасаваць указ № 222 ці прыпыніць яго дзеяньне на 6 месяцаў да выпрацоўкі аптымальнага рашэньня. Згодна з указам, ад 1 студзеня 2016 году індывідуальныя прадпрымальнікі павінны будуць прадаваць прадукцыю прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці краінаў Мытнага саюзу толькі з суправаджальнымі дакумэнтамі. Гэта, як сьцьвярджаюць прадпрымальнікі, практычна немагчыма празь нежаданьне расейскіх пастаўшчыкоў выдаваць адпаведную дакумэнтацыю.

Таксама ў лісьце Аляксандру Лукашэнку, апублікаваным 15 сьнежня на сайце «Пэрспэктывы», прадпрымальнікі патрабуюць скасаваць пастанову ўраду № 666 пра абавязковую санітарна-гігіенічную экспэртызу замежных тавараў, зьнізіць для індывідуальных прадпрымальнікаў стаўку адзінага падатку на 50-70% да таго моманту, пакуль сярэдняя зарплата па краіне не «дарасьце» да 1000 даляраў, накласьці на 5 год мараторый на канфіскацыі і праверкі ў межах тэхрэглямэнту Мытнага саюзу, на палову зьменшыць штрафы для бізнэсу і спыніць «практыку напаўненьня бюджэту праз канфіскацыйныя мэтады», перастаць канфіскоўваць тавары, калі не даказанае іх крымінальнае паходжаньне, адмяніць абавязковую ўсталёўку плацёжных тэрміналаў.

Лідэр ранейшых пратэстаў прадпрымальнікаў, грамадзкі актывіст Алесь Таўстыка мяркуе, што пакуль ацэньваць колькасьць тых, хто не зьбіраецца выходзіць на працу пасьля 1 студзеня, яшчэ рана: усё адбудзецца «дні праз тры», пасьля Калядаў. Але перакананы: пасьля Новага году на працу выйдуць адзінкі:

Алесь Таўстыка

Алесь Таўстыка

«Я думаю, 2-3 студзеня нейкая частка людзей будзе працаваць. Наўрад ці адразу зь 1-га пойдуць праверкі падатковай ці Мінгандлю. Прадпрымальнікі, якія яшчэ маюць кантракты на арэнду, выйдуць на свае працоўныя месцы, а астатнія проста прыйдуць і будуць з боку назіраць за сытуацыяй.

Пасьля Новага году на працу выйдуць адзінкі. Гэта будуць людзі багацейшыя, набліжаныя да адміністрацыяў раёнаў ці гарадоў. Як мэр Маладзечна, які мае гандлёвыя кропкі на „Ждановічах“: вядома, ніхто яго правяраць ня прыйдзе, у яго горадзе яму нібыта зробяць сэртыфікаты, і нанятыя ім людзі выйдуць працаваць.

Я за тое, каб пратэсты рабіліся нармальнай грамадзянскай супольнасьцю: няхай спачатку ставіліся б умовы і былі „добразычлівыя“ страйкі, бязь нейкіх пагрозаў, бяз выхаду на Плошчу, а адстойваньне на гандлёвых месцах. Няхай уладальнікі гандлёвых цэнтраў адчуюць, што іхны бізнэс таксама залежыць ад прадпрымальнікаў — ніхто на іх месца адразу ня выйдзе, бо ні ў каго адразу дакумэнты ня зьявяцца.

Далей — можа, малюнак будзе больш палітызаваны, мо Аляксандар Лукашэнка знойдзе час і зноў сустрэнецца з прадпрымальнікамі ці запросіць да сябе на сустрэчу без СМІ цікавы яму кантынгент з буйнога, сярэдняга і малога бізнэсу».

XS
SM
MD
LG