Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі амбасадар не выключае зьніжэньня для Беларусі цаны на газ


Аляксандр Сурыкаў

Аляксандр Сурыкаў

Цэны на расейскі газ для Беларусі ў 2016 годзе могуць зьнізіцца. Пра гэта ў інтэрвію праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ заявіў расейскі амбасадар Аляксандр Сурыкаў. Паводле яго, зьніжэньне можа быць, але невялікае — зь цяперашніх 142 да 135-140 даляраў за тысячу кубамэтраў. Залежыць гэта будзе ад зьменаў цэнаў на сусьветным рынку.

Што да нафты, дык Сурыкаў таксама не выключае зьніжэньня коштаў для Беларусі ў наступным годзе.

Беларусь апошнім часам скардзілася на якасьць і кошт расейскай нафты і хацела зьбіць цану. Нядаўна пра цэны на нафту казаў намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімер Сямашка, які ня першы год запар вядзе перамовы па нафтавым пытаньні з Расейскай Фэдэрацыяй. Уладзімер Сямашка наракаў на рэзкае зьніжэньне коштаў на нафту, што дае падставу для абмеркаваньня гэтага пытаньня з расейскім бокам.

«Кошты рэзка ўпалі. Ёсьць падставы, каб абмяркоўваць, па якіх цэнах павінна пастаўляцца і купляцца нафта. Створаная рабочая група, яна праводзіць аналіз. Там прадстаўнікі «Лукойла», «Сургутнафтагазу», «Газпрамнафты» і «Раснафты» і, натуральна, нашага «Белнафтахіму»,

— сказаў Уладзімер Сямашка, камэнтуючы інфармацыю пра тое, што беларускі бок прапануе расейскім пастаўшчыкам перагледзець формулу цаны на нафту, якая пастаўляецца: павялічыць дысконт мінімум яшчэ на пяць даляраў за тону.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG