Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку выбуху ў Валгаградзе 11 чалавек шпіталізаваныя, васьмёх ня могуць знайсьці 


У выніку выбуху ў адной з кватэр жылога дома ў Валгаградзе 11 чалавек з рознымі траўмамі шпіталізаваныя, месцазнаходжаньне яшчэ васьмі чалавек, якія пражывалі ў трох кватэрах, усталёўваецца, паведаміў начальнік Нацыянальнага цэнтра кіраваньня ў крызысных сытуацыях МНС Віктар Яцуцэнка.

Як паведамляе ТАСС са спасылкай на Яцуцэнка, дзесяць чалавек, якія трапілі ў шпіталь — жыхары дома, яшчэ адзін чалавек атрымаў траўму, праходзячы міма.

«Па інфармацыі рэгіянальнага цэнтра мэдыцыны катастроф, неабходнасьці ў транспарціроўцы пацярпелых у Маскву няма», — сказаў Яцуцэнка.


Паводле прэс-сакратара Міністэрства аховы здароўя Расеі Алега Салагая, сярод шпіталізаваных двое дзяцей і адна цяжарная жанчына. Стан траіх пацярпелых ацэньваецца як цяжкі, астатніх — сярэдняй ступені цяжкасьці.

Выбух, як мяркуюць, бытавога газу адбыўся ў нядзелю днём у дзевяціпавярховым доме нумар 47 па вуліцы Касманаўтаў. Расейскія СМІ са спасылкай на відавочцаў паведамляюць, што выбухаў было ня менш за два.

У выніку абвалілася зьнешняя сьцяна дома з 2 па 9 паверхі і пачаўся пажар на плошчы каля 30 кв.м. Пажар патушаны, аднак ратавальнікі правяраюць, ці не засталося ў будынку ачагоў тленьня.

Паводле ТАСС, у Валгаград з падмаскоўнага аэрадрома Раменскае быў дастаўлены атрад выратавальнікаў, а таксама спэцтэхніка для пошукавых работ і дыягностыкі ўстойлівасьці будынкаў.

XS
SM
MD
LG