Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рост працэнтных ставак у ЗША паўплывае на іншыя краіны?


Упершыню за апошнія сем гадоў у ЗША павышаныя працэнтныя стаўкі. Умацаваньне даляра можа мець як станоўчы, так і адмоўны эфэкт для эканомікі іншых краін.

Рашэньне Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы (ФРС) ЗША ад 16 сьнежня паклала канец працягламу пэрыяду, падчас якога працэнтныя стаўкі ў ЗША знаходзіліся ў калідоры ад 0 да 0,25 адсотка. Такі нізкі ўзровень дазволіў амэрыканскім кампаніям і прыватным асобам нядорага пазычаць грошы, што было неабходна для пераадоленьня рэцэсіі і стымуляваньня эканамічнага росту.

Зараз стаўкі павысіліся да калідора ад 0,25 да 0,50 адсотка. Гэта прыкмета таго, што ФРС лічыць, што амэрыканская эканоміка аздаравілася, таму больш строгая манэтарная палітыка па падаражаньню пазык накіравана на падтрыманьне спажывецкіх крэдытаў ніжэй за ўзровень, які б спрыяў інфляцыі. Гэта рашэньне па-рознаму можа паўплываць на эканомікі іншых краін.

Умацаваньне даляра

Павышэньне працэнтных ставак азначае ня толькі тое, што амэрыканскія банкі будуць атрымліваць больш высокі працэнт па крэдытах, якія выдаюцца, але і тое, што яны будуць плаціць больш высокі працэнт тым, хто пазычае грошы ім самім, напрыклад інвэстарам.

Кіраўніца Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША Джэнэт Йелен

Кіраўніца Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША Джэнэт Йелен


Гэта таксама азначае, што пакупнікі дзяржаўных аблігацый (бондаў) ЗША будуць атрымліваць больш высокія працэнты. Такая магчымасьць, хутчэй за ўсё, прыцягне замежных інвэстараў на фінансавыя рынкі ЗША і канкурэнцыя інвэстараў за даляр можа яшчэ больш умацаваць яго кошт.

Пасьля абвяшчэньня рашэньня ФРС даляр трохі павысіўся ў адносінах да эўра і японскай йены. Аднак у будучыні чарговае павышэньне працэнтных ставак можа аказаць ціск на далейшы рост даляра.

Умацаваньне даляра нэгатыўна адаб’ецца на краінах, у якіх вялікі зьнешні доўг у гэтай валюце. Ім прыйдзецца плаціць больш сваёй нацыянальнай валюты, каб набыць даляры для пагашэньня сваіх даўгавых абавязацельстваў, што зьяўляецца дадатковай нагрузкай для іх казны. У той жа час моцны даляр азначае больш высокую цану пазык для краін, якія жадаюць атрымаць новыя пазыкі для фінансаваньня новых праектаў.

Пакуль невядома, як хутка ФРС плянуе правесьці наступнае павышэньне працэнтных ставак. Многія экспэрты кажуць, што даволі сьціплы крок 16 сьнежня азначае, што тэмпы павышэньня будуць павольнымі. Як лічыць спэцыяліст па рынках лёнданскай фінансавай кампаніі Capital Economics Уільям Джэксан, пакуль можна не чакаць «агрэсіўнага напружаньня» і «рэзкага росту кошту пазык».

У той жа час любое ўмацаваньне даляра выклікае занепакоенасьць у краінах — экспарцёрах сыравіны, якія ўжо адчуваюць эканамічныя цяжкасьці з-за сусьветнага падзеньня цэн на сыравіну — ад нафты і мэталаў да харчаваньня. Цяпер ім прыйдзецца плаціць больш за даляры, нават калі даходы ад іх уласнага экспарту зьнізіліся.

Праблемы краін — экспарцёраў сыравіны

Разьвіцьцёвым эканомікам для росту неабходныя зьнешнія інвэстыцыі. Аднак паколькі павышэньне працэнтных ставак у ЗША можа заахвоціць інвэстараў накіравацца туды, гэта можа азначаць зьніжэньне інвэстыцый на іншых фінансавых рынках, у тым ліку ў краінах, якія разьвіваюцца. Гэта асабліва адаб’ецца на краінах, інвэстыцыі ў якія лічацца рызыкоўнымі па палітычных ці эканамічных прычынах. Краіны — экспарцёры сыравіны асабліва ўразьлівыя, паколькі сусьветныя цэны на сыравіну працягваюць заставацца надзвычай непрадказальнымі ў сувязі зь лішкам прапановы і нявызначанасьцю павышэньня попыту.

Абменьнік у Маскве

Абменьнік у Маскве


З ростам даляра спажыўцам давядзецца плаціць больш сваёй валюты за імпартныя тавары і ўнутраныя прадукты, для вытворчасьці якіх выкарыстоўваюцца імпартныя матэрыялы. Больш за ўсё могуць пацярпець краіны, чыя эканоміка заснавана на экспарце сыравіны. Многія краіны — экспарцёры сыравіны, натхнёныя павышэньнем цэн на сыравіну за мінулыя дзесяцігодзьдзі, калі сусьветны попыт на нафту і мэталы быў высокім, настолькі сканцэнтраваліся на пашырэньні сваёй сыравіннай галіны, што надавалі зусім мала ўвагі разьвіцьцю іншых галін, такіх як вытворчасьць. Гэта робіць такія краіны моцна залежнымі ад імпарту.

Новыя магчымасьці

Разам зь некаторымі цяжкасьцямі, павышэньне працэнтных ставак у ЗША можа даць і новыя магчымасьці для іншых эканомік. Экспарт тавараў з ЗША можа стаць больш дарагім, чым купля аналягічных тавараў у іншых краінах, з больш слабай валютай. Краіны-вытворцы ў Эўропе і Азіі зьяўляюцца відавочнымі бэнэфіцыярамі, але таксама ад гэтага могуць выйграць і асобныя кампаніі па ўсім сьвеце, якія канкуруюць з амэрыканскімі прадпрыемствамі.

Ня менш важным аднаўленьне эканомікі ЗША можа стаць і для ўсіх кампаній, якія экспартуюць у ЗША і якія пакутавалі ад нізкіх продажаў у апошнія гады ў сувязі з рэцэсіяй.

— Калі ФРС будзе працягваць павышаць працэнтныя стаўкі, гэта стане пацьверджаньнем таго факту, што магутная эканоміка ЗША патрабуе больш жорсткай манэтарнай палітыкі, і само па сабе гэта добра для сьвету. Гэта будзе азначаць, што попыт у ЗША ўмацоўваецца, таму рынкі, якія разьвіваюцца, могуць убачыць некаторае павышэньне ў зьнешнім попыце [на іх экспартныя прадукты], — кажа Уільям Джэксан.

XS
SM
MD
LG