Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія дыпляматы забарыкадаваліся ў доме ў Швэцыі, ім адключылі ваду


Эскаляцыя ў барацьбе за корпус Гандлёвага прадстаўніцтва РФ у Швэцыі дасягнула свайго піку: «барыкады» з боку расейскіх дыпляматаў і адключэньне водазабесьпячэньня ва ўсім будынку з боку камуны Лідынгё, паведамляе Радыё Швэцыя.

Увайсьці ў дом ніхто ня мае права, паколькі ён мае статус дыпляматычнай недатыкальнасьці. Зараз пад’езды да дома забарыкадаваныя бэтоннымі блёкамі і шыльдай, якая абвяшчае, што гэта ўласнасьць амбасады Расейскай фэдэрацыі.

«Дом на Лідынгё» — васьміпавярховы шматкватэрны дом, будынак гандлёвага прадстаўніцтва РФ на прэстыжным востраве Лідынгё, камуне-спадарожніку швэдзкай сталіцы, быў прададзены з аўкцыёну ў пачатку 2014 году. Вярхоўны суд Швэцыі пастанавіў, што расейская нерухомасьць у Швэцыі можа быць арыштаваная і прададзеная з-за даўгоў Расеі перад нямецкім бізнэсоўцам Францам Зэдэльмаерам, які патрабаваў ад краіны каля 5 млн. эўра. З уладамі Расейскай Фэдэрацыі Франц Зэдэльмаер судзіцца ўжо больш за пятнаццаць гадоў. Ён сьцьвярджае, што ў пачатку дзевяностых яму быў нанесены матэрыяльны ўрон пры спробе пачаць бізнэс у Санкт-Пецярбургу. У юрыдычнай спрэчцы з расейскімі ўладамі Зэдэльмайер ўжо ня раз дамагаўся посьпеху. Рашэньні на карысьць нямецкага прадпрымальніка выносілі суды ня толькі Швэцыі, але і Нямеччыны.

Стэфан Хэге, адвакат і адзін з трох уладальнікаў будынка на Дідынгё, ня можа патрапіць у яго ўжо больш за год. У інтэрвію газеце Svenska Dagbladet, ён заявіў, што, акрамя адключэньня вады, плянуюцца і іншыя дзеяньні.

«Мы яшчэ паглядзім, ці змогуць яны зварыць сваю калядную кашу», — сказаў ён журналістам, маючы на ўвазе расейскіх дыпляматаў, якія жывуць у доме і адмаўляюцца яго пакідаць. Ён адзначыў, што, як уладальнік, ён не атрымлівае ні арэнднай платы ад жыхароў, якія пражываюць у доме, ні платы за ваду і электрычнасьць.

«Рускія думаюць, што яны могуць анэксаваць дом», — кажа Стэфан Хэге.

У пасольстве Расеі ў Швэцыі, інцыдэнт камэнтаваць адмовіліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG