Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэцыянская камісія прызнала ўкраінскі закон аб дэкамунізацыі недэмакратычным


Украінскі закон аб дэкамунізацыі не адпавядае стандартам Рады Эўропы. Такое рашэньне прыняла Эўрапейская камісія «За дэмакратыю праз права» (больш вядомая як Вэнэцыянская камісія). Пра гэта паведамілі ў прэс-службе РЭ.

Рада Эўропы дала Кіеву шэраг рэкамэндацыяў, якія дазволяць прывесьці закон у адпаведнасьць са стандартамі Рады Эўропы, захаваўшы яго асноўную задачу адносна забароны камуністычнай і нацыянал-сацыялістычнай прапаганды.

У РЭ падкрэсьлілі, што ў Вэнэцыі была прынятая агульная выснова Вэнэцыянскай камісіі і Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ — інстытуцыі, якая найбольш вядомая ў сувязі з назіраньнем за выбарамі.

ВК і БДІПЧ прызнаюць права Ўкраіны забараніць ці нават крыміналізаваць пэўную сымболіку або прапаганду таталітарных рэжымаў, але папярэджвае, што ў цяперашняй фармулёўцы закон можа прывесьці да парушэньня права на свабоду выказваньня.

У прыватнасьці, Кіеў заклікалі дакладней вызначыць тэрмін «прапаганда» — такім чынам, каб «гэта вызначэньне тычылася толькі чагосьці большага, чым простага выказваньня думак або ідэй». Таксама ў ВК зьвярнулі ўвагу на адрозьненьне падыходаў да нацызму і камунізму ва ўкраінскім законе .

Асобная тэма для заўваг — прадугледжаныя пакараньні.

«Экспэрты адзначаюць, што закон утрымлівае строгія і непрапарцыйныя санкцыі ў дачыненьні да парушальнікаў... Крымінальная адказнасьць павінна быць толькі за дзеяньні, якія ўяўляюць небясьпеку для грамадзтва», — растлумачылі ў РЭ.

У сумесным заключэньні вэнэцыянскай камісіі і БДІПЧ гаворыцца: «Звычайная дэманстрацыя (забароненай) сымболікі або назвы не павінны прыводзіць да зьняволеньня (парушальніка)». Міжнародныя арганізацыі заклікалі Ўкраіну перагледзець нормы аб крымінальным пакараньні.

Асобная заўвага тычыцца забароны палітычных сілаў, якія парушаюць закон «Аб асуджэньні таталітарных рэжымаў». «Забарона такім партыям удзельнічаць у выбарах ці іх роспуск павінны быць апошнім сродкам узьдзеяньня і прымяняцца толькі ў выключных выпадках», — гаворыцца ў дакумэнце, прынятым у Вэнэцыі.

Яшчэ адна праблема — магчымасьць крымінальнага перасьледу журналістаў і фактычнага ўвядзеньня дзяржаўнай цэнзуры, уключна з закрыцьцём СМІ, калі будзе вырашана, што яны маюць дачыненьне да «прапаганды».

Украінскі бок выказаў гатоўнасьць да перагляду закона ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі, сьцьвярджаюць у Радзе Эўропы.

Поўны тэкст заключэньня ВК будзе абнародаваны ў панядзелак, 21 сьнежня.

Закон Украіны «Аб асуджэньні камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага (нацысцкага) таталітарных рэжымаў ва Ўкраіне і забароне прапаганды іх сымболікі» Рада прыняла 9 красавіка 2015 году, ён уступіў у сілу ў траўні. На яго падставе суд ужо забараніў дзейнасьць Камуністычнай партыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG