Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікам забаранілі мець рахункі за мяжой і ўдзельнічаць ў страйках


Забарона пачне дзейнічаць праз месяц.

Нацыянальны інтэрнэт-партал надрукаваў тэкст урадавай пастановы № 1040 аб зьменах у форму кантрактаў з асобамі, якіх прызначае на працу кіраўнік дзяржавы. Пастанова ўступіць у сілу 24 студзеня 2016 году.

Паводле дакумэнту чыноўнікам забараняецца весьці прадпрымальніцкую дзейнасьць і аказваць садзеяньне сваякам з выкарыстаньнем службовага становішча, у тым ліку ў пытаньнях бізнэсу гэтых сваякоў. Таксама чыноўніку забараняецца мець асабісты рахунак у замежным банку, калі гэта не зьвязана з працоўнай неабходнасьцю.

Зьмены тлумачацца неабходнасьцю прывядзеньня формы кантракту ў адпаведнасьць з «Законам аб барацьбе з карупцыяй», які быў прыняты летам 2015 году. Пры гэтым новаўвядзеньне накладае на чыноўніка абмежаваньні, наўпрост незьвязаныя з праблемай карупцыі. Гэтак, чыноўніку нельга будзе ўдзельнічаць ў страйках і выконваць заданьні палітычных партый і грамадзкіх арганізацый, сябрам якіх ён зьяўляецца, калі гэтыя заданьні маюць дачыненьне да ягонай службовай дзейнасьці.

Уводзіцца асобны кантроль за стасункамі чыноўніка з прадстаўнікамі і ўладамі замежных краін. Гэтак, забараняецца без згоды кіраўніка краіны прымаць дзяржаўныя ўзнагароды замежных дзяржаў, а таксама прымаць ад замежных дзяржаў дакумэнты, якія даюць права на пэўныя льготы і перавагі.

Апроч таго беларускім чыноўнікам забараняецца выконваць любыя працы за грошы, калі яны не зьвязаныя з выкананьнем службовых абавязкаў па месцы службы. Гэта правіла не распаўсюджваецца толькі на пэдагагічную, навуковую і культурную дзейнасьць, а таксама на мэдычную практыку.

Закліканы змагацца з карупцыяй новы закон «Аб барацьбе з карупцыяй» быў зацьверджаны ў чэрвені 2015 году. Апроч мераў па ўзмацненьні адказнасьці за карупцыйную дзейнасьць, у тым ліку крымінальнай, закон агаворвае шэраг умоў, пры якіх чыноўнікі могуць пазьбегнуць гэтай адказнасьці. Сярод іншага: дасудовае прызнаньне віны і кампэнсацыя стратаў у памеры, які вызначыць сьледзтва, рэальнае супрацоўніцтва са сьледзтвам у пытаньнях выкрыцьця іншых удзельнікаў злачынства.

_______________________________________

Паводле «Індэксу ўпрыманьня карупцыі», які штогод складае міжнароднай арганізацыі супрацьдзеяньня карупцыі Transparency International па дадзеных за 2014 год Беларусь заняла 119-е месца сярод 175 краін сьвету. У рэйтынгу карупцыі Беларусь аказалася разам з Мазамбікам, Сʼера-Леонэ, Танзаніяй і Віетнамам. Летась у Беларусі быў 123-ці радок. Адзначым, што Transparency International уключыла ў рэйтынг 175 краін сьвету. Самымі карумпаванымі Transparency International лічыць Паўночную Карэю і Самалі. Найбольш чыстымі ад карупцыі дасьледчыкі называюць Данію, Новую Зэландыю і Фінляндыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG