Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына не прымае сур'ёзна абразьлівыя рэмаркі Пуціна


Кіраўнік турэцкага ўраду Ахмэт Давутаглу.

Кіраўнік турэцкага ўраду Ахмэт Давутаглу.

Прэм’ер-міністар Турэччыны Ахмэт Давутаглу не зьбіраецца адказваць на «недыпляматычныя і абразьлівыя» заўвагі расейскага лідэра, апускаючыся да такога ж узроўню.

Кіраўнік турэцкага ўраду Ахмэт Давутаглу заявіў, што ў Анкары не ўспрымаюць сур’ёзна рэзкія заявы прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна на адрас Турэччыны.

Па словах Давутаглу, ён не зьбіраецца адказваць на «недыпляматычныя і абразьлівыя» заўвагі расейскага лідэра, апускаючыся да такога ж узроўню.

«Можа быць, ён успамінае сваю мінулую працу ў КДБ. Але КДБ даўно ўжо няма, а савецкая прапаганда стала часткай гісторыі. Кожная яго рэмарка выклікае саркастычную ўсьмешку ва ўсім сьвеце», — сказаў Давутаглу журналістам, вярнуўшыся з Брусэля — пасьля перамоваў з лідэрамі васьмі краін ЭЗ.

На сваёй штогадовай прэсавай канфэрэнцыі 17 сьнежня Ўладзімер Пуцін, адказваючы на пытаньні аб адносінах з Анкарой, заявіў, што з дзейным кіраўніцтвам Турэччыны дамовіцца практычна немагчыма.

Паводле словаў прэзыдэнта Расеі, інцыдэнт са зьбітым у раёне турэцка-сырыйскай мяжы расейскім самалётам мог быць вынікам таго, што нехта з турэцкага кіраўніцтва вырашыў «лізнуць амэрыканцаў у адно месца».

Турэччына настойвае, што зьбіты 24 лістапада расейскі Су-24 парушыў яе паветраную прастору. Масква гэта катэгарычна адмаўляе і ўвяла супраць Анкары эканамічныя санкцыі.

XS
SM
MD
LG