Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Скаўты-каталікі даставілі ў Менск Бэтлеемскі агонь


Беларускія каталіцкія скаўты даставілі ў Менск Бэтлеемскі агонь альбо Бэтлеемскае сьвятло міру.

Урачыстае ўнясеньне ў архікатэдру адбылося перад вечаровай імшой у 18.30. Пры ўваходзе рэліквію агню сустракаў мітрапаліт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, сьвятары і шматлікія вернікі. Пераймаючы з рук скаўтаў агонь міру, Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў за тое, што ахвяруючы часам і сіламі штогод дастаўляюць у Беларусь агонь з Бэтлеему, каб напярэдадні сьвята Божага нараджэньня наблізіць людзей да Хрыста. Бэтлеемскі агонь быў урачыста ўнесены ў катэдральны касьцёл ў поўнай цемры на знак сьвятла, які сваім нараджэньнем унёс у цемру сьвету сам Хрыстос.

Паводле шматгадовай традыцыі беларускія каталіцкія скаўты прынялі Бэтлеемскі агонь з рук сваіх польскіх паплечнікаў на беларуска-польскім памежным пераходзе Кузьніца. Затым сьвяты агонь быў дастаўлены ў Горадню, Менск, а затым будзе перададзены ў касьцёлы ўсёй Беларусі. Гэткім чынам Бэтлеемскі агонь кожны вернік зможа занесьці ў свой дом, каб мець на сваім сьвяточным стале ў сьвята Божага нараджэньня.

Бэтлеемскі агонь альбо Бэтлеемскае сьвятло міру распачынае шлях у Гроце Нараджэньня Пана ў Бэтлееме, дзе гарыць вечны агонь. Ад яго штогод запальваецца адна маленькая сьвечка, полымя якой скаўты нясуць па ўсiм сьвеце. Штогод вандроўка Бэтлеемскага агню праходзіць пад пэўным дэвізам.

Дэвіз сёлетняга году — «Заўваж чалавека».
Пілігрымаваньне Бэтлеемскага сьвятла міру ўпершыню было арганізаванае ў 1986 годзе ў горадзе Лінц у Аўстрыі як частка дабрачынных імпрэзаў на Божае Нараджэньне. Тады акцыя мела назву «Сьвятло ў цемры». Пазьней апеку над гэтай акцыяй узялі аўстрыйскія скаўты.

Агонь траспартуецца ў Вену праз пасярэдніцтва авіяліній «Austrian Airlines». У Вене адбываецца экумэнічная ўрачыстасьць, падчас якой полымя перадаецца жыхарам горада і прадстаўнікам скаўтаў з многіх эўрапейскіх краін.

XS
SM
MD
LG