Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія былі самыя гучныя антыкарупцыйныя справы ў 2015 годзе? Ці часта ў Беларусі фабрыкуюць антыкарупцыйныя абвінавачваньні? Як выглядае барацьба з карупцыяй у Беларусі ў параўнаньні з Расеяй і Ўкраінай?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць аглядальнік Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч, прадпрымальнік, былы супрацоўнік Генпракуратуры Андрэй Сыцько і журналіст «Белгазеты» Віктар Федаровіч.


Каго пасадзілі і арыштавалі ў 2015 годзе?


Дракахруст: 18 сьнежня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў пра дзьве новыя антыкарупцыйныя справы — пра затрыманьне былога намесьніка міністра сельскай гаспадаркі Васіля Півавара і намесьніка гендырэктара кампаніі «Трайпл» Ўладзімера Япранцава. Варта нагадаць, што кіраўнік «Трайпла» Юры Чыж лічыцца самым багатым бізнэсоўцам Беларусі. Якія яшчэ гучныя антыкарупцыйныя справы гэтага году вы б назвалі? Алег

Грузьдзіловіч: Напачатку я прыгадаю справы, якія пачаліся раней, але сёлета скончыліся прысудамі.


— Сеў на 3 гады і праў паўгода выйшаў на волю Ўладзімер Мальцаў, былы гендырэктар «Барысаўдрэва».

— Былы намесьнік старшыні Беларускага вайсковага суду Юры Тузаў атрымаў 14 гадоў за хабар. Праўда, прысуд быў вынесены 30 сьнежня 2014 году, за два дні да пачатку гэтага.

— Намесьніка міністра лясной гаспадаркі Фёдара Лісіцу а Асудзілі ў чэрвені да 5 гадоў зьняволеньня за злоўжываньні.

— Старшыня Белкапсаюзу Сяргей Сідзько — асуджаны за хабар на 12 гадоў.

Варта таксама прыгадаць гучныя «пасадкі» гэтага году, якія яшчэ не закончыліся судамі.

— Справа кампутаршчыка Віктара Пракапені.

— Справа сэнатара Віталя Кастагорава — вызвалены з-пад варты пасьля таго, як заплаціў 300 тысячаў даляраў.

— Справа сэнатара Андрэя Паўлоўскага — адпушчаны, але 6 ягоных калегаў пад вартай засталіся.

— Справа сэнатарки Ганны Шарэйкі днямі перададзеная ў суд.

— Справа Аляксандра Мураўева, уласьніка «Мотавела». Арыштаваны ўлетку і сядзіць у КДБ дагэтуль.

— Хакейная справа — Максіма Суботкіна і Ўладзімера Беражкова. Абодва арыштаваныя і дагэтуль пад сьледзтвам.

Сыцько: Мяне ў сэнсе карупцыйнага складніка вельмі зацікавіла справа Гомельскага аблвыканкаму, так званая «мясная справа». Нядаўна стала вядома, што ізноў затрыманы намесьнік старшыні аблвыканкаму.

Федаровіч: Я б адзначыў справы, па якіх я валодаю, як журналіст, пэўнай інфармацыяй. Першае — гэта справа Мальцава. Я сачыў за ёй, там было вельмі шмат дзіўных момантаў. Для мяне важнай стала справа Алены Вярбіцкай, старшыні жыльлёва-будащничага спажывецкага каапэратыву «Лес-2010». Я працягваю яго адсочваць. Там таксама шмат розных «вушэй» тырчыць. І таксама вельмі неадназначная справа Фёдара Лісіцы. Асобны блёк — гомельскія справы. Гэта такая геаграфічная загадка Беларусі, шмат гадоў ужо гэта цягнецца. Паводле колькасьці крымінальных «аўтарытэтаў» у нас Гомельшчына на першым месцы, амаль усе беларускія «злодзеі ў законе» — з Гомельшчыны. Можна прыгадаць справу Піліпца і іншыя, такое адчуваньне, што там нейкая злачынная арганізацыя існуе.



Ці «шыюць» антыкарупцыйныя справы ў Беларусі?

Дракахруст: Некаторыя гучныя справы 2015 году выклікалі бурную грамадзкую дыскусію, гучныя галасы ў абарону абвінавачаных, найперш я маю на ўвазе справы Мальцава, Пракапені і Беражкова. А можа і сапраўды ўсё ж вінаватыя? Наколькі часта ў Беларусі «шыюць справы»? І які мэханізм гэтага «шыцьця» — пасварыўся чалавек зь некім моцным, не падзяліўся, крайнім зрабілі, пад кампанію патрапіў? А можа нейкі сьледчы проста выслужыцца хоча? Вось Юры Зісер наконт справы Беражкова напісаў у сваім Фэйсбуку: «Здаецца, што краінай кіруюць опэры». Вам таксама так здаецца?

Я бачыў прыватнае вызначэньне судзьдзі па справе Мальцава. Колькі там «касякоў»

Федаровіч: Тут варта найперш прыгадаць справу Мальцава. Прыехаў на прадпрыемства прэзыдэнт, бразнуў кулаком па стале, даў загад распачаць крымінальную справу. Ну і распачалі. У выніку людзі, якія былі наўпрост вінаватыя ў зрыве тэрмінаў мадэрнізацыі, аказаліся збоку, сьведкамі, а асноўным фігурантам аказаўся адзін Мальцаў.
Прэзыдэнт сказаў — крайняга знайшлі. Я бачыў прыватнае вызначэньне судзьдзі па справе Мальцава. Колькі там «касякоў»! З гэтага я зразумеў, што Мальцаў абсалютна невінаваты. Што тычыцца, напрыклад, справаў Пракапені і Беражкова, то там магло быць што заўгодна. Мяне ўчора дапыталі па справе Беражкова ў якасьці сьведкі. Не магу зразумець, навошта, але адна з маіх публікацый будзе падшытая ў справу Беражкова. Такое адчуваньне, што ідуць нейкія падводныя, падкоўдравыя гульні. Гэта вельмі нагадвае «разборкі» 90-х за падзел і перападзел сфэраў уплыву.

Дракахруст: Андрэй, вы — былы сьледчы. Якой бачыцца гэтая карціна вам? Часам журналісты, грамадзкасьць кажуць — ні за што чалавека ўзялі, ні за што пасадзілі. А можа вам, як прафэсіяналу, гэта бачыцца зусім ня так.

Сыцько: Пра справы трэба судзіць не тады, калі яны толькі распачатыя, і не тады, калі іх пачынаюць шырока абмяркоўваць, а тады, калі вынесены прысуд. Існуюць хібы сьледзтва, хібы апэратыўна-вышуковай дзейнасьці. Але калі суд адбываецца ў адпаведнасьці з законам, усе доказы, якія здабытыя з парушэньнем закону, суд павінен адкінуць. Я ўсіх заклікаю незалежна ад ажыятажу вакол той ці іншай справы судзіць аб ім тады, калі вынесены прысуд. Тое, як ішла справа Мальцава, тое, што ён адносна хутка выйшаў на волю (хаця для яго дык ня хутка), сьведчыць пра тое, што ў справе былі хібы. Артыкулы, зьвязаныя са злоўжываньнем, належаць да групы артыкулаў «на яго месцы мог апынуцца кожны».

Гэта было распаўсюджана напрыканцы 90-х-напачатку нулявых, калі рукамі ня вельмі сумленных супрацоўнікаў праваахоўных органаў фабрыкаваліся справы

Кожны кіраўнік больш менш буйнога прадпрыемства ў нашых умовах ходзіць пад артыкулам і не пад адным. Калі чалавек на такой пасадзе, ён увесь час рызыкуе, кажучы мовай опэраў, «атрымаць артыкул у плечы». Наконт таго, ці «шыюцца» справы. Калі жартам, то ўсе «шыюцца»: перад тым, як перадаць справу ў суд, яе сшываюць ніткамі. Калі сур’ёзна, я ў сваёй практыцы сустракаўся зь некалькімі відамі «замоўных» справаў. На шчасьце, замоўшчыкі самі панесьлі адказнасьць за тое, што яны рабілі. Першы від — калі нехта хоча «прыбраць з лыжні» канкурэнта, мае інфармацыю пра злачынную дзейнасьць гэтага канкурэнта і тым ці іншым шляхам перадае яе праваахоўным органам. Другі від — фабрыкацыя справаў. Гэта было распаўсюджана напрыканцы 90-х-напачатку нулявых, калі рукамі ня вельмі сумленных супрацоўнікаў праваахоўных органаў фабрыкаваліся справы. Пачынаючы з самага простага — падкінуць пакет наркотыкаў — і сканчаючы сур’ёзнымі справамі аб хабары.
Але справу, якая атрымала гучны розгалас, фабрыкаваць, «шыць белымі ніткамі» значна больш складана, чым справу ціхую і нікому невядомую.

Грузьдзіловіч: Я магу пагадзіцца зь Юрыям Зісерам, які напісаў, што краінай кіруюць опэры. Гэта і раней было — справы заводзіліся па наводках, паводле апэратыўнай інфармацыі. Некаторыя справы заводзяцца з-за таго, што КДБ доўга сочыць за нейкім чыноўнікам, як гэта было зь Ігарам Васільевым — былым віцэ-мэрам Менску. Ці бывае так, што пасварыўся чалавек з начальствам, а ёсьць шмат артыкулаў, паводле якіх любога кіраўніка, як таго ж Мальцава, можна прыцягнуць да адказнасьці. Мы можам гаварыць пра тое, якія долі складаюць справы першага і другога кшталту. Паводле майго адчуваньня, майго досьведу больш стала справаў першага тыпу — па наводцы недабразычліўцаў, па апэратыўных распрацоўках, з тае прычыны, што маладым опэрам трэба зарабляць зорачкі на пагоны.
Драбнейшымі сталі карупцыйныя справы супраць начальнікаў. У справах фігуруе хабар памерам у 200-300 даляраў. Нядаўна арыштавалі намесьніка старшыні Валожынскага райвыканкаму за атрыманьне матэрыяльных каштоўнасьцяў цаной у 1000 даляраў. Для кіраўніка такога ўзроўню гэта драбяза. Шмат такіх справаў было перад выбарамі.


Барацьба з карупцыяй ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне


Дракахруст: Можа ў мяне прафаннае ўражаньне, але вось глядзіш на стан справаў у Расеі, ва Ўкраіне, і адчуваецца тамтэйшае народнае незадавальненьне — карупцыя квітнее, крадуць, як перад канцом сьвету, і ўсё беспакарана — не саджаюць нікога. А ў Беларусі карупцыйныя справы ідуць увесь час — высокага ўзроўню, сярэдняга, нізкага, але пастаянна. Наколькі гэтае павярхоўнае ўражаньне адпавядае вашым прафэсійным ацэнкам? І калі так, то чаму? Больш парадку ў Беларусі, крадуць больш, пападаюцца часьцей?

Наша карупцыя — без сур’ёзных схемаў, без шматхадовак, якія расьцягваюцца на некалькі гадоў

Сыцько: У нас праваахоўная сыстэма працуе даволі эфэктыўна па ўсёй сыстэме ўлады ад старшыні сельсавету да міністра. Наша карупцыя — без сур’ёзных схемаў, без шматхадовак, якія расьцягваюцца на некалькі гадоў. У нас няма буйных фінансавых дзеячаў, якія маюць магчымасьць будаваць такія схемы, якія лабіруюць прыняцьце патрэбных законапраектаў, зрошчваюцца з крыміналітэтам, адмываюць злачынныя грошы ад замежных схемаў. Наша карупцыя — самая простая, прымітыўная. У нас кожны факт карупцыйнага злачынства, нават дробнага, знаходзіць адлюстраваньне хаця б у мясцовым друку, то ў Расеі і ва Ўкраіне на такую драбязу нават не зьвяртаюць увагу.
Народнае абурэньне пачынаецца тады, калі маштаб злачынстваў ўжо немагчыма схаваць, калі карупцыя адбываецца на вышэйшым узроўні і вымяраецца шалёнымі сумамі. У нас гэта спыняецца на самым пачатку. Да таго ж у нас няма такога буйнога алігархічнага бізнэсу, каб у нас гэта адбывалася. А ў Расеі і ва Ўкраіне гэта ёсьць.

На чым трапляюць нашы карупцыянэры? Ды фактычна на сьледчых экспэрымэнтах, на хабары, які бярэцца з фондаў КДБ ці МУС

Федаровіч: Не, Юры, і ў Расеі ідуць буйныя справы, нават губэрнатараў арыштоўваюць. Іншая справа, што на выхадзе застаецца. Пуцін неяк агучыў інфармацыю, што было распачата каля 200 тысячаў справаў па эканамічных злачынствах, у тым ліку і па карупцыі, але да суда дайшло ня больш за 10 тысячаў. Сытуацыю ва Ўкраіне я б зараз нават ня браўся ацэньваць. Інфармацыя, якую я маю — ад маіх знаёмых сярод крыміналітэту. Паводле іх «злодзеі ў законе» як так былі, гэтак і засталіся, напрыклад, у Адэскай вобласьці. І яны як працавалі з мясцовымі ўладамі, так і працуюць з новымі. Што да нас, то тут сапраўды пытаньне магчымасьцяў. Бізнэсу сур’ёзнага няма. На чым трапляюць нашы карупцыянэры? Ды фактычна на сьледчых экспэрымэнтах, на хабары, які бярэцца з фондаў КДБ ці МУС.
І пытаньне ўзьнікае — ці не ствараецца карупцыя штучна?

Дракахруст: Алег, Віктар сказаў пра штучнасьць некаторых з такіх справаў. Ці не атрымліваецца так, што гэты вал антыкарупцыйных справаў — справядлівых і ня вельмі — мае палітычныя мэты? 2015 год быў годам прэзыдэнцкіх выбараў. Парадаваць народ падарункамі ў сэнсе дабрабыту ва ўлады сродкаў не было. Дык можа было жаданьне парадаваць справядлівасьцю, пакараньнем злодзеяў?

ні на адным з гучных антыкарупцыйных працэсаў не было прадстаўнікоў дзяржаўных мэдыяў

Грузьдзіловіч: Гэта безумоўна ёсьць, я гэта назіраю. Я хачу нагадаць, што калі Эўрамайдан ва Ўкраіне толькі перамог, Лукашэнка на ўрадавай нарадзе заявіў, што адным са складнікаў гэтых падзеяў была незадаволенасьць людзей карупцыяй. Таму, маўляў, трэба рабіць высновы і не паўтараць памылкі ўкраінскай улады. І потым мы бачылі выкананьне гэтага загаду па шмат якіх антыкарупцыйных справах. Яны ня тое што прыдумляліся, але ў многіх выпадках можна было абмежавацца звальненьнем, як тое бывала ў савецкія часы. Не, заводзяць справы, арыштоўваюць, саджаюць у турму. На мой погляд, гэтаму паспрыяла і стварэньне сьледчага камітэту. Гэта спарадзіла вялікую канкурэнцыю паміж сілавымі структурамі. Я заўважыў, і Віктар можа пацьвердзіць, што ні на адным з гучных антыкарупцыйных працэсаў не было прадстаўнікоў дзяржаўных мэдыяў. Іх гэта не цікавіць. Дзяржаўныя тэлеканалы прыяжджаюць толькі на прысуд, каб абвясьціць народу, што пасадзілі за карупцыю чарговага начальніка. Але пра хаду разьбіральніцтва, пра тое, як і чаму той начальнік браў хабар, людзям не распавядаюць. Каб не задумваліся, а дзе ж карані гэтай карупцыі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG