Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аварыя на Ленінградзкай АЭС выклікала паніку. А што з беларускай АЭС?


Адміністрацыя прыгараду Санкт-Пецярбургу Сасновы Бор запэўнівае, што радыяактыўны фон нармальны.

Пасьля таго як 18 сьнежня з-за ўцечкі пара ў турбінным цэху на ЛАЭС быў спынены энэргаблок, жыхары Сасновага Бора пачалі сьпешна здымаць грошы з банкаўскіх картаў, некаторыя зьяжджалі з гораду, рэзка ўзрос попыт на ёд, так што ў многіх аптэках яго запасы вычарпаліся.

У сацсетках таксама ўзьнялася паніка, якую не змаглі спыніць паведамленьні чыноўнікаў аб тым, што радыяцыйны фон знаходзіцца ў норме.

Людзі больш вераць эколягам, якія выступілі з адмысловай паведамленьнем. У ім яны пацьвярджаюць, што радыяцыйны фон у Сасновым Бары ў норме, але тлумачаць гэта ня тым, што ў выкідзе пара зусім не было радыяцыі, а тым, што, па шчасьлівай выпадковасьці вецер у момант аварыі дзьмуў не ў бок горада, а ў бок Фінскага заліву.
Старшыня грамадзкай дабрачыннай экалягічнай арганізацыі «Зялёны сьвет» Алег Бадроў не зьдзівіўся, што людзі ня вераць афіцыйным паведамленьнях чыноўнікаў — яны ведаюць, што чыноўнікам важна адрапартаваць, што ўсё ў парадку, а не паведамляць пра небясьпеку, незалежна ад таго, ёсьць яна ці не.


— Усё, хоць нешта разумеюць у атамнай энэргетыцы, ведаюць, што гэта спроба выдаць жаданае за сапраўднае. У гэтым рэактары вада ператвараецца ў пар, які паступае на турбіну, і гэты пар, вядома, радыяактыўны. На гэты раз пашанцавала, рэактар адразу спынілі, але ўсё роўна адбываецца рэшткавае параўтварэньне, і паколькі турбіна спыненая, гэты пар трэба куды-небудзь падзець. Яго выкідваюць праз трубы. На шчасьце, вецер быў нетыповага накіраваньня для гэтага рэгіёну — паўднёва-заходні, і выкід сышоў да Фінскага заліву, у кірунку Выбаргу.

Алег Бадроў мяркуе таксама, што людзі, якія ў момант выкіду пара працавалі на ЛАЭС, маглі падвергнуцца ўзьдзеяньню падвышанай радыяцыі, але, паводле яго словаў, каб сьцьвярджаць гэта з дакладнасьцю, патрэбныя спэцыяльныя мэдыцынскія дасьледаваньні. У той жа час, эколяг не сумняваецца, што ў выпадку іншага кірунку ветру, радыяцыйны фон у Сасновым Бары быў бы вышэйшым, чым цяпер.


У спэцыяльным паведамленьні «Зялёнага сьвету», прысьвечаным аварыі на ЛАЭС, гаворыцца: «Усходняя частка Фінскага заліва ўступае ў дзесяцігадовую паласу падвышаных рызыкаў аварый на ядзерных аб’ектах. У гэты пэрыяд да 2026 з аднаго боку будуць выпрацоўваць падоўжаны рэсурс і мець больш высокую верагоднасьць аварый рэактары РБМК-1000 Ленінградзкай АЭС. У той жа пэрыяд, плянаваныя да ўводу ў эксплюатацыю новыя энэргаблёкі ЛАЭС-2 (ВВЭР-1200), таксама будуць мець павышаныя рызыкі аварый з-за памылак праекціроўшчыкаў, будаўнікоў і яшчэ неспрактыкаванага пэрсаналу. Так што наперадзе „рэзанансны“ рост ліку аварыйных сытуацый...».

Алег Бадроў лічыць, што гэтыя рызыкі можна было б мінімізаваць, адмовіўшыся ад будаўніцтва 3 і 4 энэргаблёкаў ЛАЭС, як мага хутчэй вывеўшы з эксплюатацыі энэргаблёкі, якія працуюць у рэжыме падоўжанага рэсурсу, а таксама — ўшчыльную заняўшыся энэргазьберажэньнем і альтэрнатыўнымі крыніцамі энэргіі, напрыклад, так, як гэта робіцца ў суседняй Эстоніі.

Тым часам поўнамаштабны мантаж асноўнага абсталяваньня першага энэргаблёку Беларускай АЭС мае пачацца ў 2016 годзе, сьцьвярджае намесьнік міністра энэргетыкі Міхал Міхадзюк, работы ідуць па графіку. Таксама ў наступным годзе пачне паступаць абсталяваньне для другога энэргаблёку.

Першы энэргаблёк мяркуецца запусьціць у лістападе 2018 году, другі — у ліпені 2020-га, але, кажа галоўны інжынэр дзяржпрадпрыемства «Беларуская АЭС» Анатоль Бондар, розьніца ў часе паміж запускамі можа скараціцца. Тэмпы працы дазваляюць запусьціць другі энэргаблёк хутчэй, у бягучым годзе работы вяліся на пляцоўках абодвух блёкаў.

Корпус рэактару для першага энэргаблёку будзе дастаўлены на будаўнічую пляцоўку 24 сьнежня. Ён праехаў складаным шляхам: спачатку з валгадонскага «Атаммашу» аўтатранспартам да Цымлянскага вадасховішча на поўдні Расеі, адтуль да Вялікага Ноўгараду рачным шляхам, далей да Астраўца чыгункай. Корпус дастаўлены на беларуска-расейскую мяжу 18 сьнежня, афармленьне мае скончыцца каля 16:15. Ён важыць 330 тон, мае вышыню 13 мэтраў і дыямэтар 4,5 мэтры.

«Корпус ужо ў нас, і мы яго ўжо нікому не аддамо», — сказаў Бондар.
Паліва для рэактару будзе пастаўляць расейская кампанія ТВЭЛ, холдынг у складзе дзяржаўнага «Расатаму», — распавядае ён. Канкрэтныя тэрміны паставак пакуль не ўдакладняюцца.

Сумарны кошт абсталяваньня для АЭС ацэньваецца ў 3 млрд даляраў, пакуль абсталяваньня закуплена на 2,1 млрд даляраў.

Беларуская АЭС будуецца побач з гарадзкім пасёлкам Астравец у Гарадзенскай вобласьці. Мяркуецца, што яна будзе складацца з двух энэргаблёкаў сумарнай магутнасьцю 2400 МВт.

Гендырэктар «Расатаму» Сяргей Кірыенка сёлета на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што «аналягаў гэтай станцыі няма пакуль у сьвеце, яна самая сучасная, самая бясьпечная». Але шэраг экспэртаў устурбаваны якраз тым, што расейскае абсталяваньне не прайшло належных выпрабаваньняў, іншыя кажуць, што не дасьледаваная належным чынам пляцоўка для будаўніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG