Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па ўсёй Польшчы прайшлі мітынгі і пікеты ў абарону дэмакратыі


Па ўсёй Польшчы прайшлі мітынгі і пікеты ў абарону дэмакратыі, якой, на думку арганізатараў — Камітэта ў абарону дэмакратыі — пагражаюць дзеяньні цяперашніх уладаў.

«Незалежнасьць Канстытуцыйнаму Суду!» — скандавалі каля будынка Сойма ў Варшаве некалькі тысяч чалавек. На думку ўдзельнікаў дэманстрацый, партыя «Права і справядлівасьць», якая мае большасьць у парлямэнце спрабуе абмежаваць паўнамоцтвы Суда для таго, каб мець магчымасьць кіраваць краінай без усялякіх абмежаваньняў.

«Дэмакратыя гэта як паветра, а ў нас хочуць яе зараз забраць. Хутка пачнём задыхацца. Адна, дзьве ці тры дэманстрацыі не зьменяць палітыку кіруючай партыі. Таму трэба вытрымаць даўжэй», — сказала на мітынгу ў Варшаве польскі рэжысёрка Агнешка Холанд.

Пікеты і мітынгі прайшлі больш чым у 20 гарадах Польшчы, а таксама ў ЗША, Бэльгіі, Японіі, Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Партугаліі.

Удзельнікі акцый пратэсту, а таксама большасьць апазыцыйных палітыкаў лічаць, што «Права і справядлівасьць» блякуе працу Канстытуцыйнага суду, не згаджаючыся прывесьці да прысягі судзьдзяў, выбраных папярэднім парлямэнтам.

У сваю чаргу кіруючая партыя сьцьвярджае, што яны былі абраныя з парушэньнем закона і таму парлямэнт новага скліканьня выбраў новых судзьдзяў, якіх, у сваю чаргу, да працы не дапускае дзейны старшыня Канстытуцыйнага суду.

Ніводзін з бакоў ня мае намеру саступаць, прапаноўваючы сваю трактоўку нормаў Канстытуцыі адносна сытуацыі, якая склалася, таму часьцей за ўсё сытуацыю вакол Канстытуцыйнага суду ў Польшчы на сёньняшні дзень называюць патавай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG