Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт пакаленьняў на зьезьдзе Беларускага саюзу дызайнэраў


Зьезд Беларускага саюзу дызайнэраў
Зьезд Беларускага саюзу дызайнэраў

У Менску прайшоў справаздачна-выбарны зьезд Беларускага саюзу дызайнэраў, па выніках якога на свой шосты тэрмін заступіў Зьміцер Сурскі.

У папярэднія гады выбары кіраўніка арганізацыі адбываліся на безальтэрнатыўнай аснове, але незадоўга да сёлетняй кампаніі пра канкурэнцыю спадару Сурскаму абвясьціла сябра саюзу Леся Баярына.

Па выніках галасаваньня яна напісала ў сацыяльных сетках наступнае:

«Ад агульнай колькасьці ў 334 дэлегаты (з улікам аформленых на мяне даручэньняў) за маю кандыдатуру прагаласавалі 10%. Вось мой вынік. Дзякуй ужо за тое, што далі выступіць, а то аказалася, што ў нас спачатку „прэнія“, а потым галасаваньне. Ну, і добра, што мы не ўкраінцы, бо ў іншым выпадку сьпікер узяў бы мяне на рукі і вынес з залі, а так толькі спрабаваў адабраць мікрафон, выцясьняючы са сцэны, а потым яго проста выключыў. І я не дачытала апошнюю старонку тэксту — даволі пазытыўную, дарэчы. Выступалі з прамовамі хто хацеў, на ўсіх часу на 3-гадзінным зьезьдзе хапіла, толькі кандыдату на пасаду адмовілі ў слове. Такі дэмакратычны саюз. Дзякуй, што прапанавалі і зацьвердзілі маю кандыдатуру ў Раду, бо пасьля зьезду я не зьбіралася нікуды сыходзіць, — хачу надалей працаваць на карысьць саюзу. Толькі цяпер прынцыпова ня буду перад выставамі закупляць прадукты і шукаць спонсараў».

Леся Баярына з адключаным мікрафонам
Леся Баярына з адключаным мікрафонам

Леся Баярына не захацела больш дэталёва апавесьці Свабодзе пра праблемныя моманты, якія ёй не даспадобы ў арганізацыі.

Па тлумачэньні Свабода зьвярнулася непасрэдна да наноў абранага старшыні Беларускага саюзу дызайнэраў Зьмітра Сурскага. Ці прымае ён на свой адрас абвінавачаньні ў «прыхватызацыі» улады? Што можа адказаць на папрокі адзінай канкурэнткі пра неабходнасьць ратацыі кадраў?

«Ведаеце, маючы на руках васьмімесячнае немаўлятка, брацца за такую цяжкую працу — гэта надзвычай авантурна. Проста для ўсёй Рады было нечакана, калі за тыдзень да зьезду Леся сказала, што вылучае сваю кандыдатуру. Бо насамрэч усё, што яна напісала ў сваёй праграме, яна магла б лёгка выканаць, зьяўляючыся сябрам Рады. Але яна чамусьці вырашыла, што я ёй замінаю, хоць з нашага боку да сябраў арганізацыі адносіны заўсёды вельмі спрыяльныя. Так, я саюзам адкіраваў пяць тэрмінаў, пайшоў шосты. І я тут працую ня толькі старшынёй, але яшчэ і асабістым кіроўцам, і грузчыкам, і прыбіральшчыкам, і дызайнэрам, і экспа-дызайнэрам, і куратарам. Безумоўна, кожны чалавек мае права вылучацца на гэтую пасаду. Я Лесю спрабаваў крыху абразуміць: усё ж падумай, наколькі гэта рызыкоўна і для цябе, і для ўсіх нас. Арганізацыя, я так лічу, мае заслужаны аўтарытэт сярод калегаў, мы выгодна адрозьніваемся ад іншых грамадзкіх творчых саюзаў — ладзім цікавыя выставы, ініцыюем значныя праекты. І з гэтым трэба лічыцца».

Шосты тэрмін Зьмітра Сурскага
Шосты тэрмін Зьмітра Сурскага

У сваю чаргу, Леся Баярына зьвярнула ўвагу на колькасьць сябраў дызайнэрскага саюзу ва ўзросьце 50+, якія, на яе думку, папросту непрывабныя для спонсараў. Сталыя майстры прызвычаіліся кантактаваць выключна зь некалі напрацаванымі партнэрамі, і іх немагчыма пераключыць на новых пастаўшчыкоў. Тым ня меней, яна лічыць, што акцэнтаваньне на ўзросьце — не недахоп і не абраза:

«Прычына крыўды толькі адна: нашы прафэсіяналы недаацэненыя грамадзтвам, не хапае любові, увагі, пашаны да іх. Нават ня тое што не хапае, увогуле няма ні пашаны, ні ўвагі. Калі што вартае зробяць, дык іх паставяць у такое становішча, каб яны самі хадзілі і прасілі іх ўзнагародзіць. На мой погляд, моладзь можа адчуваць сябе абдзеленай увагай, але ніяк не людзі з такім вопытам. Але ў будучыні буду карэктнай з тэмай узросту», — паабяцала ў Фэйсбуку Леся Баярына.

Нашы прафэсіяналы недаацэненыя грамадзтвам, не хапае любові, увагі, пашаны да іх. Нават ня тое што не хапае, увогуле няма ні пашаны, ні ўвагі.

Між тым, Зьміцер Сурскі запэўнівае, што за ўладу не трымаецца і гатовы ёй дзяліцца з прафэсіяналамі. Праўда, пакуль што прозьвішча Баярынай у гэтым пераліку не фігуруе:

«Я б і саступіў насамрэч. Але хутчэй ня ёй, а іншаму сябру Рады, больш дасьведчанаму чалавеку з вопытам эканамічнай дзейнасьці ў асобе Эліны Шындлер. Можа папросту ад таго спадарыня Баярына яе і прыраўнавала ---- не да мяне, зразумела, а да пасады. Бо Эліна Шындлер у Радзе ўжо даўно, за свой тэрмін зрабіла некалькі мерапрыемстваў, прыцягнула шэраг спонсараў. Я ёй за ўсё гэта ўдзячны: яна рэдка адмаўляла і разам з тым рабіла ў аб’ёме, які для сябе вызначала, тое, што ёй цікава».

Карэспандэнт: «А як усё ж вы патлумачыце адсутнасьць альтэрнатывы сабе?»

«Насамрэч, мала хто хоча ўзвальваць на сябе адказнасьць, цягнуць такі груз. Тых унёскаў, якія мы можам сабраць, хапае толькі на ўтрыманьне памяшканьня — галерэі, дзе захоўваецца калекцыя плякатаў, іншых рэчаў. Гэта адначасова і працоўня, дзе стаяць кампутары: усё ж мы нешта і выдаем, і ствараем цікавыя выставы. Вялікія пляны на наступны год, бо мы выйшлі ў другі тур па гранту Choise на кнігу „Беларускі плякат“. Я перакананы, што гэта будзе карысная справа для ўсёй дзяржавы. За гэтыя грошы мы хочам надрукаваць кнігу і зрабіць сайт, а галоўнае — адлічбаваць матэрыялы па плякату, якія захоўваюцца ў Расеі і куды яны трапілі падчас эвакуацыі на пачатку вайны. Гэтаксама шэраг іншых праектаў. Шмат працы, шмат незавершаных абавязаньняў і таму я проста папрасіў Раду: дайце мне ўсё скончыць. Насамрэч я не трымаюся за гэтае месца, так склалася, што ранейшыя выбары былі безальтэрнатыўныя. А гэтым разам Леся раптоўна вырашыла ўключыцца ў барацьбу. Чым скончылася? У яе былі слушныя прапановы, мы яе ўключылі ў склад нашай Рады і даем магчымасьць выканаць сваю праграму. Хай робіць, чаму не?»

Беларускі саюз дызайнэраў створаны рашэньнем ўстаноўчага зьезду 14 сьнежня 1987 году. Творчая арганізацыя аб’ядноўвае больш за паўтысячы адмыслоўцаў у галіне індустрыяльнага і графічнага дызайну, праектаваньня малых формаў, інтэр’ераў і абсталяваньня, рэклямы, арт-дызайну, мадэльераў, пэдагогаў і тэарэтыкаў дызайну. Сябра міжнароднай асацыяцыі «Саюз дызайнэраў» і асацыяцыі грамадзкіх аб’яднаньняў «Беларуская канфэдэрацыя творчых саюзаў». Дэкляраваныя мэты — разьвіцьцё і прапаганда творчай дзейнасьці дызайнэраў, абарона аўтарскіх правоў, прафэсійных, эканамічных і сацыяльных інтарэсаў; падвышэньне ролі дызайну ў разьвіцьцё культуры і эканомікі Рэспублікі Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG