Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Магілёве паказваюць беларускія фільмы, якія не пабачыш на беларускім тэлебачаньні


Прагляд першага фільма

Прагляд першага фільма

У рамках Тыдня беларускага кіно «Незабыўныя скарбы экрану» паказваюць клясыку: фільмы «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Несьцерка», «Магіла льва».

На працягу сямі дзён гледачы пабачаць мастацкія стужкі кінастудыі «Беларусьфільм», якія рэдка паказваюць па беларускім тэлебачаньні і якія амаль невядомыя цяперашняму пакаленьню беларусаў. Сярод іх ёсьць і беларускамоўная кінэматаграфічная клясыка. Арганізавала паказ мясцовае аб’яднаньне «Кінавідэапракат».

У праграме Тыдня беларускага кіно шаснаццаць стужак. Адна — беларускамоўная: «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Гэты фільм па тэлебачаньні не паказвалі гадоў пятнаццаць.

«Асаблівасьці Тыдня беларускага кіно ў тым, што сёлета адзначаецца шэраг юбілейных дат, — кажа намесьнік дырэктара аб’яднаньня „Кінавідэапракату“ Валянцін Лаўцоў. — Гэта 130-годзьдзе Юрыя Тарыча, заснавальніка беларускага кіно. Яшчэ адзін юбіляр — Уладзімер Караткевіч. Фільмы, зьнятых паводле ягоных твораў, таксама ідуць у залатой калекцыі нашага беларускага кіно. Пяць такіх фільмаў гледачы пабачаць. Яшчэ са скарбніцы беларускага кіно пакажам такія старыя і рэдкія стужкі, як, напрыклад, „Несьцерка“. Такія фільмы не паказвалі гадоў дзесяць-дванаццаць. Яны дужа цікавыя».

Са слоў кіяскёркі кінатэатра «Радзіма» на айчынныя фільмы прыходзяць пераважна людзі, як яна выказалася, за пяцьдзясят.

«Ёсьць, дарэчы, сталыя гледачы, — кажа яна. — Такія кінаманы. Іх няшмат. Лічаныя людзі. А моладзі, дык наагул і няма. Ну, можа, студэнты, якіх заганяюць на кіно. Ці тыя, хто вучыць беларускую мову ва ўнівэрсытэце, дык самі прыходзяць».

Афіша Тыдня беларускага кіно ў Магілёве

Афіша Тыдня беларускага кіно ў Магілёве

На першы фільм «Магіла льва» паводле аднайменнай паэмы Янкі Купалы прыйшло няшмат гледачоў. Два дзясяткі чалавек, пераважна, сталага веку. Некаторыя сваю цікавасьць да стужкі патлумачылі настальгіяй па маладосьці. Зьнялі яе ў 1971 годзе. Калі паказвалі гэты фільм па тэлебачаньні, ніхто з аматараў беларускага кіно прыгадаць ня змог.

Мінакі на вуліцах прыгадвалі стужкі беларускай вытворчасьці зь цяжкасьцю. Адна зь першых суразмоўніц успомніла фільм «Людзі на балоце». Жанчыне ён вельмі спадабаўся:

Мала беларускіх фільмаў цяпер паказваць, а мы ўмеем здымаць добрыя фільмы.

«Глядзела беларускамоўную вэрсію гэтага фільма. Дужа мэлядычна мова ў ім гучыць. Прыгожа. Добрыя і вядомыя акторы там. Наагул пастаноўка цудоўная. Ды й мала беларускіх фільмаў цяпер паказваць, а мы ўмеем здымаць добрыя фільмы».

Наступная суразмоўніца прыгадала гэты жа шматсэрыйны фільм, але, заявіла, што яна глядзела яго на расейскай мове:

«Мне цікавей было б глядзець і сучасныя беларускія фільмы таксама на расейскай мове. Я б іх лепей разумела, — тлумачыць жанчына. — Старыя ж беларускія фільмы, наадварот, мне цікавей было б глядзець на беларускай».

«Людзей на балоце» прыгадаў і яшчэ адзін мінак. Гэты фільм ён дапоўніў «Белымі росамі».

«Белыя росы» — гэта ж клясыка беларускага кіно, — зазначыў мужчына. — А вось фільм «Людзі на балоце» мне не зусім спадабаўся. Я доўга жыў у Расеі. У Беларусь перабраўся нядаўна. Я не зразумеў гэтага фільму«.

На пытаньне, якіх беларускіх фільмаў яму не хапае, суразмоўца адказаў:

«Пра наша сучаснае жыцьцё. Пра нашы заробкі. Але толькі не сэрыялы і мэлядрамы...»

Наступная суразмоўніца ўспомніла беларускіх рэжысэраў Віктара Турава і Ігара Дабралюбава. На яе думку, фільмаў беларускай вытворчасьці мала, бо «Беларусьфільм» у бядотным стане.

Беларускі рэжысэр Віктар Тураў нарадзіўся ў Магілёве. У яго гонар усталяваная памятная дошка. З двух дзясяткаў апытаных магілёўцаў гэтага майстра кіно згадаў толькі адзін чалавек

Беларускі рэжысэр Віктар Тураў нарадзіўся ў Магілёве. У яго гонар усталяваная памятная дошка. З двух дзясяткаў апытаных магілёўцаў гэтага майстра кіно згадаў толькі адзін чалавек

«Да жалю, матэрыяльнае становішча кінастудыі не дазваляе ёй рабіць шмат фільмаў. Яна робіць якасна, але няшмат, таму мы іх і мала бачым», — зазначае сталага веку магіляўчанка.

Маладыя магілёўцы прызнаваліся, што наагул ня ведаюць прадукцыі беларускага кінэматографу, і ім сорамна праз гэта. Адна зь дзяўчат выказала меркаваньне, што беларускай кінаіндустрыі не хапае крэатыву:

«Ёсьць людзі крэатыўныя, таленавітыя, але яны не выходзяць да гледача. Я жадаю беларускаму кіно, каб яно ўбачыла сваіх людзей і свайго гледача».

Што да беларускамоўных стужак, то дзяўчына хацела б іх бачыць:

«Я вельмі люблю гэтую мову. Яна прыемная на слых. Але так атрымалася, што ня можам на ёй гаварыць, але ж мы яе разумеем. Калі ёсьць людзі, якія пішуць на ёй сцэнарыі, якія на ёй будуць гаварыць з экрану, то гэта будзе вельмі добра».

Пра тое, што ў Магілёве адбудзецца Тыдзень беларускага кіно, згадкі былі ў мясцовай прэсе. А вось вонкавая рэкляма ля кінатэатраў не зьявілася — толькі афішы ля ўваходу ў кінатэатры.

XS
SM
MD
LG