Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злучаныя Штаты гатовыя да тэрарыстычных пагрозаў, але іх не чакаюць


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама (другі справа) пасьля сустрэчы зборнай бясьпекі ў Нацыянальным цэнтры па барацьбе з тэрарызмам у горадзе Маклін, штат Вірджынія, 17 сьнежня 2015 году
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама (другі справа) пасьля сустрэчы зборнай бясьпекі ў Нацыянальным цэнтры па барацьбе з тэрарызмам у горадзе Маклін, штат Вірджынія, 17 сьнежня 2015 году

Барак Абама дасьць прэс-канфэрэнцыю 18 сьнежня, а пасьля яе сустрэнецца з родзічамі ахвяраў Сан-Бэрнардына.

У чацьвер, 17 сьнежня прэзыдэнт ЗША Барак Абама падчас візыту ў Нацыянальны контратэрарыстычны цэнтар заявіў, што спэцыялісты выведкі Злучаных Штатаў ня маюць канкрэтных зьвестак, што выклікалі б давер, пра падрыхтоўку тэрарыстычных атак на краіну, перадае Reuters. Тым ня меней, Абама параіў амэрыканцам захоўваць пільнасьць у калядныя дні.

«Калі тэрарысты зьдзяйсьняюць жахлівы тэракт, як той, што адбыўся ў Сан-Бэрнардына, гэта разрывае нашыя сэрцы, але таксама гартуе нашую рашучасьць вучыць любыя ўрокі і рабіць любыя неабходныя ўдасканаленьні», — сказаў прэзыдэнт ЗША.

У страляніне ў Сан-Бэрнардына (штат Каліфорнія), якая адбылася 2 сьнежня, былі забітыя 14 чалавек, яшчэ 17 параненыя. Нападнікі былі забітыя пры затрыманьні. Удзельніца масавага забойства ў Каліфорніі клялася ў вернасьці лідэру «Ісламскай дзяржавы» — і тэрарыстычная групоўка ўзяла на сябе адказнасьць за тэракт. Нягледзячы на выказваньні некаторых палітыкаў (у асаблівасьці апазыцыйных да дэмакрата-Абамы рэспубліканцаў) наконт мусульманаў і мігрантаў (адзін з нападнікаў быў выхадцам з Пакістану і грамадзянінам ЗША), Абама выступіў у абарону іміграцыі ў ЗША.

«Пасьля падзеяў 11 верасьня 2001 году (калі ад тэрактаў на тэрыторыі ЗША загінулі амаль тры тысячы чалавек. — РС) мы зьвярнуліся да экстраардынарных мераў узмацненьня ўнутранай бясьпекі — на межах, у партах, аэрапортах, у пытаньні авіяцыйнай бясьпекі. Мы палепшылі сытуацыю, у тым ліку дзякуючы людзям, якія сабраліся тут, у пытаньні прадухіленьня вялікага комплексу праблемаў, падобных да падзеяў 11 верасьня, — згадваў Абама. — Мы прадухілілі значна большыя пагрозы за гэтыя. І прадухілім зноў».

Барак Абама дасьць вялікую прэс-канфэрэнцыю па выніках году 18 сьнежня. Пасьля яе, як паведаміў прадстаўнік Белага дому, прэзыдэнт ЗША наведае Сан-Бэрнардына, дзе сустрэнецца з родзічамі ахвяраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG