Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івацэвіцкія інваліды, у якіх хацелі адабраць дзіця: людзі дораць рэчы, гандляры скінуліся на вазок


Ганна і Анатоль Бахуры з сынам Косьцікам

Ганна і Анатоль Бахуры з сынам Косьцікам

Інваліды Анатоль і Ганна Бахуры зь Івацэвічаў выхоўваюць пяцімесячнага Кастуся. Яны шчасьлівыя, што ім удалося адстаяць сваё права на бацькоўства.

Карэспандэнт Свабоды наведаў сям’ю Бахураў ды распытаў, як яны ўпраўляюцца з гадаваньнем дзіцяці.

Анатоль і Ганна Бахуры жывуць у двухпакаёўцы ў цэнтры Івацэвічаў. У жніўні сродкі масавай інфармацыі абляцела гісторыя, што ў іх хочуць адабраць нованароджанае дзіця, ды аддаць у дом немаўляці, таму што абодва бацькі — інваліды. Пасьля шырокага розгаласу сям’ю Бахураў наведала міністар працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна, якая распарадзілася перагледзець пляны аб адабраньні дзіцяці.

У выніку, дзіця пакінулі ў сям’і, а Ганна ў інтэрвію Свабодзе дзякавала журналістам і грамадзкасьці, што пра іх праблему «даведаліся нават у Амэрыцы».

Нянька Тацяна з маленькім Кастусём Бахурам

Нянька Тацяна з маленькім Кастусём Бахурам

Кастусю, сыну Анатоля і Ганны хутка будзе пяць месяцаў. Сям’ю кожны дзень па чарзе наведваюць дзьве нянькі, якіх замацавалі мясцовыя ўлады для дапамогі ў даглядзе за дзіцём. Удзень нянькі праводзяць у сям’і Бахур больш пяці гадзінаў, астатні час бацькі спраўляюцца самі.

«Радуемся, што чалавечак у нас падымаецца на вачах»

«Радуемся, што чалавечак у нас падымаецца на вачах»

Маці Ганна кажа, што жыцьцё з маленькім сынам моцна адрозьніваецца ад ранейшага. Бацька Анатоль дадае, што гэта ім у радасьць:

«Што застаўся Косьцік дома», — тлумачыць Анатоль.

«На вачах ён у нас падымаецца, усё новае і новае пачынаецца. Вось учора мы ўжо спусьцілі ложачак ніжэй, таму што ён ужо спрабуе сядаць. Таму загадзя страхуемся. Вучыцца поўзаць — з вачэй не спускаем. Размаўляем зь ім, казкі, вершы чытаем, любіць ён слухаць. Зубоў яшчэ няма, але ўжо хоча нешта казаць. Таму і радуемся, што чалавечак у нас падымаецца на вачах», — кажа Ганна.

Тацяна корміць немаўля

Тацяна корміць немаўля

У часе візыту карэспандэнта Свабоды ў Бахураў якраз была нянька Тацьцяна, якая карміла маленькага Косьціка:

«Ужо есьць, пюрэ есьць, сок п’е. Добры хлопчык, вельмі добра разьвіваецца, актыўны такі, вясёлы, ну, на радасьць... Купаем яго, ён вельмі любіць купацца. Шмат любові яму даецца, гэта ж не параўнаць, каб ён быў у прытулку».

Косьцік гуляецца з цацкамі

Косьцік гуляецца з цацкамі

Нянька распавяла, што сама выклікалася на гэтую працу, бо хацела дапамагчы:

«У мяне сваіх трое дзяцей. Мы ведалі гэтую сытуацыю, і хацелася неяк дапамагчы, таму што я разумею, што такое быць мамай, і што, калі б забралі дзіця, — то гэта страшна. Таму мы з мужам пагаварылі і вырашылі дапамагчы гэтай сям’і. У кожнага ёсьць сваякі, бабулі, дзядулі, а ў Ганны нікога няма, таму мы ёй сваякоў замяняем. Дзякуй Богу, вырашылася ўсё добра», — кажа Тацьцяна.

Тацьцяна — сацыяльны работнік і апроч Бахураў дапамагае яшчэ некалькім састарэлым людзям, якім патрэбны дагляд.

Ганна паказвае паліцы з прыладамі для жывапісу

Ганна паказвае паліцы з прыладамі для жывапісу

Ганна Бахур займаецца жывапісам, піша карціны, набыла фотаздымач ды вучыцца фотамастацтву. Раней Ганна шмат падарожнічала і па Беларусі, і ў замежжа. Пра сваю доўгачаканую цяжарнасьць спадарыня даведалася, калі была з мужам Анатолем у Даніі па запрашэньні аднаго тамтэйшага мэцэната. Ганна распавяла, што дацкія сябры вельмі ўзрадаваліся таму, што ў яе з мужам будзе дзіця, і цяпер дапамагаюць матэрыяльна — падаравалі банкаўскую картку, куды штомесяц пералічваюць невялікую суму грошай.

У добрае надвор'е Косьцік любіць паспаць у вазку на вуліцы

У добрае надвор'е Косьцік любіць паспаць у вазку на вуліцы

Дапамагаюць Бахурам і іншыя неабыякавыя людзі — івацэвіцкія прадпрымальнікі скінуліся ды падаравалі грошы на дзіцячы вазок. Дораць людзі рэчы, адзеньне, цацкі. Ганна кажа, што дзіцячага адзеньня часам бывае так шмат, што яна сама дорыць яго іншым людзям.

Ганна паказвае картку, на якую пераводзяць грошы сябры Бахураў з Даніі

Ганна паказвае картку, на якую пераводзяць грошы сябры Бахураў з Даніі

Анатоль у мінулым быў прадпрымальнікам, меў свой кіёск каля вакзалу. Аднак, кажа, давялося згарнуцца, калі запатрабавалі ставіць стандартную гандлёвую кропку, бо на гэта не ставала сродкаў.

Косьцік Бахур

Косьцік Бахур

Цяпер Анатоль падумвае ізноў заняцца дробным бізнэсам, каб зьбіраць нейкі капітал на выхаваньне дзіцяці. Аднак, кажа, што гэта магчыма хіба што пры падтрымцы спонсараў, бо самому разгарнуцца яму пакуль не ўдаецца.

Бахуры каля дому маюць уласны гародчык, дзе вырошчваюць неабходную зеляніну на час зімы.

«Сьліняўчык», які Косьціку пашыла сама Ганна

«Сьліняўчык», які Косьціку пашыла сама Ганна

Інваліднасьць Анатоля зьвязаная з паралюшам, але ён можа хадзіць па хаце, перасоўваецца па горадзе ў вазку, часам самастойна езьдзіць па справах і цягнікамі. У Ганны неразьвітыя канечнасьці, яна растлумачыла, што гэта — вынік няўдалага аборту, які спрабавала зрабіць яе маці. Дарэчы, з бацькамі Ганна дагэтуль не падтрымлівае зносінаў, яна гадавалася ў дзіцячым доме ад самага нараджэньня да паўналецьця. Ганна — перакананая праціўніца абортаў, у часе размовы яна адназначна называе гэта забойствам.

Ганна кажа, што яна вельмі шчасьлівая

Ганна кажа, што яна вельмі шчасьлівая

Нягледзячы на свае захворваньні Анатоль ды Ганна — надзвычай жыцьцярадасныя ды аптымістычныя людзі. Цяпер, кажуць шчасьлівыя бацькі, іх жыцьцё напоўненае новым сэнсам:

«Я ўсім кажу шчыры дзякуй за падтрымку дзіцяці. Я стаўлю фотаздымак побач, ды лаўлю ўсе новыя моманты — як ён пачынае пацягвацца, як іншае нешта робіць...».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG