Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хворы ўкраінскі хлопчык, які майструе сьнегавічкоў, зарабіў з дапамогай беларусаў грошы на лячэньне. Цяпер ён дапамагае іншым


Андрэйка са сьнегавічком

Андрэйка са сьнегавічком

Каля двух з паловай тысяч сьнегавічкоў вырабілі беларусы, каб дапамагчы сабраць сродкі на лекаваньне ўкраінскаму хлопчыку Андрэю Семіліту — ён пакутуе на востры лімфабластны лейкоз. Семіліты нават пачалі дапамагаць дзяўчынцы з Данбасу, якая таксама лечыцца ў Гомелі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека.

У гематалягічным аддзяленьні цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны, дзе лечыцца чатырохгадовы Андрэйка Семіліт, большасьць дзетак і дарослых ходзяць у масках. Імунітэт пацыентаў зьніжаны, і любая інфэкцыя можа хутка прычапіцца да каго заўгодна. Хіміятэрапія таксама не дадае настрою тутэйшым пацыентам. Андрэйка наагул пры чужых наведніках хаваецца пад коўдру і, усхліпваючы, кліча: «Мамуля, мамуля!».

Алена Семіліт, маці Андрэйкі, надзвычай удзячная беларусам, якія са спагадай паставіліся да яе бяды і сталі таксама вырабляць прывабных сьнегавічкоў, каб празь іх сабраць грошы на лекаваньне ўкраінскага хлопчыка:

«Дужа багата людзей адгукнуліся на нашу сытуацыю. Такой спагады мы нават не чакалі. Адклікнулася надзвычай вялікая колькасьць грамадзянаў Беларусі — з Гомелю, Менску, розных іншых месцаў. Зараз мы маем патрэбную суму на цяперашняе лекаваньне і нават на частку будучай падтрымліваючай хіміі — пасьля хіміі агрэсіўнай. І наступныя пяць гадоў мы будзем прыяжджаць у Беларусь, каб кожныя паўгода праходзіць усебаковае дасьледаваньне».

Сьнегавічкі ў палаце Андрэйкі

Сьнегавічкі ў палаце Андрэйкі

Украінка ўдакладняе, што сьнегавічкоў зроблена ўжо не адна тысяча. Сям’я Семілітаў разам з добраахвотнікамі адсылае іх тым, што ахвяраваў грошы на лекаваньне Андрэйкі. Адзін сьнегавічок — 50 грыўняў, што адпавядае прыкладна 2 далярам.

Алена: «Некаторыя сьнегавічкі знаходзяцца ў Менску ў офісе ТUT.BY, а таксама ў сярэдняй школе № 15 Гомелю. Шмат хто вырабляе іх дома й дасылае ў школу альбо на ТUT.BY. Зроблена ўсяго каля 4 тысяч сьнегавічкоў, калі ўлічыць, што прыкладна паўтары тысячы зь іх выраблена ў нашым родным горадзе Чаркасы, што ва Ўкраіне».

Маці Андрэйкі расказала, што яны з мужам выбралі радыяцыйны цэнтар у Гомелі, бо тут на поўны курс лекаваньня сына спатрэбіцца каля 35 тысяч даляраў. У Нямеччыне гэта каштавала б амаль утрая болей. Патрэбную суму грошай з дапамогай сьнегавічкоў удалося сабраць і дзякуючы дапамозе беларусаў:

«Мінімальная сума — 35 тысяч даляраў. Яна можа быць і большай на 20-30 адсоткаў, а можа і меншай. У нас на рахунку 32,5 тысячы. І плюс 2-3 тысячы патрэбныя на лекаваньне на непрадбачаныя выдаткі. Бывае так, што нейкі мэдпрэпарат арганізм не прымае, патрэбны арыгінал. Альбо яго наагул няма ў наяўнасьці. Выдаткі такога пляну. Хімія, напрыклад, у нас свая, зь Нямеччыны».

У гематалягічным аддзяленьні цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны

У гематалягічным аддзяленьні цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны

Алена Семіліт кажа, што сям’я на заробленыя за сьнегавічкоў грошы мае таксама дапамагаць хворай дзяўчынцы з Украіны — яна таксама лечыцца ў Гомелі, але бацькі ня хочуць гэта афішаваць:

«Тут ёсьць дзяўчынка, якой будзем дапамагаць. Грошы, якія будуць паступаць яшчэ для Андрэйкі, мы перадамо дзяўчынцы».

Пра жаданьне Семілітаў падзяліцца ахвяраваньнямі расказаў і гамяльчук Алесь, які дапамагаў украінскаму хлопчыку разам зь фірмай, дзе працуе, але прасіў не афішаваць сваё прозьвішча:

«Андрэйка разам з маці даведаўся пра тое, што ў суседняй палаце знаходзіцца дзяўчынка з Данецку, чатырохгадовая Тася, з гэткім жа цяжкім дыягназам. Андрэйка й вырашыў з маці дапамагчы сваёй зямлячцы».

Задума рабіць сьнегавічкоў на продаж, як расказвае Алена Семіліт, прыйшла нечакана:

«Спачатку мы пачалі рабіць сьнегавічкоў для сябе, каб хоць чымсьці заняць Андрэйку. Потым людзі прапанавалі: давайце выставім на продаж! З таго ўсё й пайшло. Багата замоваў прыйшло з посту Сьвятланы Кацубы — яна прыехала на дапамогу з Ізраілю».

Прапанова хворага хлопчыка і ягонай маці Алены вырабляць сьнегавічкоў і такім чынам зарабляць грошы на лекаваньне ўскалыхнула тысячы людзей у розных канцах сьвету. Замовы паступалі з Гішпаніі, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Канады, ЗША і нават Аўстраліі. Беларусы таксама не засталіся раўнадушнымі да лёсу ўкраінскага хлопчыка, хворага на рак крыві.

Бабуля Андрэйкі Тацяна, якая прыехала ў Гомель з Украіны дапамагаць унуку і дачцэ, усьцешаная прыязнасьцю і велікадушнасьцю людзей і, у прыватнасьці, беларусаў:

«Я дужа задаволена беларусамі, якія дапамагалі. Дай Бог усім здароўя».

XS
SM
MD
LG