Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4G-сетка зьявіцца 17 сьнежня толькі ў Менску і толькі ў МТС


Пакуль хуткасным мабільным LTE-інтэрнэтам змогуць скарыстацца толькі жыхары сталіцы і толькі абанэнты аднаго апэратара.

Ад 18:00 17 сьнежня ў Беларусі запрацуе 4G-сетка LTE Advanced — мабільны інтэрнэт з тэлефонаў, што падтрымліваюць тэхналёгію, стане значна хутчэйшым. Але пакуль паслугу прапануе толькі адзін апэратар, МТС, і толькі ў сталіцы.

Як паведамляе МТС, на 17 сьнежня, дату пачатку працы сеткі, пабудаванай інфраструктурным апэратарам beCloud, пакрыцьцё будуць забясьпечваць 150 базавых станцый. Гэтага цалкам дастаткова для ўпэўненага пакрыцьця на тэрыторыі сталіцы, запэўнівае МТС. Абяцаная хуткасьць у 4G-сетцы — да 112 Мбіт/с, што ў разы хутчэй за звыклы 3G.

Для абанэнтаў МТС на інтэрнэт-арыентаваных тарыфных плянах, калі іх тэлефоны, пляншэты ці мадэмы падтрымліваюць LTE, інтэрнэт праз 4G будзе бясплатным да канца зімы (пры выхадзе з зоны дзеяньня 4G ў 2G/3G тарыфікацыя застанецца звычайнай). Пасьля ён будзе тарыфікавацца так жа, як 2G/3G. Да таго ж, МТС прапанаваў вялікія пакеты трафіку, 25 і 50 Гб за 234 і 320 тысяч адпаведна.

Як сьцьвярджае МТС, тэхналёгію падтрымлівае 20% ад усіх прыладаў у сетцы ў Менску, значыць, 4G атрымае больш за 100 тысяч чалавек. Пазьней 4G-сетка зьявіцца ў іншых гарадах Беларусі, але час і месцы падключэньня залежаць ад будаўніка сеткі, інфраструктурнага апэратара beCloud.

Абанэнтам іншых апэратараў, velcom і life:), скарыстацца 4G пакуль не давядзецца. life:) ня можа даць апэратыўны камэнтар у сувязі з выбарамі новага гендырэктара, але днём раней апэратар прадставіў новыя тарыфы, у якіх 4G ня згадваецца.

velcom жа не сьпяшаецца карыстацца паслугамі інфраструктурнага апэратара ды хоча асобнай ліцэнзіі для апэратараў на LTE-частоты:

«Мы пазытыўна ацэньваем той факт, што найноўшыя тэхналёгіі ў сфэры мабільных камунікацыяў, да якіх адносіцца LTE, прыходзяць у Беларусь. У ходзе прэс-канфэрэнцыі ў красавіку velcom заявіў аб маштабнай мадэрнізацыі ўласнай сеткі для падтрымкі ўсіх сучасных тэхналёгіяў, у тым ліку LTE. Такая мадэрнізацыя ўжо прайшла ў Менску і некаторых абласных цэнтрах рэспублікі. Больш за тое, мы плянамерна вядзем замену абсталяваньня радыёсеткі па ўсёй краіне для магчымай падтрымкі фармату 4G і ў невялікіх населеных пунктах.

На дадзеным этапе мы вядзем кансультацыі з упаўнаважанымі ведамствамі па пытаньні выдзяленьня LTE-ліцэнзіяў усім беларускім апэратарам мабільнай сувязі. Як паказвае сусьветны досьвед, найлепшы вынік, як для спажыўца, так і для галіны ў цэлым дасягаецца празь інтэнсіўную канкурэнцыю паміж апэратарамі. З гэтай прычыны мы нагадваем аб сваёй прапанове вылучыць LTE-ліцэнзію ўсім зацікаўленым «гульцам» на роўных умовах. Кампанія velcom, у сваю чаргу, зможа забясьпечыць рэспубліканскае пакрыцьцё LTE ў трохмесячны тэрмін пасьля атрыманьня такой ліцэнзіі. Праводзячы кансультацыі з рэгулятарам, мы адначасова вядзем перамовы з уладальнікам LTE-ліцэнзіі, СТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», які будуе LTE-сетку і перапрадае яе паслугі іншым апэратарам.

У цяперашні момант ахоп 4G-сеткі СТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» складае 150 базавых станцыяў, што, на наш погляд, не дазваляе забясьпечыць якаснае LTE-пакрыцьцё і выкарыстоўваць гэтую сетку для паўнавартаснай камэрцыйнай эксплюатацыі. Для параўнаньня, ахоп сеткі velcom у Менску складае 634 базавыя станцыі, у той час як па ўсёй краіне гэтая лічба ўжо перавысіла 3000. Важнымі пытаньнямі на перамовах таксама зьяўляюцца магчымасьці спалучэньня абсталяваньня і камэрцыйная мадэль ўзаемадзеяньня.

У выпадку вырашэньня ўсіх названых пытаньняў мы будзем гатовыя забясьпечваць паслугі LTE на базе сеткі СТАА „Беларускія воблачныя тэхналёгіі“. Аднак, у гэтым выпадку тэрыторыя 4G-пакрыцьця, якасьць сувязі, узровень розьнічных тарыфаў і іншыя элемэнты прапановы ня будуць у поўнай меры кантралявацца кампаніяй velcom».

XS
SM
MD
LG