Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калійны праект расейскага алігарха Міхаіла Гуцарыева ў Любанскім раёне замарожаны: памятны знак з капсулай ад Лукашэнкі прыбралі, будаўнічыя працы спыненыя, тэхніку адагналі назад у Расею.

Сёлета ў верасьні расейскі прадпрымальнік Міхаіл Гуцарыеў і Аляксандар Лукашэнка ўрачыста заклалі капсулу ў гранітны памятны знак у гонар заснаваньня новага калійнага камбінату ў Любанскім раёне.

Выступаючы на ўрачыстай цырымоніі 15 верасьня, Аляксандр Лукашэнка падкрэсьліў, што гэта гістарычны момант і зьвярнуўся да будаўнікоў:

«Я хачу ўсім удзельнікам будаўніцтва пажадаць, каб мы не сарвалі графіку будаўніцтва».

Пасьля Аляксандр Лукашэнка яшчэ некалькі разоў казаў пра тое, што варта датрымлівацца тэрмінаў і паабяцаў перайменаваць Любань у Гуцарыеўск у выпадку якаснага і своечасовага выкананьня праекту.

У чаканьні крэдыту

Месца рудніка, вышка сотавай сувязі і месца з флагштокамі, дзе праводзіліся мерапрыемствы

Месца рудніка, вышка сотавай сувязі і месца з флагштокамі, дзе праводзіліся мерапрыемствы

Паводле мясцовых жыхароў, на сярэдзіну сьнежня ніякія будаўнічыя працы ў раёне вёскі Обчын Любанскага раёну, дзе павінен паўстаць калійны камбінат, не вядуцца. Працаўнікоў «Слаўкалію» ня звольнілі, ім плацяць заробкі, але на працу яны не выходзяць. У кампаніі катэгарычна адмовіліся камэнтаваць сытуацыю, аналягічны адказ быў атрыманы ад намесьніка старшыні Любанскага райвыканкаму па эканамічных пытаньнях.

Дарога да рудніка, якую пабудавалі (гэта ўсё, што там ёсьць, больш нічога не зрабілі)

Дарога да рудніка, якую пабудавалі (гэта ўсё, што там ёсьць, больш нічога не зрабілі)

Месца, дзе пачалі здымаць грунт

Месца, дзе пачалі здымаць грунт

Па словах Пятра, працаўніка «Слаўкалію», які папрасіў не называць яго прозьвішча, начальства запэўнівае людзей, што яны пачнуць выходзіць на працу ад сярэдзіны студзеня.

«Зараз там толькі мэханікі дзяжураць. Гэтага перапынку не плянавалася, узьніклі праблемы з фінансаваньнем. Абяцаюць, што з 15-га студзеня будзе праца, прыяжджалі людзі зь Менску.

У горадзе бяда, нідзе няма работы. Думалі людзі, што адкрыецца камбінат, дык хоць праца будзе. А ўсё закрываюць, усё тухне».

Карьер, зь якога мусілі цягнуць пясок, але там таксама нічога няма

Карьер, зь якога мусілі цягнуць пясок, але там таксама нічога няма

Іншыя тэрміны пачатку будаўнічых працаў агучыла прэсавая служба Менскага аблвыканкаму — крэдыт атрымалі, усё адпавядае плянам і будоўля адновіцца ў сакавіку:

«Вы каму хочаце верыць, Гуцарыеву, кіраўніку гэтай кампаніі ці мясцовым жыхарам? Што яны могуць ведаць? Крыху затармазілі, бо было пытаньне з крэдытам, але цяпер лінія адкрытая, і яны прыступаюць да працы. Гэта праўдзівая інфармацыя».

Капсулу схавалі ад... людзей

Верталётная пляцоўка

Верталётная пляцоўка

Лукашэнка і Гуцарыеў ня толькі выступалі ў Любані — там была закладзеная капсула ў памятны знак ля падмурку будучага прадпрыемства. Цяпер таго знаку няма на месцы. У горадзе кажуць, што ў расейскага інвэстара скончыліся грошы, праект праваліўся, уся тэхніка адпраўленая сваім ходам у Расею.

«Сам камень прыбралі, каб яго ня спляжылі мясцовыя жыхары, вандалы, хуліганы», — пацьвердзіў Свабодзе Дзьмітры Сухан, намесьнік старшыні Любанскага райвыканкаму па пытаньнях архітэктуры і будаўніцтва.

Сухан настойвае, што інвэстар прытрымліваецца тэрмінаў, але пацьвярджае, што крэдыт яшчэ не атрыманы.

«На гэты момант яны пабудавалі тое, што ў іх было ў плянах. На сёньняшні дзень стаіць пытаньне атрыманьня крэдытных рэсурсаў ад кітайскага банку».

Крэдыт Гуцарыева

Міхаіл Гуцарыеў

Міхаіл Гуцарыеў

У Менскім абласным выканаўчым камітэце запэўніваюць, што расейскі інвэстар атрымаў першы транш кітайскага крэдыту, а спыненьне працаў на зіму плянавае.

Дзіўна, што Гуцарыеў чакае менавіта крэдытных сродкаў і не сьпяшаецца ўкладаць свае. Па ранейшай інфармацыі, ягоны ўнёсак павінен скласьці прыблізна 286 млн. даляраў. А астатнія грошы з агульнай сумы інвэстыцый у 1,5 мільярда даляраў у Дзяржаўнага банку разьвіцьця Кітаю будзе браць «Беларусбанк» пад гарантыі беларускага ўраду. GMC Global Energy plc, якой валодае Гуцарыеў, абавязваецца сплачваць толькі працэнтную стаўку за кітайскі крэдыт.

Што тычыцца тэрмінаў будаўніцтва, то ў 2011-м годзе было абвешчана, што кампанія Гуцарыева пры падтрымцы Беларусі пабудуе калійны камбінат ужо ў 2015-м. Але сёлета адклалі чаканы запуск на 2020 год. Па стане на сьнежань, праект замарожаны, былі зьдзейсьненыя толькі базавыя зямельныя працы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG