Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згодна з папраўкамі ў закон «Пра тэлевяшчаньне», падпісанымі Нурсултанам Назарбаевым у кастрычніку, ад 1 студзеня 2016 году казахскія кабэльныя апэратары ня змогуць паказваць рэкляму падчас рэтрансьляцыі замежных тэлеканалаў, што фактычна значыць забарону рэтрансьляцыі, распавядае расейскі «Коммерсантъ».

Этэрнае вяшчаньне замежных тэлеканалаў ужо забароненае ў Казахстане, таму шэраг расейскіх тэлеканалаў ідзе праз кабэльныя сеткі. З новай папраўкай, сьцьвярджаюць апэратары ў звароце да Назарбаева, рэтрансьляцыя стане практычна немагчымай: маўляў, затраты на выразаньне рэклямы з этэру будуць стратнымі, ды й цалкам пазбавіцца ад рэклямы не атрымаецца, а рашэньне «носіць дыскрымінацыйны характар».

Да таго ж, ад 1 студзеня 2017 году замежныя тэлекампаніі будуць абавязаныя адкрываць у Казахстане свае прадстаўніцтвы і аддаваць 80% бізнэсу казахскаму партнэру.

Тэлерынак Казахстану стаў найбуйнейшым для Расейскага ТВ замежным рынкам пасьля страты ўкраінскага рынку. Як распавёў «Коммерсанту» прадстаўнік аднаго з расейскіх мэдыяхолдынгаў, страты ад абанэнцкай платы і рэклямы могуць скласьці 700-900 млн расейскіх рублёў (каля 10-12,8 млн даляраў на момант публікацыі) на год. Акрамя таго, ад закону могуць пацярпець ня толькі расейскія, але і замежныя сеткі накшталт Discovery, Viacom і Fox.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG