Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі тэлеканал ZDF у аўторак увечары паказаў дакумэнтальны фільм Machtmensch Putin («Чалавек ўлады Пуцін»), у якім распавядаецца пра шлях да ўлады цяперашняга расейскага прэзыдэнта і робіцца спроба скласьці яго псыхалягічны партрэт на фоне падзеяў апошніх гадоў.

У фільме таксама распавядаецца аб тым, як працуе расейская прапаганда на Захадзе, пра дзейнасьць тэлеканала RT, пра расейскія «фабрыкі» інтэрнэт-троляў.

Нямецкі журналіст і аўтар кніг пра Расею Барыс Райтшустэр зьяўляецца адным са скразных камэнтатараў у дакумэнтальным фільме ZDF. Ён таксама называе стужку «поўным выкрыцьцём расейскай прапаганды», а паказ стужкі ў прайм-тайм аднаго з найбуйнейшых каналаў Нямеччыны — яе «поўнай паразай». «Рэальны погляд на рэчы перамагае», — кажа журналіст.

«Фільм распавядае гісторыю Ўладзімера Пуціна. Гаворыцца пра тое, што Пуцін пастаянна хоча быць моцным. Чаму ён гэтага хоча? Таму што дзяцінства было цяжкае, таму што ў кар’еры былі няўдалыя моманты. Там ёсьць спроба з псыхалягічнага пункту гледжаньня растлумачыць, чаму ён паводзіць сябе так. Наймацнейшае жаданьне пастаянна выглядаць моцным, жалезным. Гаворка ідзе пра яго паводзіны ва Ўкраіне і ў Сырыі, якія таксама тлумачацца шмат у чым тым, што ён хоча быць моцным. Выкрываецца шмат мітаў. Там гаворыцца пра выбухі дамоў у Маскве, пра тое, як ён прыйшоў да ўлады, там вельмі шмат таго, пра што звычайна на Захадзе ня пішуць і не гавораць пра Пуціна», — кажа Райтшустэр.

Паводле слоў журналіста, Пуціна на Захадзе баяцца, не разумеючы, што гэта за чалавек:

Ён ілжэволат. Ёсьць такое паняцьце з казкі — здалёку ён вялікі, а чым бліжэй падыходзіш, тым менш ён становіцца.

«Яго баяцца на Захадзе, адназначна. І яны не разумеюць шмат у чым, што ён ілжэволат. Ёсьць такое паняцьце з казкі — здалёку ён вялікі, а чым бліжэй падыходзіш, тым менш ён становіцца. Уся бяда ў тым, што гэты ілжэволат мае ядзерную зброю».

Райтшустэр лічыць, што Пуцін не зацікаўлены ў тым, каб у Сырыі стабілізавалася сытуацыя — наадварот, яму карысная там нестабільнасьць з-за коштаў на нафту.

«Я думаю, гэтага вельмі многія немцы ня бачаць. І я ў фільме сказаў, што гэта ў галаве ня ўкладваецца, што пасьля тэракту, які забіў 130 чалавек, мы зьвяртаемся па дапамогу да чалавека, які нясе галоўную адказнасьць за тысячы забітых ва Ўкраіне, каб той, у сваю чаргу, дапамагаў чалавеку, які адказны за сотні тысяч забітых у Сырыі. На жаль, тут нейкая абсурднасьць мае месца. І я спадзяюся, што людзі цяпер гэта лепш разумеюць», — адзначыў ён.

Інтэрвію цалкам можна пачытаць на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG