Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Імпэратар вучыўся дэмакратыі: палітыка сьвету «Зорных войнаў»


Тут і ніжэй — кадры з трэйлераў эпізодаў "Зорных войнаў"

Тут і ніжэй — кадры з трэйлераў эпізодаў "Зорных войнаў"

Другая трылёгія кінаэпапэі паказала дэмакратычны пераход да ўлады дыктатара. Напярэдадні прэм’еры першага фільму трэцяй трылёгіі прыгадваем палітычныя інтрыгі касьмічнай казкі, вельмі падобныя да рэальнага сьвету.

Клясычныя эпізоды «Зорных войнаў», што выходзілі на мяжы 70-х і 80-х, распавядалі пра барацьбу дабра са злом як пра «чорнае і белае». Эпізоды-прыквэлы, што выходзілі між 90-мі і «нулявымі», паказвалі больш складанае зло — такое, якое дэманстравала сябе дабром. Яшчэ больш пра сьвет «Зорных войнаў» распавядаюць шматлікія кнігі, коміксы, мультсэрыялы і відэагульні.

Даўным-даўно ў далёкай-далёкай галяктыцы (з такой фразы пачынаецца кожны эпізод «Зорных войнаў), за 84 года да Бітвы на Явіне IV, у ходзе якой была зьнішчаная Зорка Сьмерці, на плянэце Набу, аграрнай ускраіне Галяктычнай Рэспублікі, нарадзіўся будучы Імпэратар, Шыў Палпатын. Зьвестак пра родзічаў і яго юнацтва вельмі мала — стаўшы Імпэратарам, ён надзейна схаваў ці зьнішчыў гэтую інфармацыю. Зь юнацтва ён заняўся палітыкай, але ў нейкі нявызначаны момант сустрэў прыхільніка цёмнага боку Сілы, Дарта Плэгаса.

Слабы парлямэнт і самастойныя сілавікі

Да пачатку першага эпізоду «Зорных войнаў» Старая Рэспубліка існавала 25 тысяч год. Пачаўшыся як эканамічны зьвяз некалькіх плянэтаў, яна вырасла да аб’яднаньня хіба ня ўсіх плянэтаў, вядомых жыхарам галяктыкі. У кожнай плянэты свой народ са сваёй мовай, але асноўнае па колькасьці насельніцтва галяктыкі — людзі, якія калянізавалі многія плянэты. Ад людзкіх моваў пайшла і Асноўная галяктычная, якой валодае амаль любая цывілізаваная істота.

Рэспублікай кіраваў Сэнат — ад кожнай вобласьці (аб’яднаньня плянэтаў ці асобнай плянэты) ў Сэнат прызначаўся прадстаўнік (недзе яго абіралі дэмакратычным шляхам, недзе прызначалі), а плянэты захоўвалі свае традыцыйныя формы ўлады. Сэнат быў хутчэй органам, адказным за вырашэньне канфліктаў, чым органам заканадаўчай ці выканаўчай галіны, вялікая частка яго функцыяў тычылася гандлю. Нават не ААН, а гэткая Рада бясьпекі ААН.

Фармальным кіраўніком Рэспублікі быў Вярхоўны канцлер Сэнату, які абіраўся сэнатарамі зь ліку сэнатараў ня больш чым на два чатырохгадовыя тэрміны. Старшыня Сэнату на момант, паказаны ў фільмах, меў даволі сьціплую ўладу, мог хіба склікаць пазачарговую сэсію, а вырашальны голас меў толькі ў нязначных пытаньнях. То бок меней улады, чым, напрыклад, у Фэдэральнага канцлера Нямеччыны, хаця крыху болей, чым у беларускага прэм’ер-міністра.

На варце Рэспублікі стаяў незалежная ад ураду вайскова-рэлігійная арганізацыя, ордэн Джэдаяў. Ён прысягаў на вернасьць рэспубліцы, але не на вернасьць Сэнату, і меў сваё разуменьне дабра і зла. І хоць джэдаі былі, напрыклад, супраць рабаўладаньня, яны не маглі «прасунуць» забарону рабаўладаньня як на фэдэратыўным узроўні, так і на асобных плянэтах. Іх больш турбавала Сіла — нешта напаўмагічнае, напаўнавуковае, што жыве ў кожным і яднае Сусьвет. Прыхільнікі Цёмнага боку Сілы, ордэн Сітхаў (не зьвязаны, дарэчы, з народам сітхаў — некалі джэдаі-адступнікі ўцяклі на плянэту сітхаў Карыбан, а сітхі палічылі іх багамі), у мінулым вёў нямала войнаў у Галяктыцы, а джэдаі лічылі сваім галоўным абавязкам не дапусьціць адраджэньня Імпэрыі Сітхаў. Палітыкай яны не цікавіліся, і многія ў галяктыцы нават ня верылі ў Сілу.

«Просты мужык» і змагар з карупцыяй

Па знаёмстве зь Цёмным бокам Сілы Палпатын атрымаў сітхскае імя Дарт Сыдыюс і прайшоў навучаньне. Па традыцыях сітхаў, можа быць толькі адзін вучань і адзін настаўнік — і вучань павінен забіць свайго настаўніка. Гэта аднойчы і зрабіў Палпатын, праўда, ўжо ўзяўшы сабе вучня, Дарта Мола (які запомніўся зь першага эпізоду чорна-чырвонай расфарбоўкай твару і двайным чырвоным мячом). Захоўваючы навучаньне ў тайне, ён вёў максымальна ціхую і зь першага погляду не асабліва ўдалую палітычную кар’еру.

Пасьля так і не раскрытага забойства прадстаўніка сыстэмы вакол плянэты Набу ў сэнаце новым сэнатарам нечакана абіраюць 30-гадовага Палпатына. Выглядала так, нібы маладому сэнатару не хацелася ісьці ў Сэнат, поўны бюракратыі, карупцыі і бессэнсоўных спрэчак. Ён не пярэчыць каралеве Набу Падмэ Амідале і паказвае, як адстойвае інтарэсы яе народу. Заводзіць у Сэнаце сяброўства з «аўтсайдэрамі», такімі ж «правінцыяламі», як ён сам, ціха абмяркоўвае недасканаласьць ўлады, многа публікуецца і набірае папулярнасьць як крытык бюракратыі. Мяркуючы па ўсім, у Рэспубліцы Палпатына ўспрымалі прыкладна так, як у Беларусі Лукашэнку на пачатку 90-х: просты малады палітык з народу, хоць месцамі кур’ёзны, але шчыры барацьбіт з карупцыяй.

Падчас гандлёвага саміту паплечнік Палпатына ладзіць забойства дырэктарату Гандлёвай фэдэрацыі, магутнай эканамічнай арганізацыі, амаль не залежнай ад Сэнату, гэткага WTO з уласнай арміяй. На месца віцэ-караля прыходзіць «чалавек Сыдыюса» (сувязь з Палпатынам, вядома, не раскрывалася), які спрабуе ўзяць вярхоўную ўладу ў арганізацыі.

Сам жа Палпатын рыхтуецца заняць хай і не ўплывовую, але прэстыжную пасаду Вярхоўнага канцлера. Ён арганізуе ананімны перавод вялікай сумы грошай старому канцлеру і робіць так, каб гэты перавод выкрыў палітычны апанэнт канцлера. І паралельна ў абліччы Палпатына ўгаворвае Сэнат ўвесьці высокія падаткі на гандлёвыя шляхі, а ў абліччы Дарта Сыдыюса — падштурхоўвае Гандлёвую фэдэрацыю да пратэсту.

Дыктатура як ратаваньне дэмакратыі ў час вайны

Гандлёвая фэдэрацыя бярэ ў блякаду плянэту Набу, радзіму Палпатына, а потым пачынае наземную вайну. З гэтага пачынаецца дзеяньне першага эпізоду «Зорных войнаў». 14-гадовая каралева Амідала выступае ў Сэнаце, вінаваціць той у надта маруднай рэакцыі на блякаду, а на Вярхоўнага канцлера ўскладае адказнасьць за пакуты свайго народу. Яна давярае Палпатыну, які з агідай выказваецца пра няздольнасьць Сэнату да рашучых дзеяньняў, і выносіць вотум недаверу Вярхоўнаму канцлеру.

На самой справе Сэнат абраў маладога Палпатына як кампрамісны варыянт — той меў няшмат сяброў у Сэнаце, затое ўжо меў шмат ворагаў. Акрамя яго было два роўных па сіле, значна больш папулярных кандыдаты, але перад галасаваньнем па новым канцлеры тыя, хто мог бы паўплываць на вынікі на карысьць іншых кандыдатаў, загадкава зьнікаюць, як зьнікаюць і ўсялякія ўлікі. Да таго ж, мінулы канцлер нібы зрабіў што мог для Набу, ды гэтага было мала — а вось і палітык з Набу, які максымальна зацікаўлены ў вырашэньні крызісу.

Нечаканая нават для Палпатына перамога аб’яднанай арміі каляністаў і абарыгенаў Набу над войскам Гандлёвай Фэдэрацыі зрабіла новага канцлера героем. Падчас гэтых падзеяў Дарт Сыдыюс страціў вучня, Дарта Мола, але прыглядзеў пераемніка, юнага, але вельмі чуйнага да Сілы Анакіна Скайуокера. Праўда, Скайуокер яшчэ ня быў гатовы да пераходу на Цёмны бок Сілы — спачатку Палпатыну трэба было пасябраваць з хлопчыкам, — затое зьявіўся новы вучань, былы джэдай Граф Дуку, які сам паў на Цёмны бок Сілы.

Дуку стаў кіраўніком сэпаратыстаў, Саюзу незалежных сыстэмаў (ангельская абрэвіятура, што цікава, такая ж, як у СНД — CIS), у якім да Гандлёвай фэдэрацыі далучыўся шэраг іншых праціўнікаў рэспубліканскай палітыкі. Палпатын тым часам «неахвотна» падтрымаў шалёна дарагі праект экспэдыцыі на далёкія плянэты, у якім дазволіў узяць удзел усім ахвочым джэдаям. Саюз сэпаратыстаў жа гартаваў сілы 10 год пасьля Набу, але раптоўнае выкрыцьцё джэдаямі сілаў сэпаратыстаў прывяло да маштабнай Бітвы на Джэанозісе, зь якой пачаліся Войны клонаў.

Такую назву войны атрымалі праз выкарыстаньне Рэспублікай нечакана знойдзенай арміі. Як Японія пасьля Другой сусьветнай, Рэспубліка ня мела рэгулярных войскаў, але адзін джэдай-адступнік быў з такой сытуацыяй нязгодны і таемна (але не бязь ведама Палпатына) падрыхтаваў для Рэспублікі цэлае трохмільённае войска клёнаў. Калі войска знайшлі джэдаі, Палпатын карцінна дэманстраваў Сэнату агіду да «мілітарызацыі», дэманстраваў, што толькі надзвычайныя абставіны прымушаюць яго ісьці на выкарыстаньне войска ў інтарэсах абароны дэмакратыі.

Тымі самымі (створанымі ім самім) надзвычайнымі абставінамі Палпатын тлумачыў пастаянныя зьмены ў канстытуцыі, што надавалі яму новыя паўнамоцтвы. Дакладней, і не тлумачыў: Сэнат сам бачыў, што зьмены неабходныя дзеля барацьбы з тэрарызмам, праекты прапаноўвалі паплечнікі Палпатына, а ён адно казаў, што гатовы зь цяжкасьцю на сэрцы прыняць новую ношу — і адмовіцца ад яе, як крызіс міне. Пад канец другога канцлерскага тэрміну Сэнат прыняў папраўку, што дазваляла Вярхоўнаму канцлеру абірацца бясконцую колькасьць раз (такая ж папраўка была прынятая ў Беларусі на рэфэрэндуме 2004 году адносна крэсла прэзыдэнта).

«Вось так свабода і памірае — пад гром аплядысмэнтаў»

Вайна, у якой зь пераменным посьпехам, але перамагала Рэспубліка, давала Палпатыну ўсё новыя паўнамоцтвы, ён прымаў іх з дэманстрацыяй «усё меншай ахвоты». І нават калі пасьля таямнічага забойства папярэдняга Вярхоўнага канцлера «пагаджаўся» на прапанову аднаго з сэнатараў пазбавіць чарговых функцыяў урад, «няздольны бараніць Рэспубліку», «вялікадушна» даў слова аднаму з апошніх апазыцыянэраў. На звольненых ад сэпаратыстаў плянэтах Палпатын сам прызначаў губэрнатараў — вайсковае становішча абавязвала. А пад канец вайны прызначыў губэрнатараў на ўсіх плянэтах «у мэтах бясьпекі» і каб «паскорыць вытворчасьць прадукцыі для патрэбаў вайны».

Адным з апошніх рыўкоў сэпаратыстаў быў напад на сталіцу Рэспублікі, у якім Дуку здолеў захапіць самога Вярхоўнага канцлера Палпатына (і ў адной асобе свайго настаўніка Дарта Сыдыюса). Джэдаі вызвалілі Палпатына, а сябра канцлера Скайуокер забіў Дуку — ды Рэспубліка была ўсхваляваная і прыняла Акт аб бясьпецы, што выводзіў Вышэйшую раду джэдаяў з (чыста фармальнага) падпарадкаваньня Сэнату і пераводзіў яе ў прамое падпарадкаваньне Вярхоўнаму канцлеру. У Вышэйшую раду джэдаяў супраць яе волі атрымалася правесьці Скайуокера.

Скайуокер выведаў, што Палпатын і Дарт Сыдыюс гэта адна асоба і распавёў пра гэта радзе джэдаяў. Але пры арышце Палпатын пачаў супраціўляцца, прадэманстраваў магутнасьць Цёмнага боку Сілы. Ад пагібелі ад рук джэдаяў Палпатына выратаваў сам Скайуокер — ён ужо знаходзіўся пад моцным уплывам Палпатына і, нягледзячы ні на што, верыў, што толькі Палпатын можа выратаваць яго жонку ад (прадказанай Палпатынам жа) сьмерці. Па вызваленьні Палпатын пераканаў Скайуокера зьнішчыць сталічны Храм джэдаяў, якія «былі ў змове» супраць яго. Астатніх джэдаў па Загадзе 66 зьнішчыла рэспубліканская армія — клоны былі загадзя запраграмаваныя падпарадкоўвацца Вярхоўнаму канцлеру.

Палпатын распавёў Сэнату пра змову джэдаяў і паказаў шнары, што пакінула на яго твары бітва з былымі рыцарамі Рэспублікі. Сэнатары паверылі, што джэдаі рыхтавалі вайсковы пераварот і праз графа Дуку ўцягнулі Рэспубліку ў вайну з сэпаратыстамі. Вайна была завершаная —Скайуокер, які на той момант ужо прыняў імя Дарт Вэйдэр, пасьля Храму джэдаяў разабраўся і зь лідэрамі сэпаратыстаў. Але «ў мэтах бясьпекі і захаваньня стабільнасьці Рэспублікі» ён ператварыў Рэспубліку ў Галяктычную Імпэрыю, «якой кіруе бальшыня».

У аглушальных авацыях Сэнату толькі адна апазыцыянэрка, Падмэ Амідала прамовіла: «Вось так свабода і памірае — пад гром аплядысмэнтаў». Імпэрскі сэнат праіснаваў яшчэ 19 год як кансультатыўны орган, але стаў непатрэбны. Паўстаньне супраць Імпэратара дазволіла «знайсьці» ў ім небясьпеку, ляяльных паўстанцам сэнатараў, і распусьціць апошнюю імітацыю дэмакратыі ў Імпэрыі. А функцыю Сэнату, кантроль над мноствам плянэтаў Імпэрыі, мусіў выконваць страх перад Зоркай Сьмерці — гіганцкай касьмічнай станцыяй, што па загадзе Імпэратара проста зьнішчала бунтарскую плянэту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG