Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні ўласьнік прыватнага «Музэю быту Горадні» Януш Паруліс вымушаны прадаваць экспанаты з экспазыцыі, каб заплаціць за арэнду памяшканьня, у якім месьціцца музэй, паколькі аплата за арэнду амаль такая ж, як ягоная пэнсія.

Прыватны «Музэй быту Горадні» існуе чацьверты год. Ён месьціцца на вуліцы Лермантава ў аднапавярховым доме забудовы 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Ягоны ўладальнік — Януш Паруліс сабраў унікальную экспазыцыю самых розных рэчаў, якія суправаджаюць чалавека на працягу жыцьця. Экспазыцыя, паводле Паруліса, складаецца прыкладна з 30 тысяч экспанатаў.

Януш Паруліс

Януш Паруліс

Тут можна пабачыць старую мэблю, карціны, посуд, гаспадарчае начыньне, швейныя і пральныя машынкі, мноства паштовак і кнігаў, статуэткі і гадзіньнікі, старэнькія тэлевізары і прымачы — наагул усё, што некалі знаходзілася ў гарадзенскіх дамах і кватэрах.

Адметнасьць ягонай экспазыцыі ў тым, што ў музэі — рэчы, якія сьведчаць аб быце гарадзенцаў яшчэ ў царскай Расеі, у часы Польшчы, акупацыі Горадні немцамі, у савецкія часы і да нашых дзён. Гэтымі днямі Паруліс падрыхтаваў Калядную выставу, дзе выстаўленыя цацкі і ўпрыгожваньні на елку францускіх, нямецкіх і іншых эўрапэйскіх фірмаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, якімі ў Горадні ўпрыгожвалі навагоднія ялінкі. Побач зь імі ляжаць і савецкія цацкі, і ўсё гэта можна параўнаць.

Калядная выстава

Калядная выстава

Аднак настрою ў гаспадара музэю няма, ён атрымаў чарговае паведамленьне аб арэнднай плаце за памяшканьне і проста хапаецца за галаву:

«Кожны год дабаўляюць аплату і зараз я атрымаў рахунак на 2 мільёны 400 тысяч рублёў. А мая пэнсія за месяц складае 2 мільёны 800 тысяч. У гэтым месяцы ў мяне была група салдатаў — 20 чалавек, але ж ня буду я ім прадаваць білеты, калі яны атрымліваюць па 50 тысяч у месяц. Было толькі некалькі наведвальнікаў, якія заплацілі».

Зьдзіўлена цікаўлюся ў Паруліса — няўжо дзяржава не дае ніякіх ільготаў па аплаце на ўтрыманьне музэя?

Паруліс: «Ніякіх ільготаў няма, ёсьць толькі абяцаньні, калі просяць, каб я некуды вывозіў экспазыцыю на выстаўку. Я гэта раблю, а іх абяцаньні застаюцца абяцаньнямі, горы наабяцаюць, а потым нікога зь іх ня знойдзеш. Нікому тут нічога непатрэбна, ім усё роўна».

Экспанаты музэя

Экспанаты музэя

Карэспандэнт: «А за кошт наведвальнікаў музэю ня можна выжыць, тут жа такая цікавая экспазыцыя?»

Паруліс: «У гарадзенскіх школах вывучаюць гісторыю горада і я хадзіў у РАНА, прапаноўваў свае паслугі, але ніводная гарадзенская кляса сюды так і не прыйшла. Былі аднойчы дзеці з Ласосна і яшчэ з Наваградка прыяжджалі, а больш нікому нічога не патрэбна. Праўда, пастаянна наведваюцца студэнты, яны пішуць навуковыя працы, бяруць у мяне матэрыялы. Турыстычныя фірмы таксама наведвальнікаў ня водзяць, толькі зрэдку, хаця я ўсім пакінуў свае кантакты».

Карэспандэнт: «А гарадзенцам музэй таксама нецікавы?

Паруліс: «Ня ходзяць сюды і гарадзенцы, я гэтаму вельмі зьдзіўляюся, чаму яны ня хочуць паглядзець, як жылі іх бацькі і дзяды. Тут жа ўсё толькі пра Горадню. Дарэчы былі расейцы амаль з усіх рэгіёнаў, нават з Варкуты. Эўрапейцы былі амаль з усіх краінаў, а беларусы ня ходзяць».

Карэспандэнт: «Значыцца, музэй папросту ня ўтрымаць?»

Паруліс: «Самае прыкрае, што даводзіцца прадаваць экспанаты, каб плаціць за арэнду. А цяпер кожны хоча купіць нешта лепшае, што магло б прыдасца для музэю, які мог бы некалі стаць гарадзкім. Я ж не зьбіраюся ўсё забраць з сабою і на той сьвет, няхай засталося б гораду, бо яшчэ гадоў дзесяць і падобных рэчаў ужо нідзе ня знойдзеш. У мяне толькі спадзеў на гарадзенцаў, якія пакінулі наш горад і жывуць за мяжой. Магчыма, зь іх нехта адгукнецца і падтрымае музэй фінансава — столькі цікавых і неабыякавых да гораду людзей зьехала, а многія не хацелі пакідаць Горадню. Хай бы яны адгукнуліся мне, каб захаваць у тым ліку і іх гісторыю».

Януш Паруліс

Януш Паруліс

На разьвітаньне, між іншым, Паруліс кажа, што ў доме, дзе месьціцца ягоны музэй, у 1949-50 гадах жыў вядомы пісьменьнік Аляксей Карпюк. А да вайны ў гэтым жа доме жыў вядомы біёляг, ганаровы грамадзянін Горадні Станіслаў Жыўна, які прывёз з Амэрыкі вялікую калекцыю матылькоў, прычым, многіх відаў ужо наагул няма ў прыродзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG