Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губарэвіч: Мы аб’ядноўваемся ня супраць Караткевіч 


Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

Ці можа стаць трывалай і сапраўды каштоўнаснай створаная шэрагам апазыцыйных партыяў правацэнтрысцкая кааліцыя? Чаму ў яе не ўвайшоў БНФ, ці можа да яе далучыцца кампанія «Гавары праўду»? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Цыганкоў: У сацыяльных сетках, сярод палітычна актыўных людзей інфармацыя пра ўтварэньне правацэнтрысцкай кааліцыі было сустрэтая зь вялікай доляй іроніі. Зараз у вас ёсьць магчымасьць патлумачыць важнасьць гэтай падзеі для пэрспэктываў дэмакратычных сілаў.

Губарэвіч: Сапраўды, існуе пэўная іронія адносна заяваў апазыцыі, асабліва калі мова ідзе пра стварэньне новай кааліцыі. Таму мы прынялі прынцыповае рашэньне: спачатку — дамовы, пасьля — канкрэтныя справы, і толькі пасьля гэтага мы пераходзім да агучваньня нейкіх аб’яднаньняў, калі яны атрымаюцца.

Мы прынялі прынцыповае рашэньне: спачатку — дамовы, пасьля — канкрэтныя справы, і толькі пасьля гэтага пераходзім да агучваньня аб’яднаньняў

Было пэўнае скажэньне ў падачы інфармацыі пра кааліцыю — яна не падпісвалася ў Брусэлі. Праца над ёй вялася больш за два месяцы ў Беларусі, мы сустракаліся па некалькі разоў на тыдзень. Сустрэчы адбываліся з удзелам прадстаўнікоў чатырох структураў — Рух «За Свабоду», БНФ, АГП і БХД. У Брусэлі адбыўся адзін з раўндаў нашых міжнародных перамоваў, і ў прысутнасьці прадстаўнікоў нашых партнэраў, Эўрапейскай Народнай партыі, была падпісана шырокая дамова аб каардынацыі нашай дзейнасьці. Мы лічым, што міжнародны накірунак на сёньня вельмі важны для нашай дзейнасьці ў Беларусі.

Цыганкоў: Пэўная іронія відавочна выкліканая ня толькі абставінамі падпісаньня, але і гістарычнымі паралелямі. За апошнія гады беларускія апазыцыйныя структуры стваралі шмат розных кааліцыяў, але мала якая зь іх жыла доўга. Ці варта спадзявацца, што новае аб’яднаньне чакае лепшы лёс?

Губарэвіч: Я спадзяюся, што мы і нашы калегі навучыліся рабіць высновы з гісторыі. На сёньня ёсьць добры грунт для кааліцыі — адзінства ў поглядах, правацэнтрысцкі характар усіх нашых партнэраў. Таксама ёсьць пэўны момант, які падштрурхоўвае да больш адказнага стаўленьня да аб’яднаньня — гэта міжнародная сытуацыя, размарозка адносінаў ЭЗ з Беларусьсю. Мы можам прыйсьці да таго, што рэжым Лукашэнкі застанецца адзіным рэальным удзельнікаў перамоваў з Эўразьвязам. Апазыцыя праз разьяднаньне дэманструе слабасьць, выключае сама сябе як суб’екта перамоваў. Але мы разумеем сваю адказнасьць, неабходнасьць уплываць на тое, што адбываецца паміж Эўропай і Менскам. У самой Эўропе неадназначныя падыходы, гучаць галасы, што нэўтральнай пазыцыі Лукашэнкі і вызваленьня палітвязьняў ужо дастаткова для прызнаньня яго партнэрам — без патрабаваньня істотных зьменаў.

Мы можам прыйсьці да таго, што рэжым Лукашэнкі застанецца адзіным рэальным удзельнікаў перамоваў з Эўразьвязам

Аб’яднаўшыся, мы ствараем магчымасьць для незалежнага грамадзтва быць пачутым. У перамовах з Лукашэнкам трэба выстаўляць патрабаваньні рэальных зьменаў у Беларусі.

Цыганкоў: Чаму відавочна правацэнтрысцкая партыя — БНФ — не ўвайшла ў кааліцыю, і наколькі мне вядома, пакуль не зьбіраецца гэта рабіць?

Губарэвіч: БНФ застаецца падпісантам базавага пагадненьня. Абсалютная большасьць пытаньняў і мэтаў, якія там адлюстраваныя, адпавядаюць праграме БНФ. Таму гэта добры грунт для нашай далейшай супольнай працы па накірунках, не зьвязаных з парлямэнцкай кампаніяй наступнага году.

Адзінае разыходжаньне, якое мы маем на сёньня — гэта фармаваньне агульнага сьпісу на парлямэнцкіх выбарах. Апошні Сойм БНФ пакуль выказаў жаданьне заняцца падрыхтоўкай пэрсанальнага сьпісу. Але БНФ пакінутая магчымасьць для супольнай працы па стварэньні агульнага сьпісу.

Цыганкоў: Аб’яднаньне паводле ідэйных каштоўнасьцяў мае і зваротны бок мэдаля. Калі вы вызначаеце правацэнтрысцкія каштоўнасьці — гэта азначае, што ў кааліцыю ня могуць увайсьці левыя, сацыял-дэмакратычныя партыі, якіх дастаткова шмат у Беларусі. Аднак гісторыя даказвае, што з аўтарытарызмам трэба змагацца супольна, аб’яднаўшы левых і правых.

З прэзыдэнцкай кампаніі дэмакратычныя сілы выйшлі разьяднанымі

Губарэвіч: Натуральна, што мы будзем вітаць любое аб’яднаньне і супрацу з іншымі палітычнымі сіламі, якія вызначаюць для сябе эўрапейскі выбар. Мы б нават хацелі, каб аб’яднаўчыя працэсы праходзілі і на левым флянгу. Каардынацыя паміж двума блёкамі толькі ўзмацніла б нашы агульныя пазыцыі ў Беларусі.

Цыганкоў: Юры Чавусаў у сваіх камэнтарах выказвае такую думку, што цяперашняе аб’яднаньне правацэнтрысцкіх сілаў мае галоўную мэту — дэзавуяваць Тацяну Караткевіч як галоўнага прадстаўніка дэмакратычных сілаў Беларусі.

Губарэвіч: Шчыра кажучы, гэта вельмі штучная прывязка. У сваіх перамовах мы ня ўзгадвалі чыньнік Караткевіч, мы ня лічым, што тут адбываецца нейкае суперніцтва, што яе наяўнасьць стварае нам нейкія праблемы для працы ў Беларусі ці на эўрапейскім накірунку.

На дадзеным этапе казаць пра магчымасьць далучэньня ГП да правацэнтрыскай кааліцыі не выпадае

На жаль, з прэзыдэнцкай кампаніі дэмакратычныя сілы выйшлі разьяднанымі. Да моманту стварэньня нашага блёку не было ніякіх аб’яднаўчых працэсаў паміж тымі структурамі, якія маюць хоць нейкую вагу ў Беларусі.

Цыганкоў: Як не было? Была кааліцыя «Народны рэфэрэндум», якая аб’ядноўвае Гавары праўду, Рух За Свабоду і БНФ. Але выбарчая кампанія вас разьвяла. Чаму людзі павінны верыць, што новая выбарчая кампанія не разваліць і вашу кааліцыю?

Губарэвіч: «Народны рэфэрэндум» дэ-факта распаўся яшчэ да прэзыдэнцкай кампаніі. Калі дэкляруюцца адныя мэты, а потым адна са структураў пачынае ісьці не ў нагу, і вырашае, што яна можа прысвоіць сабе вынікі супольнай працы — гэта стварае пэўную напружанасьць і вядзе да разбурэньня. Я думаю, удзельнікі новага аб’яднаньня засвоілі гэтыя ўрокі.

Цыганкоў: Калі ўявіць такую гіпатэтычную сытуацыю, што «Гавары праўду» падае заяўку на ўдзел у вашай кааліцыі — ці будзе яна туды прынята?

Губарэвіч: Ёсьць пэўныя крытэрыі, паводле якіх фармавалася кааліцыя. Перадусім — прызнаньне эўрапейскага выбару як асноўнай мэты нашай дзейнасьці. Па-другое, мы не дапускаем магчымасьці ўдзелу у працы дзяржаўных структураў — акрамя як трапляньня туды ў выніку свабодных і справядлівых выбараў. У гэтым мы разыходзімся з прадстаўнікамі ГП. Акрамя таго, ёсьць адсутнасьць узаемнага даверу. На дадзеным этапе казаць пра магчымасьць іхняга далучэньня да правацэнтрыскай кааліцыі не выпадае.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG