Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Македонія можа перайменавацца, каб залагодзіць Грэцыю 


Прэм'ер Македоніі Нікола Груеўскі
Прэм'ер Македоніі Нікола Груеўскі

Прэм’ер-міністар Македоніі Нікола Груеўскі дапусьціў магчымасьць вынясеньня на рэфэрэндум пытаньня аб зьмене назвы краіны.

У інтэрвію брытанскай газэце Guardian Груеўскі сказаў, што спадзяецца пакласьці канец шматгадовай лінгвістычнай спрэчцы з Грэцыяй, якая лічыць, што Македонія прысабечыла спрадвечна грэцкую назву паўночнага рэгіёну іх краіны. З моманту распаду Югаславіі Грэцыя пярэчыла супраць таго, каб суседняя балканская краіна насіла назву вядомай са старажытнасьці грэцкай правінцыі.


«Мы хацелі б як мага хутчэй пачаць з Грэцыяй дыялёг і знайсьці рашэньне гэтай праблемы. Калі ў нас атрымаецца — мы арганізуем рэфэрэндум і перадамо гэтае пытаньне на разгляд грамадзян», — сказаў Груеўскі ў інтэрвію брытанскай газеце Guardian.


Ён падкрэсьліў, што плебісцыт правядуць толькі ў выпадку, калі дыялёг з Грэцыяй будзе пасьпяховым і бакі знойдуць кампраміснае рашэньне. А народ павінен будзе проста падтрымаць гэтае рашэньне або адхіліць.

Спрэчка паміж Грэцыяй і Македоніяй з-за назвы працягваецца ад 1991 году. Пасьля выхаду паўднёвай часткі Югаславіі са складу краіны новая рэспубліка ўзяла назву Македонія, што выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю з боку Грэцыі.

Рэспубліка Македонія займае каля траціны тэрыторыі гістарычнай вобласьці Македонія. Практычна ўсю яе астатнюю частку кантралюе Грэцыя. У сувязі з гэтым грэкі лічаць, што правы на назву «Македонія» належаць ім.

Эўразьвяз паабяцаў Грэцыі, што прыме ў свой склад Македонію толькі пасьля таго, як краіны вырашаць свой канфлікт. У 2011 годзе Македонія выйграла ў Грэцыі ў Гааскім судзе, які пастанавіў, што Атэны не павінны замінаць яе ўступленьня ў ЭЗ. Аднак фактычна сытуацыя з тых часоў не зьмянілася, і ў склад Эўразьвязу Македонію так і не прынялі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG